Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украінскія сьледчыя ідэнтыфікавалі прынамсі 18 расейскіх вайскоўцаў, якія адпраўлялі з Мазыра скрадзенае ў Бучы


Расейскія салдаты ў паштовым адзьдзяленьні СДЭК
Расейскія салдаты ў паштовым адзьдзяленьні СДЭК

Расейцы выкралі ва ўкраінцаў ня менш як 58 тон рэчаў. У адной з пасылак былі шліфавальная машынка Vega V6-1050, бэнзапіла Stihl, параачышчальнік Karcher, ноўтбук Lenovo, блендэр Bosch, набор рондляў, каўнік, шэсьць вудаў і два сьпінінгі.

Сьледчыя Нацыянальнай паліцыі Ўкраіны ідэнтыфікавалі прынамсі 18 расейскіх вайскоўцаў, якія рабавалі дамы ўкраінцаў у Бучы і Бучанскім раёне Кіеўскай вобласьці і потым адпраўлялі выкрадзеныя рэчы ў пасылках дадому з мазырскага аддзяленьня экспрэс-пошты СДЭК.

Гэта вынікае з двух судовых рашэньняў, апублікаваных у Дзяржаўным рэестры Ўкраіны аб завочным арышце яшчэ чатырох падазраваных — двух вайскоўцаў Фэдэральнай службы войскаў нацыянальнай гвардыі, і па адным з 46-га кулямётна-артылерыйскага полку, які нібыта дысьлякаваўся ў паселішчы Лагуннае Паўднёва-Курыльскага раёну Сахалінскай вобласьці, і 56-га гвардзейскага дэсантна-штурмавога данскога казачага полку з дысьлякацыяй у Феадосіі (анэксаваны Расеяй Крым).

Абвешчаны міжнародны вышук усіх гэтых расейскіх вайскоўцаў. Іх абвінавачваюць у парушэньні законаў і звычаяў вайны згодна з ч.1 арт. 438 Крымінальнага кодэксу Ўкраіны. Злачынства караецца пазбаўленьнем волі ад 8 да 12 гадоў.

Што было ў пасылках

  • Згодна з матэрыяламі крымінальнай справы, адзін з нацыянальных гвардзейцаў адправіў пасылку вагою 60 кіляграмаў у Бірабіджан. У пасылцы былі шліфавальная машынка Vega V6-1050, бэнзапіла Stihl, параачышчальнік Karcher, ноўтбук Lenovo, блендэр Bosch, набор рондляў, каўнік, шэсьць вудаў і два сьпінінгі.
  • Другі расейскі нацыянальны гвардзеец адправіў 20-кіляграмовую пасылку ў Маскву. У ёй былі: электрычны гэблік Sturm, шліфавальная машынка «Зенит», сеткавы дрыль «Дніпро», пляншэт Samsung, электрапіла, генэратар Sturm, дзьве бэнзапілы Einhell, адзеньне, касмэтыка, матрац двухспальны, ноўтбук Lenovo.
  • Вайсковец з 46-га кулямётна-артылерыйскага полку адправіў пасылку вагою 3,8 кіляграма ў горад Рубцоўск Алтайскага краю. У ёй былі мэталяшукальнік Gareth Ace 250, бэнзапіла Husqvarna 64, пляншэт Lenovo, машынка стрыгчы, аўтамабільны тэлевізар, прылада заточваць інструмэнты.
  • Вайсковец з 56-га гвардзейскага дэсантна-штурмавога данскога казацкага полку адправіў у Рубцоўск Алтайскага краю найбольшую пасылку — яна важыла 150 кіляграмаў і ўтрымлівала: пляншэт Apple iPad 10.2, пляту да кампутара MSI Z270-A PRO, відэакарту да кампутара Gigabyte Geforce GTX1080, пляту ASRock FM2A55H-D6S, блёк сілкаваньня да кампутара Chieftec, працэсар Intel Core76700K, гульнёвую прыстаўку Sony Play Station 4 Slim 1TB і кантролеры да яе, тачку двухколавую Forte, LED-УФ лямпу для пазногцяў Global Fashion 36W Power 15 Leds, прас для валасоў Grunhelm GHC-722T, музычную калёнку Divoom Voombox Outdoor, машынку стрыгчы валасы Panasonic ER-GB60-k, шліфавальную машынку Forte AG-8-125, набор інструмэнтаў Haisser, акумулятарную зашрубку Forte CDL1215-2B2, зварачны апарат Kaiser MMA-300 HomeLine, жаночую дублёнку з натуральнага футра, два газавыя побытавыя балёны Novogas, прылады заточваць інструмэнты Forte CD-120 і "Forte CT3-3100, шматпрофільны інструмэнт Multi Tool Forte MG 17218.

Гэтыя рэчы расейскія вайскоўцы выкралі з дамоў жыхароў вёскі Бліставіца Бучанскага раёну Кіеўскай вобласьці.

Расейцы выкралі ў украінцаў ня менш як 58 тон рэчаў

Сёлета ў траўні СМІ паведамлялі, што расейская кур’ерская служба дастаўкі СДЭК за час вайны ва Ўкраіне адгрузіла з пунктаў адпраўкі паблізу ўкраінскай мяжы ня менш як 58 тон пасылак. Іх адпраўлялі людзі ў вайсковай форме — расейскія вайскоўцы або вайскоўцы сэпаратысцкіх утварэньняў на ўсходзе Ўкраіны.

Пік адгрузак прыпаў на пачатак красавіка — менавіта тады расейскія войскі адступалі з Кіеўскай вобласьці і з поўначы Ўкраіны. Украінскія сьледчыя ідэнтыфікуюць датычных да рабаваньня расейскіх вайскоўцаў на падставе відэаматэрыялаў, апублікаваных у СМІ.

У красавіку ўкраінскія сьледчыя назвалі адно прозьвішча нібыта расейскага вайскоўца, які адпраўляў пасылку з аддзяленьня СДЭК у Мазыры і меў дачыненьне да расстрэлу мірных жыхароў Бучы. Ім выявіўся мазыранін Сяргей Калацэй, які запэўніваў, што ён грамадзянін Беларусі, і зьняпраўджваў агучаныя сьледзтвам абвінавачаньні. У жніўні стала вядома, што праваахоўныя органы паўторна правяраюць факт службы Сяргея Калацэя ў расейскіх войсках.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў.
  • Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка даў інтэрвію расейскай прапагандыстцы Вользе Скабеевай, зь якога вынікала, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 1 жніўня Лукашэнка сказаў, што больш як палова тактычнай ядзернай зброі, якую заплянавана разьмясьціць на беларускай тэрыторыі, ужо «завезена і разгрупавана» па краіне. Ён ня раз заяўляў, што ўжыве ядзерную зброю ў выпадку агрэсіі супраць Беларусі.
  • У чэрвені 2023 году ўкраінскія войскі пачалі контранаступальныя апэрацыі на ўсходзе і поўдні краіны. Расейскія войскі падрыхтавалі добра ўмацаваныя лініі абароны, таму прасоўваньне контранаступу ішло са значнымі стратамі.
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы правялі некалькі масавых абстрэлаў украінскіх гарадоў, у Дніпры, Кіеве, Харкаве і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстраляў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG