Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь адмаўляецца ад значнай часткі падатковага сувэрэнітэту, — эканаміст Крук


Здаьыча нафты ў Ханты-Мансійскай аўтаномнай акрузе Расеі
Здаьыча нафты ў Ханты-Мансійскай аўтаномнай акрузе Расеі

Расейцы цяпер могуць атрымаць доступ да ўсёй падатковай базы, з усімі падаткаплатнікамі Беларусі.

Беларускі эканаміст Зьміцер Крук аналізуе падпісаны Беларусьсю і Расеяй дакумэнт аб «агульных прынцыпах падаткаабкладаньня», тлумачыць, за колькі мільёнаў быў аддадзены Маскве беларускі падатковы сувэрэнітэт, і заяўляе, што нават у эканамічным сэнсе Расея становіцца для Беларусі якарам, які цягне на дно.

Сьцісла:

  • Расейцы цяпер могуць атрымаць доступ да ўсёй падатковай базы, з усімі падаткаплатнікамі Беларусі — юрыдычнымі асобамі.
  • Катэгорыямі падатковага сувэрэнітэту ва ўрадзе ня мысьляць, а калі і мысьляць, то ня ўголас.
  • Беларусь цяпер ня мае права самастойна мяняць стаўкі падаткаў.
  • Улады Беларусі кіруюцца толькі кароткачасовымі мэтамі, і ў гэтым сэнсе прывязка да Расеі, на іхную думку, выконвае функцыю стабілізатара.

— Міністры фінансаў Беларусі і Расеі падпісалі дамову аб агульных прынцыпах падаткаабкладаньня па ўскосных падатках. Тым самым, як заявіў прэм’ер-міністар Беларусі Галоўчанка, была разьвязана даўняя праблема «падатковага манэўру». Магчыма, многія ўжо забылі, што гэта за праблема і што на практыцы азначае гэтае рашэньне?

— Пра гэты падпісаны дакумэнт мы можам гаварыць даволі канкрэтна, бо праект быў выкладзены на сайце расейскага ўраду. Сама праблема «падатковага манэўру» зводзіцца да наступнага. Цана сырой нафты Расеі з кожным годам становіцца ўсё вышэйшай, бо туды ўключаюцца адпаведныя падаткі, а экспартныя мыты пры гэтым зьніжаюцца. Для Беларусі, якая рабіла бізнэс на тым, што «ўваходная» цана нафты была значна ніжэйшай за рынкавую, такое падвышэньне цаны азначала істотныя праблемы, бо з такой дынамікай ужо ў 2024 годзе Беларусь будзе купляць расейскую нафту па рынкавай цане.

Гэтую зьмену абставінаў беларускія ўлады сталі трактаваць як патэнцыйныя страты і, падпісваючы дамову аб уступленьні ў Эўразійскі саюз, агаварылі, што цэны на нафту не павінны ў адносным вымярэньні зьмяняцца. Так што гісторыя гэта пачалася яшчэ ў пачатку 2020 году, калі ў выніку канфлікту нават на пэўны час прыпыняліся пастаўкі расейскай нафты ў Беларусь.

Да чаго бакі прыйшлі ў гэтым падпісаным пагадненьні? Па-першае, Беларусь дэ-факта адмаўляецца ад значнай часткі падатковага сувэрэнітэту. Страчваецца поле для манэўру ў акцызах і падатку на даданую вартасьць (ПДВ). І гэта вельмі важна, бо ПДВ — гэта самы важны і эфэктыўны падатак, які хутка можа напаўняць бюджэт.

Па-другое, важныя зьмены ў мэханізму кантролю за падатковай інфармацыяй. У падпісаных дакумэнтах ёсьць асобны разьдзел, прысьвечаны так званай «інтэграванай сыстэме адміністраваньня ўскосных падаткаў». Для разуменьня я параўнаў бы гэта з відэаназіраньнем. Фактычна праз гэтую сыстэму расейцы могуць атрымаць доступ да ўсёй падатковай базы, сачыць за ўсімі падаткаплатнікамі Беларусі — юрыдычнымі асобамі. І гэта доступ да эканамічнай інфармацыі, якая мае стратэгічны характар.

— Чаму тады Галоўчанка заяўляе, што «расейскі бок пайшоў пайшоў насустрач і праблема вырашана»? Чым выклікана такое задавальненьне?

— Бо цяпер Беларусь дадаткова атрымлівае ў выніку гэтых дамоўленасьцяў пры цяперашніх цэнах на расейскую нафту прыблізна 40 мільёнаў даляраў на месяц, каля 500 мільёнаў даляраў на год. Для ўраду і пэрсанальна Галоўчанкі, відаць, зараз гэта галоўнае, — бо катэгорыямі падатковага сувэрэнітэту яны не мысьляць, а калі і мысьляць, то ня ўголас. Іх непакоіць, каб ствараўся той самы «вал», каб працавалі нафтаперапрацоўчыя заводы. А якія гэта нясе стратэгічныя наступствы для краіны, то гэтым яны ахвяруюць.

Як падатковы манэўр Расеі адбіваўся на Беларусі
Як падатковы манэўр Расеі адбіваўся на Беларусі

Яны дамагліся падвышэньня рэнтабэльнасьці беларускіх нафтаперапрацоўчых заводаў, і ва ўмовах санкцыяў гэта стварае магчымасьць канкураваць на расейскім рынку. Цяпер на заходнія рынкі пастаўляць нафту немагчыма, арыентацыя толькі на Расею, і гэтая дамова ставіць беларускія нафтаперапрацоўчыя заводы ў аднолькавыя ўмовы з расейскімі канкурэнтамі. І, адпаведна, можна прэтэндаваць на пастаўкі значнай колькасьці нафтапрадуктаў на расейскі рынак.

— А ў чым канкрэтна можа праяўляцца гэтая «страта падатковага сувэрэнітэту»? Беларускія падатковыя правілы даволі моцна адрозьніваюцца да расейскіх. Цяпер яны будуць іх уніфікаваць? Усё ж эканомікі ў Расеі і Беларусі вельмі розныя.

— Я не магу адказаць, наколькі хутка Беларусі давядзецца мяняць свае падатковыя стаўкі, але ў дачыненьні да ПДВ сказана, што бакі павінны кіравацца пералікам мінімальных ставак, адзначаных у дамове. Што тычыцца ПДВ, то ў пункце 4 артыкулу 5 сказана, што бакі не зьніжаюць стаўку ПДВ.

То бок краіна Беларусь цяпер ня мае права самастойна мяняць стаўкі падаткаў. Ня менш важныя рэчы зьвязаныя з працэдурай адміністраваньня. Калі іншая дзяржава ведае ўсё пра вашых падаткаплатнікаў, юрыдычных асобаў, пра ўсе іхныя апэрацыі, то як і для якіх мэтаў будзе скарыстаная гэтая інфармацыя? Ва ўсім сьвеце спрабуюць такую чульлівую інфармацыю абараняць.

— Ці павялічваецца апошнія месяцы залежнасьць Беларусі ад Расеі ў таваразвароце? Бо пасьля пачатку расейскай агрэсіі супраць Украіны 24 лютага Беларусь у значнай ступні страціла ўкраінскі і заходні экспартныя рынкі. Лягічна чакаць, што, як і заяўляюць чыноўнікі, яшчэ больш беларускага экспарту будзе пераарыентавана на Расею.

— Па вялікім рахунку, адказ «так». Больш дэталёва цяжка гаварыць, бо амаль уся статыстыка замежнага гандлю цяпер засакрэчаная. Гэтая дамова, якую мы абмяркоўваем, будзе ўплываць на пастаўкі нафтапрадуктаў на расейскі рынак, і гэта яшчэ адна прычына павялічэньня долі Расеі ў замежным гандлі.

— Выступаючы на Канфэрэнцыі Новай Беларусі ў Вільні, вы казалі, што ў стратэгічным сэнсе Беларусі трэба пазбаўляцца ад такой вялікай прывязкі да расейскай эканомікі, бо расейскую эканоміку пры любым разьвіцьці падзеяў чакаюць ня лепшыя часы. Але беларускія эканамічныя ўлады, здаецца, робяць усё наадварот, павялічваючы залежнасьць ад Расеі. Няўжо яны ня бачаць гэтага? Ці проста жывуць паводле прынцыпу «дзень пратрымацца, а там пабачым»?

— Так, я схіляюся да таго, што вы сфармулявалі ў сваім пытаньні. Улады Беларусі цяпер кіруюцца толькі кароткачасовымі мэтамі, і ў гэтым сэнсе прывязка да Расеі выконвае функцыю нейкага стабілізатара. Але калі мы зазірнем у будучыню, то, нават калі браць толькі эканоміку, як бы ні разьвіваліся палітычныя падзеі, у любым варыянце стан Расеі будзе пагаршацца.

Таму статус Расеі ў дачыненьні да Беларусі стратэгічна мяняецца. Калі раней нехта мог казаць, што гэта нейкі якар стабілізацыі, то цяпер гэта якар, які цягне за сабой на дно. Калі краіна становіцца страшылкай для ўсяго сьвету, то арыентавацца на яе — гэта вельмі недальнабачны крок, які цягне за сабой эканамічныя страты.

Што важна ведаць пра расейскі падатковы манэўр

Нафтавы падатковы манэўр у Расеі — паступовая замена спагнаньня экспартнага мыта падаткам на здабычу карысных выкапняў (ПЗКВ). Экспартнае мыта будзе зьмяншацца адначасова з павелічэньнем ПЗКВ.

  • Расея пачала рэалізацыю падатковага манэўра зь 2019 году.
  • Да канца 2018 году экспарт сырой нафты ў Расеі абкладаўся экспартным мытам у памеры 30% ад цаны. Мыта не спаганялася з паставак на ўнутрырасейскі рынак і ў межах квоты ў Беларусь.
  • У 2017-2018 гадах квота на пастаўкі бязмытнай расейскай нафты для Беларусі складала 24 млн тон (18 млн тон перапрацоўвалі беларускаія НПЗ, 6 млн тон ішлі на рээкспарт).
  • Беларусь мела права абкладаць экспартным мытам свае нафтапрадукты, вырабленыя з расейскай бязмытнай нафты, якія прадавала ў трэція краіны. Беларускае мыта ішло ў беларускі бюджэт.

Страты і кампэнсацыя

  • У сьнежні 2018 г. у адміністрацыі Лукашэнкі сьцьвярджалі, што за 3 апошнія гады Беларусь недаатрымала $3,6 млрд, а за наступныя 4 гады недаатрымае $11 млрд пры найгоршым разьвіцьці падзей.
  • Паводле падлікаў рэйтынгавага агенцтва Fitch, наўпроставыя страты беларускай эканомікі складуць $10,6 млрд цягам 2019–2024 гг.
  • Дырэктар дасьледніцкага цэнтру ІПМ Аляксандар Чубрык падлічыў, што страты для бюджэту Беларусі ў 2019 годзе склалі $272,3 млн. ​
  • У кастрычніку 2018 Расея абяцала пералічыць у бюджэт Беларусі каля $405 млн у якасьці аплаты экспартнага мыта за нафту. Пазьней у кампэнсацыі адмовілі.
  • 18 сьнежня 2019 расейскі партал РБК паведаміў са спасылкай на свае крыніцы, што Расея кампэнсуе Беларусі страты ад манэўра праз зваротны акцыз для беларускіх НПЗ. Суму субсыдыяў ацанілі ў $1,5 млрд. Афіцыйнага пацьвярджэньня гэтай інфармацыі не было.

Кароткая гісторыя нафтагазавых канфліктаў Беларусі і Расеі

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG