Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Інстытут вывучэньня вайны: пасьля анэксіі акупаваных абласьцей Ўкраіны Расея актывізуе мабілізацыю мясцовых жыхароў


Жыхары Херсону з прарасейскімі поглядамі на канцэрце, арганізаваным акупацыйнымі ўладамі
Жыхары Херсону з прарасейскімі поглядамі на канцэрце, арганізаваным акупацыйнымі ўладамі

Экспэрты ISW мяркуюць, што пасьля абвяшчэньня часткай РФ чатырох акупаваных абласьцей Украіны кіраўніцтва Расеі пашырыць прымусовую мабілізацыю ўкраінцаў для ўдзелу ў вайне супраць Украіны.

Паводле ISW, гэта можа адбыцца пасьля 1 кастрычніка, нягледзячы на тое, што ўкраінцы, якія жывуць на акупаваных тэрыторыях, не адпавядаюць юрыдычным крытэрыям цяперашняга рашэньня Крамля аб мабілізацыі расейскіх грамадзян — яны ня маюць досьведу службы ў арміі Расеі.

Экспэрты Інстытуту са спасылкай на кіраўніцтва акупацыйнай улады Крыму паведамілі, што расейскія ўлады ўжо мабілізавалі на паўвостраве каля 2000 украінцаў. Паводле інфармацыі ISW, гэта адбываецца прымусова.

Апроч таго, на акупаваных тэрыторыях Запароскай і Херсонскай абласьцей, акупацыйныя ўлады забаранілі выезд на падкантрольную тэрыторыю Ўкраіны мужчынам ва ўзросьце да 35 гадоў, а ў Луганскай вобласьці аддалі загад аб мабілізацыі ўсіх мужчын.

Паводле ISW, 25 верасьня сама меней у 35 населеных пунктах Расеі адбыліся акцыі пратэсты супраць мабілізацыі, а 26 верасьня — мінімум у 10 населеных пунктах. Цяпер кіраўніцтва Расеі спрабуе выправіць памылкі, якія дапускаліся ў першыя дні, калі пазовы аб мабілізацыі атрымлівалі ўсе мужчыны, незалежна ад узросту і баявога досьведу.

«Цяперашні наратыў Крамля накіраваны на тое, каб супакоіць паніку і сваё ашалелае насельніцтва абяцаньнем выправіць і пакараць бюракратычныя інстытуты за шырока распаўсюджаныя „памылкі“ ў мабілізацыйнай кампаніі, але такія паведамленьні наўрад ці вырашаць праблемы Крамля. [...] Крэмль рызыкуе яшчэ больш падарваць гэты найважнейшы бюракратычны інстытут у важны пэрыяд, пастаянна вінавацячы яго ў няўдачах, якія, імаверна, не зусім вінаватыя ў іх. Некаторыя расейцы ўжо скіроўваюць свой гнеў на ваайсковых камісараў», — адзначаюць экспэрты Інстытуту.

21 верасьня прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін абвясьціў аб мабілізацыі. Ён назваў яе «частковай». Сьцьвярджаецца, што ў войска плянуюць прызваць да 300 тысяч чалавек з вайсковага рэзэрву.

Пасьля пачатку мабілізацыйнай кампаніі вялікая колькасьць расейцаў пачала выяжджаць з Расеі, каб пазьбегнуць адпраўкі на вайну ва Ўкраіну.

24 і 25 верасьня пяць расейскіх выданьняў незалежна адно ад аднаго паведамілі, што ўлады разглядаюць магчымасьць закрыць мяжу для ўсіх мужчын прызыўнога ўзросту. Прэсавы сакратар Пуціна Дзьмітры Пяскоў заявіў, што ніякіх рашэньняў аб гэтым не прымалася. Аднак Крэмль і незадоўга да абвяшчэньня мабілізацыі адмаўляў, што яна магчымая.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG