Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Усе прызыўныя мерапрыемствы плянавыя». Што казалі беларускія ўлады пра мабілізацыю


Беларускія салдаты. Архіўнае фота
Беларускія салдаты. Архіўнае фота

13 кастрычніка «Нашай ніва» са спасылкай на свае ананімныя крыніцы паведаміла, што рашэньне аб мабілізацыі ў Беларусі нібыта прынятае і яна пройдзе пад выглядам праверкі баяздольнасьці.

Паводле крыніц «Нашай нівы», Аляксандар Лукашэнка нібыта прыняў рашэньне аб правядзеньні схаванай мабілізацыі ў Беларусі для даўкамплектацыі баявых частак, якая будзе ісьці пад выглядам праверкі баяздольнасьці. На першым этапе яна нібыта ня будзе закранаць вялікіх гарадоў, мабілізоўваць будуць найперш сельскае насельніцтва.

«У бліжэйшай пэрспэктыве ніякіх мерапрыемстваў па мабілізацыі не прадбачыцца», заявіў БЕЛТА ваенны камісар Берасьцейскай вобласьці Алег Канавалаў. Ён выступіў з заявай пасьля зьяўленьня інфармацыі аб тайнай мабілізацыі, якая нібыта вядзецца ў краіне.

Свабода сабрала, што казалі ўлады пра магчымую мабілізацыю ў Беларусі за апошнія месяцы расейскай ваеннай агрэсіі супраць Украіны, якую Беларусь падтрымала, даўшы сваю тэрыторыю, аэрадромы і палігоны для атакі на Ўкраіну, але не паслаўшы сваіх салдатаў на вайну.

Вальфовіч: «Мы і так мабілізаваныя»

Дзяржаўны сакратар Савету бясьпекі Аляксандар Вальфовіч 13 кастрычніка на сустрэчы з работнікамі ААТ «Беларуськалію» паведаміў, што ніякай мабілізацыі ў Беларусі не плянуецца. Гэтая заява стала самай сьвежай з шэрагу выказваньняў беларускага кіраўніцтва на тэму магчымай мабілізацыі, пасьля таго як у Расеі пачалі прызыў рэзэрвістаў на вайну з Украінай.

«Цяпер у нас пачынаецца плянавы восеньскі прызыў. Адпраўляйце сваіх дзяцей, каб яны маральна мацнелі, набраліся досьведу, самастойнасьці, памужнелі. Армія, якая сёньня ў нас існуе, — невялікая, кампактная. Яна адна з самых невялікіх на постсавецкай прасторы ў колькасным складзе. І яна прызначана для таго, каб лякалізаваць тыя ваенныя пагрозы, рызыкі, выклікі, якія сёньня зыходзяць ад нашых, на жаль, суседзяў», — сказаў Аляксандар Вальфовіч.

Ён таксама адзначыў ніякай мабілізацыі ў Беларусі не плянуецца, усе прызыўныя мерапрыемствы плянавыя.

Аляксандар Вальфовіч гаварыў на гэтую тэму і 29 верасьня.

«Мабілізацыя — гэта не пра нас, мы і так мабілізаваныя. І гатовыя даць адпор тымі сіламі і сродкамі, якія для гэтага прызначаныя: тым сілавым блёкам, тым складам мірнага часу, які сёньня выконвае задачы па абароне сваёй краіны», — сказаў Аляксандар Вальфовіч.

Лукашэнка: «Ніякай мабілізацый у Беларусі ня будзе»

23 верасьня, на трэці дзень пасьля абвяшчэньня мабілізацыі ў Расеі, на гэтую тэму выказаўся Аляксандар Лукашэнка. Лукашэнка заявіў тады, што «ніякай мабілізацый у Беларусі ня будзе».

«Гэтая мабілізацыя ў Расеі. Тое, што на нас спрабуюць перакінуць гэты масток, што будзе і ў нас... А калі ня будзе? Гэта вас, прапагандыстаў, перацерлі б. А ім за гэта нічога ня будзе. Ім трэба стварыць сытуацыю. За нешта ўчапіцца. Ня будзе ніякай мабілізацыі. Гэта хлусьня», — цытавала Лукашэнку БелТА.

Мінабароны: можам прызваць 500 тысяч чалавек

Пры гэтым 7 кастрычніка міністар абароны Беларусі Віктар Хрэнін заявіў, што краіна пры неабходнасьці можа выставіць рэсурс у 500 тысяч вайсковабавязаных, паведаміла прэс-служба Мінабароны.

Міністар абароны Беларусі Віктар Хрэнін, каментуючы ход падрыхтоўкі вайскоўцаў запасу Ўзброеных сіл, заявіў, што «мабілізацыйныя зборы з вайскоўцамі запасу носяць пастаянны характар, за апошнія 20 гадоў праз мабілізацыйныя зборы прайшлі 130 тысяч чалавек».

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG