З адпаведным хадайніцтвам у суд зьвярнуліся сьледчыя, якія зьбіраюць доказы вінаватасьці Сяргея Калацэя.
Сьледчыя матывавалі мэтазгоднасьць падаўжэньня тэрмінаў расьсьледаваньня справы неабходнасьцю сабраць дадатковыя доказы службы Сяргея Калацэя ў Нацыянальнай гвардыі Расеі. У прыватнасьці, сьледчыя хочуць знайсьці фота- і відэаматэрыялы, якія пацьвярджаюць факт ягонай службы ў Расеі, а таксама вызначыць мэту ягонага знаходжаньня ў карэльскім горадзе Нільмігуба і ці было гэта зьвязана зь ягонай службай у расейскіх войсках ці іншых вайсковых фармаваньнях Расеі.
Апроч таго, сьледчыя паведамілі суду, што для завяршэньня расьсьледаваньня справы неабходна дакладна вызначыць ідэнтыфікацыйныя зьвесткі асобы, на адрас якой Сяргей Калацэй адпраўляў пасылку і ці была пасылка, адпраўленая пасьля выхаду расейскіх войскаў з Кіеўскай вобласьці, адзінай, якую ён адправіў гэтаму адрасату.
Сьледчыя маюць намер вызначыць кола сваякоў і блізкіх да Калацэя асобаў, а таксама нумары тэлефонаў, якімі ён мог карыстацца ў часе свайго знаходжаньня ва Ўкраіне.
Апроч таго, сьледзтва хоча залучыць у якасьці сьведкаў двух супрацоўнікаў Мазырскага нафтаперапрацоўчага заводу, каб пацьвердзіць або зьняпраўдзіць факт працы Калацэя на гэтым прадпрыемстве.
Адначасова сьледзтва хоча завяршыць ідэнтыфікацыю асобаў, якія разам з Калацэям адпраўлялі пасылкі з Мазыра ў Расеі, і правесьці экспэртызу голасу падазраванага на падставе ягонага інтэрвію. Што праўда, сьледчыя не ўдакладняюць, ад якога СМІ яны атрымалі гэты запіс.
У межах расьсьледаваньня сьледчыя таксама хочуць праверыць на паліграфе паказаньні аднаго са сьведкаў.
Што папярэднічала
Справу ў дачыненьні да Сяргея Калацэя завялі трэцяга красавіка паводле ч. 1 і 2 артыкула 438 Крымінальнага кодэксу Ўкраіны — «Парушэньне законаў і звычаяў вайны, якое заключаецца ў жорсткім стаўленьні да цывільных, аб’яднаных з наўмысным забойствам». Гэта караецца пазбаўленьнем волі на 10–15 гадоў або пажыцьцёвым зьняволеньнем.
Мазыраніна ідэнтыфікавалі па відэазапісах з мазырскага аддзяленьня СДЭК, апублікаваных у красавіку, на якіх Сяргей Калацэй пакаваў для адпраўленьня пасылку.
Паводле сьледзтва, 18 сакавіка на мяжы вуліц Назарыя Ярамчука і Яблунскай у горадзе Буча Кіеўскай вобласьці Сяргей Калацэй застрэліў па чарзе чатырох грамадзян Украіны.
Сьледзтва накіравала Сяргею Калацэю тэкст падазрэньня 2 траўня праз мэсэнджары Telegram і WhatsApp. Сьледчыя шэсьць разоў выклікалі беларуса на допыт, а пасьля таго, як ён не зьявіўся, суд ухваліў рашэньне аб ягоным завочным арышце і абвясьціў у вышук.
Сяргей Калацэй ад пачатку адмаўляе сваю віну, як і той факт, што нядаўна наведваў Украіну. Па словах Калацэя, ён мае толькі беларускі пашпарт і апошні час знаходзіўся ў Беларусі. У матэрыялах справы яго называюць грамадзянінам Расеі.
У траўні тагачасная генэральная пракурорка Ўкраіны Ірына Венядзіктава заяўляла, што сьледчыя сабралі бясспрэчныя доказы аб датычнасьці да расстрэлу чатырох жыхароў Бучы ў Кіеўскай вобласьці, у тым ліку беларуса Сяргея Калацэя.
19 ліпеня Вярхоўная рада Ўкраіны адправіла Ірыну Венядзіктаву ў адстаўку, а 28 ліпеня новым кіраўніком пракуратуры стаў Андрэй Косьцін. Ён быў выбраны ў Вярхоўную Раду Ўкраіны ад праўладнай партыі «Слуга народу» і да прызначэньня працаваў кіраўніком парлямэнцкага камітэту прававой палітыкі.
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
- 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
- З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
- Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.
Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.