Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Улады Польшчы «павысяць боегатоўнасьць» і будуць высьвятляць «прычыны выбуху»

Скрыншот з відэа, апублікаванага Radio Zet. 15 лістапада 2022-га
Скрыншот з відэа, апублікаванага Radio Zet. 15 лістапада 2022-га

Улады Польшчы прынялі рашэньне павысіць баявую гатоўнасьць некаторых вайсковых частак на тэрыторыі краіны. Пра гэта заявіў прэс-сакратар польскага ўраду Пётр Мюлер на прэс-канфэрэнцыі пасьля тэрміновага пасяджэньня камітэту Рады міністраў у пытаньнях нацыянальнай бясьпекі і абароны.

Ён пацьвердзіў выбух на тэрыторыі Польшчы, у выніку якога загінулі 2 чалавекі, і сказаў, што прычыны выбуху высьвятляюцца.

Прэзыдэнт Польшчы абмеркаваў выбухі на ўсходзе краіны з генсакратаром NATO і магчымасьць выкарыстаньня 4-га артыкула NATO аб кансультацыях, заявіў кіраўнік Бюро нацыянальнай бясьпекі.

Раней польскія мэдыі і агенцтва Associated Press паведамілі, што на тэрыторыі Польшчы, непадалёк ад мяжы з Украінай, у аўторак упалі дзьве ракеты. Паводле папярэдніх зьвестак, загінулі два чалавекі. Гэтыя зьвесткі не былі пацьверджаны афіцыйнымі крыніцамі.

«У сувязі з крызыснай сытуацыяй» прэм'ер-міністр Маравецкі па ўзгадненьні з прэзыдэнтам Дудам распарадзіўся склікаць Бюро нацыянальнай бясьпекі з членамі Камітэту нацыянальнай бяспекі і абароны.

Агенцтва Reuters перадавала, што Пэнтагон пакуль не гатовы пацьвердзіць зьвесткі аб дзьвюх расейскіх ракетах, якія заляцелі на тэрыторыю Польшчы.

Рэакцыі на выбухі

  • ​«Адносна навінаў з Польшчы сёньняшняй ноччу пра як мінімум два выбухі. Мы падтрымліваем цесныя кантакты з польскімі сябрамі. Літва моцна салідарная з Польшчай. Кожны сантымэтар тэрыторыі NATO павінен быць абаронены!», — напісаў у Твітэры прэзыдэнт Літвы Гітанас Наўседа.
  • «Мае спачуваньні нашым польскім братам па зброі. Злачынны расейскі рэжым выпусьціў ракеты, якія цэліліся ня толькі па цывільных украінцах, але і ўпалі на тэрыторыю NATO ў Польшчы. Латвія цалкам падтрымлівае польскіх сяброў і асуджае гэтае злачынства», — напісаў у Твітэры міністар абароны Латвіі Артыс Пабрыкс.
  • «Сёньняшнія масіраваныя ракетныя ўдары расейскай арміі па Ўкраіне яскрава паказваюць, што Расея хоча тэрарызаваць украінскі народ і працягваць разбураць краіну, – напісаў у Твітэры кіраўнік ураду Чэхіі Пэтр Фіяла. – Калі Польшча пацьвердзіць, што ракеты трапілі і па яе тэрыторыі, гэта будзе чарговая эскаляцыя з боку Расеі. Мы цьвёрда стаім за нашым саюзьнікам у ЭЗ і NATO».
  • «Апошнія навіны з Польшчы хвалююць больш за ўсё. Мы цесна кансультуемся з Польшчай і іншымі саюзьнікамі. Эстонія гатовая абараняць кожны сантымэтар тэрыторыі NATO. Мы цалкам салідарныя з нашым блізкім саюзьнікам Польшчай», – напісаў МЗС Эстоніі ў Твітэры.
  • «Сёньня здарылася тое, пра што мы папярэджвалі даўно. Тэрор не абмяжоўваецца нашымі нацыянальнымі межамі. Расейскія ракеты ўдарылі па Польшчы», — сказаў прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі ў сваім вячэрнім звароце. — Біць ракетамі па тэрыторыю NATO. Гэта расейскі ракетны ўдар па калектыўнай бясьпецы! Гэта вельмі істотная эскаляцыя. Трэба дзейнічаць».
  • Украіна выказвае поўную салідарнасьць з Польшчай і гатова аказаць ёй любую неабходную падтрымку, заявіў міністар замежных спраў Дзьмітро Кулеба. «Калектыўны адказ на дзеяньні Расеі павінен быць жорсткім і прынцыповым. Сярод такіх неадкладных дзеяньняў: саміт NATO з удзелам Украіны для выпрацоўкі далейшых сумесных дзеяньняў, якія прымусяць Расею зьмяніць курс эскаляцыі, а таксама прадастаўленьне Ўкраіне сучасных зьнішчальнікаў, такіх як F-15 і F-16, а таксама сыстэмы супрацьпаветранай абароны», пералічыў ён.
  • Міністар абароны Славакіі Яра Над заявіў: «Вельмі занепакоены расейскімі ракетамі, якія ўпалі на Польшчу. Расея павінна растлумачыць, што здарылася. Неабходна неадкладна спыніць бессэнсоўныя напады на інфраструктуру. Неразважлівасьць Расеі выходзіць з-пад кантролю».
  • Лідэрка дэмакратычных сіл Беларусі Сьвятлана Ціханоўская таксама адрэагавала на падзеньне расейскіх ракет у Польшчы: «Устрывожаная апошнімі навінамі аб гібелі двух чалавек у Польшчы ў выніку расейскай агрэсіі ва Ўкраіне. Мае думкі з сем'ямі ахвяраў. Эўропа сядзіць на парахавой бочцы, маючы за суседзяў двух злачынных дыктатараў — Пуціна і Лукашэнку», — напісала яна ў Twitter.
  • Міністэрства абароны Расеі назвала паведамленьні аб падзеньні расейскіх ракет на тэрыторыі Польшчы «наўмыснай правакацыяй у мэтах эскаляцыі абстаноўкі». «Ніякіх удараў па цэлях каля ўкраінска-польскай дзяржаўнай мяжы расейскімі сродкамі паражэньня не наносілася. Апублікаваныя па гарачых сьлядах польскімі СМІ зь месца здарэньня ў населеным пункце Пшаводаў абломкі ня маюць ніякага дачыненьня да расейскіх сродкаў паражэньня», — гаворыцца ў паведамленьні ведамства.

15 лістапада Расея нанесла адзін з самых маштабных з пачатку вайны ракетных удараў па Ўкраіне. Было выпушчана каля 100 ракет. У тым ліку ўдары наносіліся па цэлях у Львоўскай вобласьці, якая мяжуе з Польшчай.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
  • 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
  • З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
  • Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Тэмы гэтага артыкулу
XS
SM
MD
LG