Лінкі ўнівэрсальнага доступу

New York Times: Расея перакінула з Сырыі ва Ўкраіну комплекс С-300 і больш за тысячу вайскоўцаў


Расейскі зэнітна-ракетны комплекс С-300. Архіўнае фота
Расейскі зэнітна-ракетны комплекс С-300. Архіўнае фота

Расея перакінула з Сырыі ва Ўкраіну сыстэму СПА С-300 і больш за тысячу вайскоўцаў.

Пра гэта паведамляе The New York Times з спасылкай на тры высокапастаўленыя крыніцы на Блізкім Усходзе — двух заходніх дыпляматаў і ізраільскага вайскоўца.

Ва Ўкраіне расейскія войскі выкарыстоўваюць комплексы С-300 у тым ліку для ўдараў па наземных цэлях. У прыватнасьці, гэта адбывалася ў першыя дні інтэнсіўных ракетных удараў, якія пачаліся 10 кастрычніка.

Як зазначае выданьне, вывад С-300 і часткі расейскіх войскаў можа паўплываць на дзеяньні Ізраіля. Крыніцы лічаць, што яго адмова пастаўляць зброю ўкраінскай арміі, у прыватнасьці, зьвязана з асьцярогамі, што расейцы змогуць прымяніць С-300 супраць ізраільскіх самалётаў у Сырыі. Яшчэ адна прычына — асьцярогі, што Расея пачне перашкаджаць выезду грамадзян Ізраіля.

Таксама дзьве крыніцы NYT гавораць аб адпраўцы ва Ўкраіну з Сырыі двух батальёнаў (1200–1600 чалавек) адна сьцьвярджае, што гаворка ідзе пра значна большую колькасьць вайскоўцаў. Акрамя таго, ва Ўкраіну адправіліся некалькі камандзіраў, якія служылі ў Сырыі, у той час як расейскае ваеннае кіраўніцтва ў Маскве стала менш уцягнутым у паўсядзённае кіраваньне апэрацыямі там, у тым ліку каардынацыю зь ізраільцянамі. Паміж расейскім і ізраільскім штабамі наладжана закрытая сувязь — гэта адбылося пасьля таго, як у 2018 годзе сірыйскія сілы СПА зьбілі расейскі ваенны самалёт, прыняўшы яго за ізраільскі.

Ізраільскія вайскоўцы не жадаюць, каб каардынацыя з расейскімі войскамі спынілася.

19 кастрычніка міністар абароны Ізраілю Бэні Ганц заявіў, што паставак СПА і ізраільскай зброі ва Ўкраіну ня будзе. Пры гэтым NYT адзначае, што Ізраіль аказвае УСУ іншую дапамогу — напрыклад, дае інфармацыю аб іранскіх дронах-камікадзэ Shahed-136, якія расейская армія выкарыстоўвае для нападу на аб’екты энэргетычнай інфраструктуры Ўкраіны.

Акрамя таго, паводле NYT, Украіна перадала Ізраілю дэталі зьбітых дронаў. Іх вывучэньне можа дапамагчы УСУ ў барацьбе зь бесьпілётнікамі. 20 кастрычніка выданьне The Washington Post напісала, што ўкраінцы з той жа мэтай перадалі дэталі Shahed-136 ЗША.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG