Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аналітык Павел Мацукевіч: «Чорны лебедзь» зноў праляціць міма Лукашэнкі


Аляксандар Лукашэнка на сустрэчы з Уладзімірам Пуціным у Крамлі, 11 сакавіка 2022 г.
Аляксандар Лукашэнка на сустрэчы з Уладзімірам Пуціным у Крамлі, 11 сакавіка 2022 г.

Ці вытрымае эканамічная мадэль Лукашэнкі цяперашнія жорсткія санкцыі? Наколькі рэжым залежыць ад эканомікі? І ці застанецца Лукашэнка на пасадзе пасьля вайны? Пра гэта і пра іншае ў размове са Свабодай разважае старшы аналітык Цэнтру новых ідэй Павел Мацукевіч.

Сьцісла

  • Рэжыму ўжо 28 гадоў, ён жыў у розных санкцыйных умовах, апошнія — самыя жорсткія, але гэта не азначае яго канец.
  • Эканамічны і фінансавы крызіс магчымы, пытаньне толькі ў часе. Але ніякія эканамічныя праблемы не паўплываюць на лёс рэжыму — Лукашэнка застанецца.
  • У Беларусі пры любым зыходзе вайны — адзін варыянт горшы за іншы, бо на сёньняшні дзень яна выступае на баку агрэсара.
  • Беларусь застанецца там, дзе яна была, з расейскімі войскамі на сваёй тэрыторыі і з функцыямі каўбасна-трактарнага цэху для Расеі, які працуе на патрэбы Расейскай Фэдэрацыі — вырабляе, зьбірае, пастаўляе, абслугоўвае.
  • Мы знаходзімся ў стане краіны, якая ня мае кантролю за сваімі зьнешне- і ўнутрыпалітычнымі рашэньнямі, краіны, чый сувэрэнітэт абмежаваны прысутнасьцю замежных войскаў, якія мы ня можам выдаліць са сваёй тэрыторыі.
  • Намэнклятура ў 2020 годзе трымала нос па ветры, які дзьмуў з Масквы. І калі яны ўлавілі ў тым ветры пах падтрымкі Крамлём Лукашэнкі, з гэтага моманту пераварот ці зьмена ўлады былі ўжо ў прынцыпе немагчымыя.
  • Калі Лукашэнка зь яго магутным інстынктам выжываньня адчуе, што Пуцін сапраўды аслабеў, ён першы пераменіць бок і паспрабуе даражэй прадаць сваю падтрымку іншаму лягеру.
  • Трэба паспрабаваць зазірнуць у заўтрашні дзень і быць гатовымі да таго, што Лукашэнкі можа раптоўна ня стаць, і ведаць, што мы будзем рабіць тады.

— Раней вы ня раз крытыкавалі заходнія эканамічныя санкцыі супраць рэжыму ў Менску. Пасьля далучэньня Беларусі да расейскай агрэсіі супраць Украіны санкцыі сталі яшчэ больш жорсткімі. Ці вытрымае, на вашу думку, гэтыя санкцыі эканамічная мадэль Лукашэнкі?

— Цяжка сказаць, у чым гэтая мадэль заключалася. Тут шмат супярэчнасьцяў і адмаўленьняў уласных сьцьвярджэньняў.

Напрыклад, у Беларусі забароненая прыватная ўласнасьць на зямлю, але ў некаторых выпадках асобным указам замежным бізнэсмэнам ці інвэстарам зямля ва ўласнасьць перадавалася. Існуе бясплатная мэдыцына, але складана атрымаць мэдычныя паслугі сапраўды бясплатна. Бясплатная адукацыя, але ўсе бацькі школьнікаў ведаюць і на сваім бюджэце адчуваюць гэтую «бясплатнасьць», калі за свае грошы робяць рамонт у школах.

Павел Мацукевіч
Павел Мацукевіч

Так ці іначай, улады самі зьнішчылі гэтую мадэль у 2020 годзе, калі адмовіліся прыняць выбар народу. Бо было зразумела, што будуць санкцыі, што Беларусь пазбавіцца супрацоўніцтва зь міжнароднымі партнэрамі, найперш заходнімі. А для экспартнай беларускай эканомікі гэта азначала страту рынкаў. Страціўшы даходы, прадпрыемствы трацяць і магчымасьць цягнуць на сабе сацыяльныя абавязаньні.

