Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Інстытут вывучэньня вайны: Украіна пераламіла ход вайны. Генштаб Узброеных сіл Украіны: расейцы імкліва пакідаюць свае пазыцыі


Украінскі вайсковец скінуў сьцяг расейскіх акупантаў пасьля вызваленьня чарговага населенага пункту
Украінскі вайсковец скінуў сьцяг расейскіх акупантаў пасьля вызваленьня чарговага населенага пункту

Украінскія войскі нанесьлі буйную паразу Расеі, адваяваўшы амаль усю Харкаўскую вобласьць у ходзе хуткага контранаступу. Aднак вайна яшчэ можа працягнуцца, лічаць вайсковыя экспэрты.

Экспэрты амэрыканскага Інстытуту вывучэньня вайны (ISW) лічаць, што посьпех украінскага войска стаў вынікам кампаніі, якая ўключае максымальнае выкарыстаньне заходніх сыстэм узбраеньня. Працяглае абмеркаваньне, а затым заява Кіева пра контранаступальную апэрацыю з Херсонскай вобласьці адцягнула расейскія войскі ад сэктараў, на якіх украінскія сілы правялі вырашальныя атакі ў апошнія некалькі дзён.

Узброеныя сілы Ўкраіны ўжылі HIMARS і іншыя заходнія сыстэмы для нападаў на расейскія наземныя лініі сувязі ў Харкаўскай і Херсонскай абласьцях, стварыўшы ўмовы для посьпеху апэрацыі. Украінскія ўлады дэманстратыўна абмяркоўвалі ўдары на поўдні, пасьпяхова ўводзячы расейцаў у зман адносна сваіх намераў у Харкаўскай вобласьці.

Цяперашняе контранаступленьне, аднак, не пакладзе канец вайне, адзначаюць экспэрты. Кампанія на паўночным усходзе Ўкраіны ў выніку завершыцца, што дазволіць расейскім войскам аднавіць устойлівую абарончую лінію і, магчыма, нават правесьці лякальныя контратакі.

Украіне давядзецца пачынаць новыя контранаступальныя апэрацыі, каб завяршыць вызваленьне акупаванай Расеяй тэрыторыі, у сувязі з гэтым вайна, хутчэй за ўсё, зацягнецца да 2023 году. Украіна пераламала ход вайны на сваю карысьць. Кіеў, пэўна, будзе ўсё часьцей дыктаваць месца і характар асноўных баявых дзеяньняў, а Расея будзе ўсё часьцей неадэкватна рэагаваць на рост фізычнага і псыхалягічнага ціску з боку Ўкраіны.

Тым часам Генэральны штаб Узброеных сіл Украіны паведаміў, што захоўваецца пагроза далейшых расейскіх удараў па гарадах Украіны, авіяцыйных і ракетных.

«За мінулыя суткі праціўнік нанёс 18 ракетных і 39 авіяўдараў па вайсковых і цывільных аб’ектах на тэрыторыі Ўкраіны. Пацярпелі больш за 30 населеных пунктаў, у прыватнасьці Краматорск, Канстанцінаўка, Дніпро, Паўлаград і Вялікаміхайлаўка. Расейцы ўчынілі чарговы тэрарыстычны акт — нанесьлі ракетны ўдар па Харкаўскай ЦЭЦ — аб’екту крытычнай інфраструктуры гораду. У выніку некалькі раёнаў аказаліся часткова адключанымі», — піша Генштаб УСУ.

За 11 верасьня ўкраінскія сілы вызвалілі больш за 20 населеных пунктаў, аднавіўшы там украінскую ўладу.

Узброеныя сілы Ўкраіны паведамляюць, што працягваецца вызваленьне населеных пунктаў ад расейскіх захопнікаў у Харкаўскай і Данецкай абласьцях, падчас адступленьня расейцы хутка пакідаюць пазыцыі і ўцякаюць углыб часова акупаваных тэрыторый або на тэрыторыю РФ.

«Гэтая тэндэнцыя захоўваецца. Так, за мінулыя суткі з пасёлкаў Вялікі Бурлук і Дворычна Харкаўскай вобласьці акупанты забралі маёмасьць і транспарт, нарабаваны ў мясцовых жыхароў. У Луганскай вобласьці расейскія вайскоўцы зь сем’ямі пакінулі горад Сватава, засталіся толькі байцы так званага „народнага апалчэньня“, зь ліку мясцовых жыхароў».

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG