Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Усім мэдыкам, апроч сына, уклеілі ў вайсковыя білеты мабілізацыйныя прадпісаньні». Што адбываецца на фоне чутак пра мабілізацыю ў Беларусі


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Чытачы Свабоды распавялі, што апошнімі днямі ваенкаматы «узяліся» за мэдыкаў — лекараў, мэдсясьцёр, санітарак. Іх выклікаюць у ваенкаматы, просяць прынесьці на працу ваенныя білеты «для зьверкі». Прычым такі загад тычыцца нават тых мэдыкаў, якія ў дэкрэтным адпачынку.

«Сын працуе ў звычайнай дзяржаўнай паліклініцы. На працы загадалі ўсім прынесьці вайсковыя білеты. Туды мэдыкам уклеілі мабілізацыйныя прадпісаньні. Патлумачылі, куды яны мусяць прыбыць у выпадку мабілізацыі. Цікава, што майго сына прызналі непрыдатным, без тлумачэньня, і яму не далі мабілізацыйнае прадпісаньне. Хоць ён цалкам здаровы. Хутчэй за ўсё, таму што ў 2020 годзе ён прыцягваўся па 23.34», — распавяла жыхарка аднаго з абласных цэнтраў.

«Сястра працуе ў дзіцячым абласным шпіталі ў Гомелі. Раней іх выклікалі ў ваенкамат, распавялі, куды яны мусяць прыбыць у выпадку мабілізацыі. Хто — у ваенкамат, хто — у адміністрацыю раёна, у залежнасьці ад рэгістрацыі. Пазьней на працы ў шпіталі сказалі ўсім вайсковаабавязаным прынесьці вайсковыя білеты „для зьверкі“. Такое адчуваньне, што гэта не да дабра», — распавёў чытач Свабоды.

Мабілізацыйнае прадпісаньне — дакумэнт, які абавязвае пры абвяшчэньні мабілізацыі без дадатковых позваў прыбыць у вызначаны тэрмін у пэўнае месца збору. Мабілізацыйныя прадпісаньні звычайна выдае ваенкамат.

13 кастрычніка «Наша ніва», спасылаючыся на ўласныя крыніцы, апублічыла інфармацыю, што ў Беларусі пройдзе схаваная мабілізацыя

Па інфармацыі выданьня, рашэньне аб схаванай мабілізацыі прынятае Аляксандрам Лукашэнкам. «Яна будзе ісьці пад выглядам праверкі баяздольнасьці. На першым этапе яна не будзе закранаць вялікія гарады, мабілізоўваць будуць найперш сельскае насельніцтва. Даўкамплектацыя баявых часьцей робіць сцэнар эскаляцыі на мяжы Беларусі з Украінай імаверным», — пісала «Наша ніва».

Разам з тым, Аляксандр Лукашэнка і міністар абароны Віктар Хрэнін неаднаразова заяўлялі, што мабілізацыі ў Беларусі ня будзе.

З розных гарадоў Беларусі Свабода атрымлівае паведамленьні пра вайсковыя зборы, выклікі ў ваенкамат, праверку зьвестак пра вайсковаабавязаных на прадпрыемствах і арганізацыях.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG