Сьледчыя Нацыянальнай паліцыі Ўкраіны ідэнтыфікавалі прынамсі 18 расейскіх вайскоўцаў, якія рабавалі дамы ўкраінцаў у Бучы і Бучанскім раёне Кіеўскай вобласьці і потым адпраўлялі выкрадзеныя рэчы ў пасылках дадому з мазырскага аддзяленьня экспрэс-пошты СДЭК.
Гэта вынікае з двух судовых рашэньняў, апублікаваных у Дзяржаўным рэестры Ўкраіны аб завочным арышце яшчэ чатырох падазраваных — двух вайскоўцаў Фэдэральнай службы войскаў нацыянальнай гвардыі, і па адным з 46-га кулямётна-артылерыйскага полку, які нібыта дысьлякаваўся ў паселішчы Лагуннае Паўднёва-Курыльскага раёну Сахалінскай вобласьці, і 56-га гвардзейскага дэсантна-штурмавога данскога казачага полку з дысьлякацыяй у Феадосіі (анэксаваны Расеяй Крым).
Абвешчаны міжнародны вышук усіх гэтых расейскіх вайскоўцаў. Іх абвінавачваюць у парушэньні законаў і звычаяў вайны згодна з ч.1 арт. 438 Крымінальнага кодэксу Ўкраіны. Злачынства караецца пазбаўленьнем волі ад 8 да 12 гадоў.
Што было ў пасылках
- Згодна з матэрыяламі крымінальнай справы, адзін з нацыянальных гвардзейцаў адправіў пасылку вагою 60 кіляграмаў у Бірабіджан. У пасылцы былі шліфавальная машынка Vega V6-1050, бэнзапіла Stihl, параачышчальнік Karcher, ноўтбук Lenovo, блендэр Bosch, набор рондляў, каўнік, шэсьць вудаў і два сьпінінгі.
- Другі расейскі нацыянальны гвардзеец адправіў 20-кіляграмовую пасылку ў Маскву. У ёй былі: электрычны гэблік Sturm, шліфавальная машынка «Зенит», сеткавы дрыль «Дніпро», пляншэт Samsung, электрапіла, генэратар Sturm, дзьве бэнзапілы Einhell, адзеньне, касмэтыка, матрац двухспальны, ноўтбук Lenovo.
- Вайсковец з 46-га кулямётна-артылерыйскага полку адправіў пасылку вагою 3,8 кіляграма ў горад Рубцоўск Алтайскага краю. У ёй былі мэталяшукальнік Gareth Ace 250, бэнзапіла Husqvarna 64, пляншэт Lenovo, машынка стрыгчы, аўтамабільны тэлевізар, прылада заточваць інструмэнты.
- Вайсковец з 56-га гвардзейскага дэсантна-штурмавога данскога казацкага полку адправіў у Рубцоўск Алтайскага краю найбольшую пасылку — яна важыла 150 кіляграмаў і ўтрымлівала: пляншэт Apple iPad 10.2, пляту да кампутара MSI Z270-A PRO, відэакарту да кампутара Gigabyte Geforce GTX1080, пляту ASRock FM2A55H-D6S, блёк сілкаваньня да кампутара Chieftec, працэсар Intel Core76700K, гульнёвую прыстаўку Sony Play Station 4 Slim 1TB і кантролеры да яе, тачку двухколавую Forte, LED-УФ лямпу для пазногцяў Global Fashion 36W Power 15 Leds, прас для валасоў Grunhelm GHC-722T, музычную калёнку Divoom Voombox Outdoor, машынку стрыгчы валасы Panasonic ER-GB60-k, шліфавальную машынку Forte AG-8-125, набор інструмэнтаў Haisser, акумулятарную зашрубку Forte CDL1215-2B2, зварачны апарат Kaiser MMA-300 HomeLine, жаночую дублёнку з натуральнага футра, два газавыя побытавыя балёны Novogas, прылады заточваць інструмэнты Forte CD-120 і "Forte CT3-3100, шматпрофільны інструмэнт Multi Tool Forte MG 17218.
Гэтыя рэчы расейскія вайскоўцы выкралі з дамоў жыхароў вёскі Бліставіца Бучанскага раёну Кіеўскай вобласьці.
Расейцы выкралі ў украінцаў ня менш як 58 тон рэчаў
Сёлета ў траўні СМІ паведамлялі, што расейская кур’ерская служба дастаўкі СДЭК за час вайны ва Ўкраіне адгрузіла з пунктаў адпраўкі паблізу ўкраінскай мяжы ня менш як 58 тон пасылак. Іх адпраўлялі людзі ў вайсковай форме — расейскія вайскоўцы або вайскоўцы сэпаратысцкіх утварэньняў на ўсходзе Ўкраіны.
Пік адгрузак прыпаў на пачатак красавіка — менавіта тады расейскія войскі адступалі з Кіеўскай вобласьці і з поўначы Ўкраіны. Украінскія сьледчыя ідэнтыфікуюць датычных да рабаваньня расейскіх вайскоўцаў на падставе відэаматэрыялаў, апублікаваных у СМІ.
У красавіку ўкраінскія сьледчыя назвалі адно прозьвішча нібыта расейскага вайскоўца, які адпраўляў пасылку з аддзяленьня СДЭК у Мазыры і меў дачыненьне да расстрэлу мірных жыхароў Бучы. Ім выявіўся мазыранін Сяргей Калацэй, які запэўніваў, што ён грамадзянін Беларусі, і зьняпраўджваў агучаныя сьледзтвам абвінавачаньні. У жніўні стала вядома, што праваахоўныя органы паўторна правяраюць факт службы Сяргея Калацэя ў расейскіх войсках.
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
- 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
- З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
- Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.
Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.