Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ва Ўкраіне папярэджваюць пра «катастрафічныя наступствы» ад пажараў паблізу ЧАЭС. Дым ідзе ў бок Беларусі. ФОТА


Спадарожнікавы здымак, які паказвае пажар каля ЧАЭС у непасрэднай блізкасьці да Рудога лесу, 28 сакавіка
Спадарожнікавы здымак, які паказвае пажар каля ЧАЭС у непасрэднай блізкасьці да Рудога лесу, 28 сакавіка

Ва Ўкраіне ў зоне адчужэньня і каля самой Чарнобыльскай АЭС з 11 сакавіка пэрыядычна ўзьнікаюць ачагі ўзгараньня, якія часам ператвараюцца ў вялікія па плошчы пажары.

На фатаздымку са спадарожніка, які зроблены 28 сакавіка ў 12.40 менскага часу, відаць як мінімум два асяродкі ўзгараньня непадалёк Рудога лесу — так называюць лес у радыюсе 10 км² ад Чарнобыльскай АЭС, на які ў 1986 годзе выпала найбольш радыяактыўнага пылу.

Графіка, якая паказвае пажар каля ЧАЭС у непасрэднай блізкасьці да Рудога лесу, 28 сакавіка
Графіка, якая паказвае пажар каля ЧАЭС у непасрэднай блізкасьці да Рудога лесу, 28 сакавіка

Прычына гэтага ўзгараньня невядомая, але па характары гарэньня падобна да падпалу сухой травы. Як бачна на здымку, вецер зносіў радыяактыўны дым у кірунку Брагінскага раёну Гомельскай вобласьці.

Таксама невядома, ці патушылі гэты пажар сёньня, 29 сакавіка.

У Міністэрстве аховы навакольнага асяродзьдзя і прыродных рэсурсаў Украіны заяўлялі, што чатыры дні таму зафіксавалі ў чарнобыльскай зоне 35 пажараў з павышэньнем радыяцыйнага фону.

Спэцыялісты сьцьвярджаюць, што такая колькасьць пажараў у сакавіку нехарактэрная для гэтага пэрыяду году і выкліканая менавіта баявымі дзеяньнямі, якія расейскія войскі працягваюць у гэтым рэгіёне з 24 лютага, і зьвязаным зь імі перасоўваньнем вайсковай тэхнікі.

Дзяржаўная служба Ўкраіны па надзвычайных сытуацыях паведаміла, што назапашваньне вайсковага арсэналу ў чарнобыльскай зоне становіць асаблівую небясьпеку.

«Ужо цяпер можна сказаць, што ў такіх умовах любы пажар у чарнобыльскіх лясах мае ўсе шанцы перарасьці ў маштабны пажар з катастрафічнымі наступствамі. Сытуацыю можна ахарактарызаваць як сядзеньне на бочцы з порахам, бо тушыць агонь на акупаваных тэрыторыях ня тое што праблематычна, але ўвогуле немагчыма», — заявілі ўкраінскія ратавальнікі.

Апошні раз маштабныя пажары ў зоне адчужэньня былі ў 2020 годзе. Тады, як падкрэсьлілі ў Дзяржаўнай службе Ўкраіны па надзвычайных сытуацыях, паратункам сталі самаадданая праца ўкраінскіх пажарных, авіяцыя і дождж. Тады выгарала большая частка Рудога лесу.

«Сёньняшнія ўмовы не дазваляюць залучыць ні асабовы склад, ні авіяцыю. А пра дождж будуць маліцца грамадзяне Беларусі, калі радыяактыўны агонь дасягне іхнай мяжы, зь якой яны запускаюць ракеты па Ўкраіне. Таму ратавальнікі падтрымліваюць патрабаваньне тэрмінова дэмілітарызаваць зону адчужэньня Чарнобыльскай АЭС і ўвесьці туды спэцыяльную місію ААН, якая зробіць немагчымым выкарыстаньне зоны расейскімі войскамі», — заявілі ўкраінскія ратавальнікі.

28 сакавіка віцэ-прэм’ер-міністар Украіны Ірына Верашчук заявіла, што Ўкраіна патрабуе ад Рады бясьпекі ААН тэрмінова зрабіць захады для дэмілітарызацыі зоны адчужэньня Чарнобыльскай АЭС і ўвесьці туды спэцыяльную місію ААН.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG