Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ваенная апэрацыя Расеі правалілася: Масква гатовая да кампрамісу. Першыя вынікі перамоваў у Стамбуле


Прэзыдэнт Турэччыны Рэджэп Эрдаган вітае дэлегацыі Расеі і Ўкраіны на перамовах у Стамбуле 29 сакавіка 2022
Прэзыдэнт Турэччыны Рэджэп Эрдаган вітае дэлегацыі Расеі і Ўкраіны на перамовах у Стамбуле 29 сакавіка 2022

Першы дзень перамоваў паміж дэлегацыямі Расеі і Ўкраіны ў Стамбуле паказвае, што бакі як ніколі блізкія да кампрамісу.

Сьцісла:

  • Нэўтральны статус Украіны і яе адмова ад уступленьня ў NATO можа стаць асновай для мірнай дамовы.
  • Расея не пярэчыць уступленьню Ўкраіны ў Эўразьвяз, яна зьмірылася зь незваротнасьцю яе руху на Захад.
  • Ідэя зацьвердзіць нэўтральны статус на рэфэрэндуме можа патапіць само пагадненьне.
  • Другі спрэчны пункт — пытаньне пра Крым і Данбас.

Пытаньне, у якім Кіеў і Масква блізкія да паразуменьня, — гэта нэўтральны статус Украіны і яе адмова ад уступленьня ў NATO.

Недапушчэньне сяброўства Ўкраіны ў Паўночнаатлянтычным альянсе было абвешчана адной з задач вайны Расеі. Гатоўнасьць Кіева да кампрамісу ў гэтым пытаньні — прынцыповая саступка зь ягонага боку.

Але яна абстаўлена важнымі ўмовамі. Гарантам бясьпекі становіцца Рада бясьпекі ААН, а таксама шэраг вядучых дзяржаваў.

Затым, Расея не пярэчыць уступленьню Ўкраіны ў Эўразьвяз. Нагадаю, што другі Майдан, «рэвалюцыя годнасьці», захоп Расеяй Крыму і Данбасу здарыліся з тае прычыны, што РФ была катэгарычна супраць падпісаньня Кіевам Пагадненьня аб асацыяцыі Ўкраіны і ЭЗ. Цяпер Масква нібыта ня супраць ня проста асацыяцыі Ўкраіны з ЭЗ, а нават яе паўнавартаснага ўступленьня ў Эўразьвяз. То бок Крэмль пагаджаецца з тым, што Расея страціла кантроль над Украінай і зьмірылася зь незваротнасьцю яе руху на Захад, інтэграцыяй у эўрапейскія структуры. А як пісаў Зьбігнеў Бжэзінскі, «без Украіны Расея перастае быць імпэрыяй». Важны вынік шматгадовага змаганьня Ўкраіны за сваю сапраўдную незалежнасьць.

Рашэньне аб нэўтральным статусе Ўкраіны павінна быць зацьверджана на рэфэрэндуме. Нагадаю, што курс краіны на ўступленьне ў NATO зафіксаваны ва ўкраінскай Канстытуцыі. Таму патрэбныя будуць і канстытуцыйныя зьмены.

Аднак ідэя зацьвердзіць гэты нэўтральны статус на рэфэрэндуме можа патапіць само пагадненьне. Бо, па-першае, як правесьці рэфэрэндум ва ўмовах вайны, частковай акупацыі краіны? Да таго ж некалькі мільёнаў украінцаў выехалі за мяжу.

Па-другое, атрымліваецца, што спачатку Расея павінна спыніць вайну, вывесьці свае войскі, і толькі потым можа праводзіцца ўкраінскі рэфэрэндум. А калі народ на рэфэрэндуме скажа «не» нэўтральнаму статусу Ўкраіны, то як выходзіць з гэтай сытуацыі? Бо мірная дамова, якая прадугледжвае вывад расейскіх войскаў, будзе падпісаная цяпер, а рэфэрэндум — празь нейкі час.

Другі спрэчны пункт — гэта пытаньне пра Крым і Данбас. Расея настойвае, каб Кіеў адмовіўся ад гэтых рэгіёнаў, прызнаў Крым расейскім, а ДНР і ЛНР — незалежнымі дзяржавамі. Украіна згодная падпісаць дамову аб гарантыі таго, што ня будзе вяртаць гэтыя тэрыторыі ваеннай сілай. Розьніца вялікая.

Цяпер відавочна, што Масква гатовая да кампрамісу. Бо ваенная апэрацыя правалілася. Кожны дзень вайны наносіць цяжкія страты войску і эканоміцы Расеі. Як вынік, моцна зьмянілася рыторыка расейскіх афіцыйных асобаў. На пачатку вайны расейскае кіраўніцтва заяўляла пра намер зрынуць уладу Ўкраіны і ўсталяваць кантроль над усёй краінай цалкам. Цяпер пра гэта забылі, ужо не вядзецца гаворка пра «дэмілітарызацыю» і «дэнацыфікацыю» Ўкраіны, пры прыцягненьне да адказнасьці ўкраінскіх палітыкаў.

Зьявіўшыся нарэшце на інфармацыйным экране, міністар абароны РФ Сяргей Шайгу заявіў, што галоўная мэта «спэцапэрацыі» ва Ўкраіне — вызваленьне Данбасу. Намесьнік міністра абароны Расеі Аляксандар Фамін абвясьціў пра рашэньне Масквы «кардынальна скараціць баявыя дзеяньні на кіеўскім і чарнігаўскім кірунках». Амэрыканская выведка ўжо назірае адвод часткі расейскіх войскаў ад Кіева.

Шлях да мірнай дамовы будзе цяжкі, але яна выглядае цалкам рэальнай. Турэцкая зямля аказалася больш спрыяльнай для паразуменьня перамоўнікаў, чым беларуская.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG