Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Пацан, які нічога не разумее ў палітыцы». Чым канцлер Шольц правініўся перад Лукашэнкам


Канцлер Нямеччыны Оляф Шольц
Канцлер Нямеччыны Оляф Шольц

Абвяржэньне Лукашэнкам выказваньня нямецкага канцлера Шольца сталася вельмі дзіўным. Галоўны патас гэтага абвяржэньня тычыцца ня зьместу скандальнай заявы расейскага лідэра пра тое, што Беларусь і Ўкраіна не павінны быць незалежнымі дзяржавамі, а самога факту абнародаваньня словаў Пуціна.

Сьцісла:

  • Рэакцыя незалежных мэдыя на заяву нямецкага кіраўніка пра словы Ўладзіміра Пуціна, што Беларусь і Ўкраіна не павінны быць самастойнымі дзяржавамі, вымусіла Лукашэнку ўрэшце адрэагаваць.
  • Асноўнае незадавальненьне Лукашэнкі палягае ў тым, што Шольц вынес гэтую заяву Пуціна ў публічную прастору;
  • Тое, што Шольц і Макрон «зьліваюць» у публічную прастору сакрэтныя перамовы з Пуціным, сьведчыць пра іхнае нэгатыўнае стаўленьне да расейскага калегі.
  • Якраз для палітычнага стылю Лукашэнкі характэрнае нетрыманьне сакрэтаў, абнародаваньне зьместу закрытых перамоваў зь лідэрамі іншых дзяржаў.

На працягу трох апошніх тыдняў Лукашэнка дэманстратыўна ігнараваў замежную палітыку. Ён езьдзіў па прадпрыемствах і калгасах, займаўся рутынай, дробнымі гаспадарчымі справамі. Хацеў даказаць, што краіна вярнулася да перадвыбарчай «стабільнасьці». Ні выбухі на аэрадроме ў Зябраўцы каля Гомля, ні заява канцлера ФРГ Оляфа Шольца пра словы Ўладзіміра Пуціна, што Беларусь і Ўкраіна не павінны быць самастойнымі дзяржавамі, здавалася, не падахвоцяць яго выказацца на гэтую тэму. Аднак рэакцыя незалежных мэдыя на словы нямецкага кіраўніка ўрэшце вымусіла Лукашэнку адгукнуцца. Бо хаваць галаву ў пясок стала проста немагчыма. Асабліва на тле тых шматлікіх публікацый і ўстойлівай думкі, што Лукашэнка здаў Пуціну незалежнасьць і ўжо не зьяўляецца гаспадаром Беларусі.

Аднак абвяржэньне Лукашэнкам Шольца сталася вельмі дзіўным. Па-першае, ён не абвінавачвае нямецкага канцлера ў тым, што той хлусіць, кажа няпраўду. І заява Лукашэнкі, што, маўляў, «такіх фэйкаў ужо наслухаўся», незразумела да чаго адносіцца. Ці то Шольц займаецца фэйкамі, ці то Пуцін?

Па-другое, галоўны акцэнт у гэтым умоўным «абвяржэньні» тычыцца ня зьместу скандальнай заявы расейскага лідэра, а самога факту абнародаваньня словаў Пуціна. Лукашэнку не абурае замах расейскага прэзыдэнта на беларускі сувэрэнітэт. Ён кажа: «Але галоўнае ня тое, што казалі Шольц і Пуцін. А галоўнае тое, што я вам кажу: сувэрэнітэт, незалежнасьць нашай дзяржавы — гэта рэчы непарушныя».

Асноўны патас выступу Лукашэнкі палягае ў тым, што Шольц вынес гэтую заяву Пуціна ў публічную прастору: «Шольц — гэта пацан, які нічога не разумее і разумець ня хоча ў палітыцы. Такія размовы паміж двума кіраўнікамі дзяржаў абсалютна закрыты характар носяць. Аб размове можна гаварыць і яе абнародаваць толькі са згоды чалавека на тым канцы дроту. Ён павінен быў дамовіцца з Пуціным, папрасіць яго: „Вось, я хачу“. І гэтак далей. Францускі прэзыдэнт Эманюэль Макрон неяк піярыўся перад журналістамі размовай з Уладзімірам Пуціным. Гэта пацаньнё, разумееце? Драбната. Так нельга, так не бывае».

Тут зьвяртаюць на сябе ўвагу два моманты. Найперш, тое, што Шольц і Макрон «зьліваюць» у публічную прастору сакрэтныя перамовы з Пуціным, сьведчыць пра іх стаўленьне да расейскага калегі. Яго не ўспрымаюць як рэспэктабэльнага палітыка, зь якім варта цырымоніцца. Для іх Пуцін — гэта чалавек па-за межамі дабра і зла, адносна яго цяпер усё можна.

Другі момант яшчэ больш пікантны. Справа ў тым, што такое нетрыманьне сакрэтаў, абнародаваньне зьместу закрытых перамоваў зь лідэрамі іншых дзяржаў характэрна якраз для палітычнага стылю Лукашэнкі. З самага пачатку сваёй прэзыдэнцкай дзейнасьці беларускі кіраўнік паказаў сябе дзяржаўным дзеячом, які ня ўмее захоўваць таямніцы. Калі ён уваходзіць у стан прамоўніцкай экзальтацыі, то па прастаце душэўнай можа выбалбатаць самыя патаемныя чужыя сакрэты, не прызначаныя для шырокай публікі. Гэта ягоная ахілесава пята і адначасова — знаходка для журналістаў, экспэртаў і шпіёнаў. Сваёй шчырасьцю ён шмат разоў «падстаўляў» як уласных міністраў, так і замежных палітыкаў, што пэрыядычна канчалася дыпляматычнымі скандаламі. Так, пасьля кожнай сустрэчы Лукашэнкі з Пуціным экспэрты зь нецярпеньнем чакаюць, што на працягу некалькіх дзён беларускі лідэр, як звычайна, не ўтрымаецца і раскрые зьмест перамоваў (зразумела, у сваёй інтэрпрэтацыі). Прычым свайго расейскага калегу ён цытуе вельмі вольна, у тым ліку ў пытаньнях адносін з трэцімі краінамі. На гэтым тле ягоная крытыка заходніх палітыкаў выглядае трохі пацешнай.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG