Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Урок нянавісьці. Лукашэнка выступіў на форуме, прысьвечаным 17 верасьня


Аляксандар Лукашэнка
Аляксандар Лукашэнка

Сёньня Аляксандар Лукашэнка выступіў на форуме «Гэта наша гісторыя», прымеркаваным да афіцыйнага сьвята — Дня народнага адзінства.

У сваёй прамове ён працягнуў кампанію распальваньня нянавісьці да Польшчы і да Захаду ў цэлым.

Знайшлося ў ёй месца і наўпроставаму трызьненьню кшталту таго, што Польшча атрымала сваю незалежнасьць ад ленінскага Саўнаркама, а польскія эліты і сёньня называюць Заходнюю Беларусь «крэсамі ўсходнімі».

Паводле яго «вяртаньне» (насамрэч усталяваньне) сьвята 17 верасьня — гэта «адказ на новыя спробы Захаду падзяліць беларускі народ па жывому і разарваць на кавалкі краіну». Калі гэта Захад хацеў менавіта падзяліць Беларусь, акрамя як у скрыўленай сьвядомасьці Лукашэнкі?

Ён у сваёй прамове прапанаваў арыгінальную трактоўку БНР. Паводле яго, заснавальнікі рэспублікі думалі толькі пра ўладу, як і іх нашчадкі ў 2020 годзе. Выглядае, што гэта псыхалягічнае праецыраваньне сваёй ўласнай неспатольнай прагі ўлады на іншых — на сваіх сучасных апанэнтаў і на іх папярэднікаў.

Цалкам недарэчна прагучала і тэза — «развал Украіны ўжо пачаўся». Гэта — на ўзроўні пыхлівых заяваў напярэдадні вайны і ў яе першыя дні пра «тры дні», празь якія Ўкраіна будзе разгромленая. Украіна выстаяла ў вайне больш чым паўгода. Зараз яна адзіная, як ніколі. Частка яе акупаваная агрэсарам, але гэта ў любым выпадку не развал. І да гэтай акупацыі, да дапамогі агрэсару Лукашэнка мае наўпроставае дачыненьне.

Асабліва неадэкватнай прагучала тэза пра «развал Украіны» на фоне расейскай паразы ў Харкаўшчыне.

Напэўна, цэнтральная тэза ўсёй прамовы Лукашэнкі: што толькі разам з усходнеславянскімі братамі беларусы квітнелі, а разам з Захадам — гібелі. Досыць прымітыўная трактоўка складанай беларускай гісторыі, але яна павінная спадабацца ў Маскве. Хаця там яе трактуюць яшчэ прасьцей: што Беларусь — гэта Расея.

Прыгадваючы ў сваёй прамове праз слова сувэрэнітэт, Лукашэнка ніводнага разу не прыгадаў, што з сувэрэннай беларускай зямлі ляцяць ракеты аднаго ўсходнеславянскага народу на галовы іншага. І што альбо ў яго ніхто на гэта і не пытаецца дазволу, і тады якая гаворка пра беларускі сувэрэнітэт, альбо ён ухваляе гэтую агрэсію аднаго ўсходнеславянскага народу супраць іншага, і тады якая гаворка пра братэрства.

Напэўна, імпэту Лукашэнку надаў яго ўдзел у саміце ШАС, сустрэчы зь кіраўнікамі шэрагу ўплывовых краінаў сьвету, якія ў большай ці меншай ступені настроеныя па-антызаходніцку. Лукашэнка прыгадаў падчас прамовы свае размовы ў Самаркандзе як доказ злавеснай глябальнай ролі Вашынгтону.

Ня выключана, што паўплывала і пазыцыя Захаду, у прыватнасьці, Эўразьвязу. Днямі яна была выкладзеная ў інтэрвію DW прэсавым сакратаром Зьвязу Петарам Стана. Сутнасьць гэтай пазыцыі — што за рыторыку і нават за дробныя крокі па лібэралізацыі ЭЗ ісьці на саступкі Лукашэнку не зьбіраецца. Спадар Стана сфармуляваў гэта публічна, напэўна, непублічна гэтая пазыцыя да беларускіх уладаў была данесеная раней.

Відаць, два гэтыя чыньнікі натхнілі прамоўцу: з намі ШАС, а гэта паўсьвету, а Захад — гэта ворагі. І нашыя, і братоў па ШАС.

Аднак, як казаў герой савецкай кінастужкі, Усход — справа тонкая. Яму могуць паціскаць руку, лаяць у размовах Захад, але сваім для азіяцкіх лідэраў Лукашэнка ня стане, хоць апране цюбяцейку і нават надзене ненавісную маску.

У іх свае няпростыя адносіны з Захадам, але хадзіць разам з Лукашэнкам у «крыжовыя паходы» супраць Захаду яны ня будуць. А ён для іх так і застанецца дробным сатэлітам Масквы.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG