«Што да Беларусі, то гэта тая вобласьць, за якой мы працягваем уважліва назіраць. У нас у гэты момант няма ніякіх сьведчаньняў, якія паказваюць на патэнцыйныя і няўхільныя ваенныя дзеяньні на гэтым кірунку, але мы працягнем уважліва сачыць за гэтым і ў будучыні», — сказаў Патрык Райдэр у адказ на пытаньне, ці паводле зьвестак Пэнтагону, існуе якая-небудзь рэальная пагроза наступу на Ўкраіну зь беларускай тэрыторыі.
Пытаньне аб магчымым удзеле Беларусі ў вайне ва Ўкраіне, а таксама аб іранскіх бесьпілётніках, якія, як сьцьвярджае ўкраінскі бок, Расея перакінула ў Беларусь, задалі і каардынатару стратэгічных камунікацый у Радзе нацыянальнай бясьпекі Джону Кірбі.
«Беларусь, безумоўна, аказала матэрыяльную, маральную і адчувальную падтрымку расейскаму ўварваньню ва Ўкраіну», — адзначыў Кірбі і растлумачыў, што Беларусь на працягу ўсёй вайны служыла базай для расейскіх войскаў, аказваючы ім матэрыяльна-тэхнічную і дапаможную падтрымку.
«Пры гэтым мы ня бачылі, каб беларускія войскі сапраўды ваявалі ва Ўкраіне», — дадаў ён.
Джон Кірбі адзначыў, што ЗША ўважліва сочаць за разгортваньнем рэгіянальнай групоўкі групы войскаў Беларусі і Расеі.
«Мы ня бачым іх гатоўнасьці зрабіць наступны крок. Гэта не азначае, што мы прымяншаем іх падтрымку (Расеі і Беларусі), і, вядома, мы асуджаем яе. Але мы ня бачым ніякіх прыкмет таго, што Беларусь гатова ўвайсьці ва Ўкраіну і ваяваць», — адзначыў Кірбі.
Камэнтуючы інфармацыю аб іранскіх дронах, Джон Кірбі сказаў, што няма ніякіх сьведчаньняў таго, што Беларусь мае дачыненьне да перадачы, навучаньня або эксплуатацыі гэтых бесьпілётнікаў.
Нядаўна сьпікер Галоўнага ўпраўленьня выведкі Міністэрства абароны Ўкраіны Андрэй Юсаў заявіў, што Расея перавезла ў Беларусь 32 дроны-камікадзэ іранскай вытворчасьці і да 14 кастрычніка плянуе завезьці яшчэ восем такіх бесьпілётнікаў.
10 кастрычніка ў Генштабе Ўзброеных сіл Украіны паведамілі пра атакаваньне ўкраінскай тэрыторыі дронамі, запушчанымі зь Беларусі і акупаваных паўднёвых тэрыторый Украіны. Супрацьпаветраныя сілы зьбілі на паўночным кірунку 9 дронаў тыпу «Shahed-136».
13 кастрычніка «Наша ніва», спасылаючыся на ўласныя крыніцы, апублічыла інфармацыю, што ў Беларусі пройдзе схаваная мабілізацыя.
Па інфармацыі выданьня, рашэньне аб схаванай мабілізацыі прынятае Аляксандрам Лукашэнкам. «Яна будзе ісьці пад выглядам праверкі баяздольнасьці. На першым этапе яна не будзе закранаць вялікія гарады, мабілізоўваць будуць найперш сельскае насельніцтва. Даўкамплектацыя баявых частак робіць сцэнар эскаляцыі на мяжы Беларусі з Украінай імаверным», — пісала «Наша ніва».
Разам з тым, Аляксандр Лукашэнка і міністар абароны Віктар Хрэнін неаднаразова заяўлялі, што мабілізацыі ў Беларусі ня будзе.
З розных гарадоў Беларусі Свабода атрымлівае паведамленьні пра вайсковыя зборы, выклікі ў ваенкамат, праверку зьвестак пра вайсковаабавязаных на прадпрыемствах і арганізацыях.
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
- 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
- З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
- Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.
Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.