У Расеі на вайну ва Ўкраіне мабілізаваныя 318 тысяч чалавек, 49 тысяч зь іх ужо знаходзяцца ў зоне баявых дзеяньняў, астатнія пакуль праходзяць падрыхтоўку.
Пра гэта заявіў прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін падчас размовы з валянтэрамі на Краснай плошчы ў Маскве. Раней міністар абароны Сяргей Шайгу паведамляў, што на фронт зьехалі 87 тысяч мабілізаваных.
Паводле пляну ў рамках мабілізацыі на вайну павінны былі прызваць 300 тысяч расейцаў. «Чаму 318? Таму што добраахвотнікі. Колькасьць добраахвотнікаў — яна не скарачаецца», — растлумачыў Пуцін. Сёньня ён падпісаў закон аб добраахвотніцкіх фармаваньнях.
Таксама Пуцін падпісаў закон, паводле якога на вайну ва Ўкраіне могуць быць мабілізаваныя грамадзяне з нязьнятай або непагашанай судзімасьцю за цяжкія злачынствы. Закон ня тычыцца асоб, асуджаных, сярод іншага, за пэдафілію, тэрарызм, экстрэмізм, дзяржздраду і арганізацыю незаконнага ўзброенага фармаваньня. Раней паведамлялася пра вярбоўку зьняволеных у так званую «ЧВК Вагнэра».
Расея ўварвалася ва Ўкраіну 24 лютага 2022 году. У канцы верасьня прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін абвясьціў мабілізацыю насельніцтва на вайну ва Ўкраіне і падпісаў адпаведны ўказ. Паводле пляну спачатку павінны былі прызваць 300 тысяч рэзэрвістаў.
Празь месяц міністар абароны Сяргей Шайгу паведаміў Пуціну аб выкананьні пляну мабілізацыі. Указу аб яе завяршэньні няма. Таксама Шайгу заявіў, што дадатковы прызыў не плянуецца — войскі будуць камплектавацца за кошт кантрактнікаў і добраахвотнікаў.
Выданьне «Вёрстка» са спасылкай на крыніцы сьцьвярджае, што другая хваля мабілізацыі расейцаў на вайну ва Ўкраіне можа пачацца адразу пасьля Новага году.