Экспарт беларускіх нафтапрадуктаў у краіны ЭЗ немагчымы з прычыны накладзеных санкцый. Са студзеня па сакавік экспарт беларускіх мінэральных прадуктаў у ЭЗ скараціўся амаль удвая — з 113 мільёнаў эўра ў студзені да 53 мільёнаў у сакавіку.
У красавіку прэм’ер Беларусі Раман Галоўчанка прызнаў, што абодва НПЗ працуюць на «ўнутраны рынак».
«Маральная абстаноўка агідная»
Паводле інфармацыі Свабоды, наваполацкі «Нафтан» цяпер працуе на мінімальных загрузках. Самую прадуктыўную ўстаноўку для вытворчасьці бэнзіну «Рыформінг-4» плянуюць закансэрваваць.
«Заробкі застаюцца на аднолькавым узроўні, можна гаварыць пра кадравы голад, звальненьне з уласнай ініцыятывы праблематычнае, бо патрабуюць адпрацаваць да канца кантракту», — расказала Свабодзе крыніца, знаёмая з сытуацыяй на заводзе.
Іншыя крыніцы гавораць пра магчымую аптымізацыю ў будучыні і пра тое, што дасьведчаныя супрацоўнікі працягваюць звальняцца.
«Дырэктар праціскае палітыку аптымізацыі, рабочым увесь час кажуць, што будуць новыя скарачэньні. Маральная абстаноўка агідная, людзі разумеюць, што іх лічаць рабамі», — кажуць крыніцы.
Ці дапаможа Масква
11 чэрвеня стала вядома, што Расея пайшла на саступкі і дазволіла экспарт беларускіх нафтапрадуктаў праз свае парты, раней гэта было магчыма толькі ў Паўночна-заходнім рэгіёне Расеі.
На думку эканаміста Дзьмітрыя Крука, праз Расею Беларусь зможа знайсьці іншыя рынку збыту, але для гэтага патрэбен час.
«Праблему санкцый такі крок не здымае, але можна спрабаваць экспартаваць у іншыя краіны — гэта адзін з шляхоў. Таксама можна спрабаваць прадаваць нафтапрадукты ў Расеі, аднак цэны на рынку там яшчэ ніжэйшыя, чым у Беларусі, што вядзе да адмоўнай рэнтабэльнасьці. Але гэта выйсьце, каб нафтаапрацоўка працавала хоць нейкім чынам. З экспартам у трэція краіны знайсьці пакупніка рэальна пры сёньняшняй цэнавай каньюнктуры. Аднак хутка наладзіць лягістыку да партоў немагчыма. Да таго ж узьнікае пытаньне з расейскай партовай інфраструктурай», — кажа Дзьмітры Крук.
Яшчэ адно пытаньне, якое не ўрэгулявана паміж Беларусьсю і Расеяй, — гэта пытаньне зваротных акцызаў. Расея і Беларусь мусілі падпісаць дамову аб гарманізацыі спагнаньня ўскосных падаткаў.
«Тады б беларускія заводы атрымлівалі грошы за зваротныя акцызы з расейскага бюджэту. Гэта пытаньне выжываньня нафтаперапрацоўкі цяпер, кампэнсацыя за падатковы манэўр у Расеі, адна з крыніц, каб зьменшыць адмоўную рэнтабэльнасьць», — дадае Дзьмітры Крук.
Раней Беларусь прадавала ў Расею мінімальную колькасьць нафтапрадуктаў. Напрыклад, у 2020 годзе Беларусь прадала ў Расею нафтапрадуктаў на 150,7 мільёна даляраў пры агульным экспарце на 2,7 мільярда даляраў.