Дарэчы, паводле стану на пачатак 2020 году ніводзін з кандыдатаў на пасаду прэзыдэнта ня ставіў пад сумненьне як сацыяльна-эканамічную мадэль, так і зьнешнюю палітыку. Так, гаворка ішла пра тое, каб актывізаваць бізнэс, лібэралізаваць беларускі рынак. Але, у прынцыпе, улады Беларусі з 2016 году па 2020-ы ішлі ў гэтым кірунку. Пытаньне было толькі ў хуткасьці, кагосьці не задавальняла хуткасьць гэтых працэсаў.

Таму пытаньне трэба ставіць так: ці перажыве Лукашэнка гэтыя санкцыі?

«Лукашэнка застанецца пры любым раскладзе»

— Дык ці перажыве? Наколькі моцна, на вашу думку, лёс рэжыму ў Беларусі зьвязаны з эканомікай? Агулам вядома, што дыктатарскія рэжымы могуць вельмі доўга існаваць ва ўмовах стагнацыі. Дый эканамісты кажуць, што дэфолту ў Беларусі сёлета чакаць ня варта. Што вы думаеце пра пэрспэктывы рэжыму Лукашэнкі ва ўмовах санкцый?

— Я думаю, што эканамічны і фінансавы крызіс магчымы, пытаньне толькі ў часе. Але ніякія эканамічныя праблемы не паўплываюць на лёс рэжыму. Лукашэнка застанецца. Рынкі трацяцца, прадпрыемствы могуць закрывацца, людзі будуць траціць працу, а рэжым у Беларусі застанецца.

Пра гэта сьведчыць і замежны вопыт, пра які вы кажаце. Дастаткова паглядзець на Вэнэсуэлу, дзе інфляцыя мае шасьцізначныя лічбы ў працэнтах, дзе грошы прымаюцца на вагу. Вядома, усе аналёгіі дастаткова ўмоўныя, у нас свая сытуацыя. Гэтаму рэжыму ўжо 28 гадоў, ён жыў у розных санкцыйных умовах, апошнія — самыя жорсткія, але гэта не азначае канец рэжыму.

«Вынік вайны ва Ўкраіне нічога не мяняе для рэжыму ў Беларусі»

— Тым ня менш, гэтаму рэжыму дапамогу заўсёды аказвала Расея. У жніўні 2020 году рэжым таксама зрабіў усе стаўкі на Маскву. Але цяпер Расея сама пад наймацнейшымі ў гісторыі чалавецтва санкцыямі і ў стане вайны. Давайце паспрабуем спрагназаваць пэрспэктывы Аляксандра Лукашэнкі ў залежнасьці ад зыходу вайны. Аналітыкі згаджаюцца, што ёсьць тры магчымыя варыянты яе заканчэньня: перамога Расеі, перамога Ўкраіны і замарожаны канфлікт зь лініяй фронту і пераменным посьпехам кожнага з бакоў. Што чакае Беларусь?

— Ва ўсёй гэтай гісторыі мяне найперш цікавіць лёс Беларусі. Бо Лукашэнка застанецца так ці іначай. Зь іншага боку, беручы пад увагу ягоны ўзрост, зразумела, што гэта яго апошнія гастролі, але яны могуць зацягнуцца на 5 ці 10 гадоў.

У Беларусі пры любым зыходзе вайны — варыянты адзін горшы за іншы, бо на сёньняшні дзень Беларусь выступае на баку агрэсара, практычна зьяўляецца суагрэсарам.

Мне цяжка ўявіць, што сабой можа ўяўляць параза Расеі ў гэтай вайне. Магчыма, гаворка ідзе пра сыход яе войскаў з тэрыторыі Ўкраіны. У гэтым выпадку Беларусь застанецца там, дзе яна была, з расейскімі войскамі на сваёй тэрыторыі і з функцыямі каўбасна-трактарнага цэху для Расеі. Нейкі такі куточак, які працуе на патрэбы Расейскай Фэдэрацыі — вырабляе, зьбірае, пастаўляе, абслугоўвае.

Калі ўявіць сабе нейкую мадэль перамогі Расеі, то роля, у прынцыпе, застаецца тая самая. Бо ў гэтай вайне Расеі супраць Украіны (ці Расеі супраць Захаду) беларускіх інтарэсаў ад пачатку не было, пра іх не заяўлялася ва ўльтыматыўных патрабаваньнях Крамля да Захаду, не прасочваюцца яны і цяпер. Тут Беларусі адводзіцца тая ж роля. Ня бачу добрага варыянту.

Калі ўявіць сабе перамогу Ўкраіны, вывад расейскіх войскаў, мы застанёмся там жа, дзе знаходзімся — у яшчэ больш сумным эканамічным і фінансавым становішчы.

«Улады Беларусі не кантралююць сытуацыю на сваёй тэрыторыі»

— Вы згодныя са сьцьвярджэньнем, што Беларусь цяпер акупаваная?

— Гэтая акупацыя з пункту гледжаньня ўладаў зьяўляецца добраахвотным актам. Мы знаходзімся ў стане краіны, якая ня мае кантролю за сваімі зьнешне- і ўнутрыпалітычнымі рашэньнямі, краіны, чый сувэрэнітэт абмежаваны прысутнасьцю замежных войскаў, якія мы ня можам выдаліць са сваёй тэрыторыі.

Калі сёньня ўявіць сабе, што ўлады Беларусі нейкім цудам заяўляюць, што больш ня хочуць удзельнічаць у гэтым канфлікце і патрабуюць вываду расейскіх войскаў са сваёй тэрыторыі, — хутчэй за ўсё, гэтыя войскі наўрад ці сыдуць. Гэта азначае, што мы краіна, якая не кантралюе сытуацыю на сваёй тэрыторыі.

Гэта вельмі добра паказаў апошні месяц — улады Беларусі сапраўды не кантралююць сытуацыю на сваёй тэрыторыі. Расейскія войскі перасякаюць беларуска-ўкраінскую мяжу тады, калі ім гэта трэба, вядуць абстрэлы ўкраінскай тэрыторыі, а ўлады Беларусі даведваюцца пра гэта з навінаў і з данясеньняў уласнай выведкі.

«Магчыма, сам Пуцін вырашыў ня ўводзіць войскі Беларусі ва Ўкраіну»

— Пакуль што армія Беларусі не ўвайшла на тэрыторыю Ўкраіны і не пачала баявыя дзеяньні супраць украінскай арміі. Ці ня можа быць пасьля вайны помста з боку Пуціна за гэта?

— Я думаю, што гэта якраз рашэньне Пуціна — пакуль ня ўводзіць беларускія часткі на тэрыторыю Ўкраіны. Магчыма, гэта зьвязана з разуменьнем беларускай сытуацыі.

Выглядае, што ў Крамлі адчуваюць гэтае палітычнае напружаньне ў беларускім грамадзтве адносна магчымага ўдзелу ўзброеных сіл Беларусі ў канфлікце. Бо калі ў Расеі, як мы бачым, вайна быццам бы падтрымліваецца насельніцтвам, то ў Беларусі грамадзтва абсалютна адназначна мае да вайны адмоўнае стаўленьне — супраць вайны выступае 97% насельніцтва.

Удзел беларускіх вайскоўцаў у вайне ва Ўкраіне, на мой погляд, можа паслужыць фактарам дэстабілізацыі становішча. Калі такое адбудзецца, то Маскве давядзецца адцягваць увагу на гэтую дэстабілізацыю. Гэта можа парушыць забесьпячэньне расейскіх войскаў, іх знаходжаньне на беларускай тэрыторыі. Патэнцыйна гэта можа стварыць, калі хочаце, другі фронт для Расеі — нейкую крызісную сытуацыю, якая можа нават запатрабаваць адцягваньня вайсковых сіл для яе ўрэгуляваньня.

«Прарасейская намэнклятура ўжо можа не дазволіць Беларусі пайсьці сваім шляхам»

— Беларусы апошнія 150–170 гадоў заўсёды бралі прыклад з Украіны і ўкраінцаў. Скажам, у ХІХ стагодзьдзі выйшла ўкраінская «Энэіда», а неўзабаве зьявілася і беларуская. Стварылі ўкраінцы ў 1917 годзе Ўкраінскую Народную Рэспубліку, усьлед за гэтым у 1918 годзе ўзьнікла БНР. У 2014 годзе ўкраінцы паказалі стойкасьць, нацыянальную салідарнасьць і адзеліся ў вышыванкі. У наступным годзе і беларусы адзеліся ў вышыванкі, а ў краіне пачалося ажыўленьне грамадзка-палітычнага працэсу, які прывёў да падзей 2020 году. Я таксама чуў вэрсію, што заява Пуціна пра падрыхтоўку рэзэрву Нацыянальнай гвардыі для ўмяшаньня ў сытуацыю ў Беларусі ў жніўні 2020 году прызначалася найперш для намэнклятуры Беларусі, якая тады магла падтрымаць пратэст, але гэтага не зрабіла, бо зразумела, на чыім баку будзе Масква. Ці можа цяперашняя вайна, стойкасьць украінцаў і іх новы імідж у сьвеце стаць трыгерам для беларусаў і нейкіх новых працэсаў у беларускім грамадзтве?

— Складана сказаць. Вось вы гаворыце пра гістарычны вопыт. УНР дамаглася міжнароднага прызнаньня, а БНР спрабавала таксама, але не змагла. Былі прызнаньні дэ-факта, але дэ-юрэ — не. Тым ня менш, па вялікім гамбурскім рахунку, і Ўкраіна, і Беларусь аказаліся ў складзе СССР і выйшлі зь яго толькі ў 1991 годзе.

Цяпер Украіна паспрабавала плысьці свабодна, заявіла пра свае правы мець самастойную зьнешнюю палітыку і самой вызначаць свой лёс і свой шлях, і мы бачым, што вынік, у прынцыпе, адзін і той жа. Толькі што ў Беларусі не ідзе вайна, але стаяць расейскія войскі, а ва Ўкраіне стаяць расейскія войскі і вядуць вайну з Украінай, прычым вайну на выжываньне, вельмі жорсткую, якую цяжка было сабе ўявіць.

Што тычыцца трыгера... Ніхто ня мог прадказаць 2020 год, але ён здарыўся. Я ня ведаю, калі здарыцца наступны пад’ём, але ён здарыцца. Думаю, нам да яго трэба рыхтавацца.

Так, мы нічога не змаглі зрабіць з Лукашэнкам у 2020 годзе, нічога ня можам зрабіць зь ім цяпер, і санкцыі, у прынцыпе, бясьсільныя, толькі робяць наша жыцьцё больш складаным і зрабілі існаваньне Беларусі больш праблемным, але ў любым выпадку, як я ўжо сказаў, гэта апошнія гастролі Лукашэнкі, і трэба паспрабаваць зазірнуць у заўтрашні дзень і быць гатовымі да таго, што Лукашэнкі можа раптоўна ня стаць, і ведаць, што мы будзем рабіць тады.

Вы згадалі пра беларускую намэнклятуру і той сыгнал з расейскай Нацыянальнай гвардыяй. Я таксама думаю, што пераменаў у Беларусі не адбылося, бо намэнклятура трымала нос па ветры, які дзьмуў з Масквы. І калі яны ўлавілі ў тым ветры пах падтрымкі Крамлём Аляксандра Лукашэнкі, з гэтага моманту пераварот ці зьмена ўлады былі ўжо ў прынцыпе немагчымыя.

Так і цяпер. Гэта вялікае пытаньне — Беларусь без Лукашэнкі? Пытаньне стаіць так — ці можа Беларусь абраць свой шлях і пайсьці ім, зыходзячы з таго, што намэнклятура Беларусі настолькі залежыць ад Расеі і абавязаная ёй сваім паходжаньнем, адукацыяй, уладкаваньнем і г. д.

— Калі ня стане Пуціна — гэта зьменіць нешта ў лёсе Лукашэнкі?

— Я думаю, што ў Расеі павінна прынцыпова зьмяніцца сыстэма. Тут трэба лавіць момант.

Я думаю, што Лукашэнка зь яго магутным інстынктам выжываньня, калі адчуе, што Пуцін сапраўды аслабеў, першы зробіць «фінт вушамі», пераменіць бок і паспрабуе чым даражэй прадаць сваю падтрымку ўжо іншаму лягеру. Я ў гэтым абсалютна перакананы. Інстынкт самазахаваньня трымае яго разам з Расеяй, якая, па сутнасьці, і прывяла яго да ўлады і падтрымлівала ўсе гэтыя гады, а ён плаціў ёй тым жа.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG