Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Абмежаваньні на выкарыстаньне вучнямі мабільнікаў у школах, аслабленьне контрасанкцый: што зьменіцца ў Беларусі ў верасьні


Ілюстрацыйнае фота. Першага верасьня ў школе
Ілюстрацыйнае фота. Першага верасьня ў школе

Паглядзелі, якія зьмены і новаўвядзеньні чакаюць беларусаў у верасьні 2022 году.

Што зьменіцца ў школах

З 1 верасьня набывае моц абноўлены Кодэкс аб адукацыі. У школах прадугледжаны шэраг новаўвядзеньняў. Цяпер нельга будзе скончыць толькі 9 клясаў, вучобу давядзецца прадоўжыць у каледжы або наступных дзьвюх клясах школы.

У старшых клясах будзе больш беларускай і расейскай моваў і менш астраноміі і замежнай мовы. Выпускнікі будуць здаваць два іспыты: па матэматыцы і беларускай (расейскай) мове. У атэстат яны атрымаюць сярэднюю адзнаку з улікам гадавой і экзамэнацыйнай.

Зьменіцца і школьнае адзеньне: з 1 верасьня ў школах уводзіцца адметны адзіны элемэнт школьнай формы, які выбіраюць разам школьная адміністрацыя і бацькі навучэнцаў. Сярод найбольш папулярных — камізэлькі, гальштукі і хусткі.

З гэтага навучальнага году ўзмацняць жорсткасьць правілаў карыстаньня мабільнымі тэлефонамі. Вучні павінны ставіць смартфоны ў вібра- або бясшумны рэжым, падчас урокаў, факультатываў і пазаклясных мерапрыемстваў тэлефоны павінны знаходзіцца ў спэцыяльнай каробцы. Карыстацца імі можна толькі з дазволу пэдагогаў. Нават на перапынках тэлефанаваць ці пісаць паведамленьні дзеці змогуць толькі бацькам ці блізкім сваякам і толькі ў выпадках «неадкладнай неабходнасьці».

Калі школьнік парушыў правілы, яму давядзецца пісаць тлумачальную, пры паўторным парушэньні тэлефон у дзіцяці канфіскуюць і выклікаюць бацькоў.

Крыху мяняецца сыстэма ацэнкі ведаў вучняў. Па-ранейшаму дзейнічае 10-бальная шкала, аднак станоўчымі адзнакамі будуць лічыцца 3-10 балаў, а 1 і 2 балы будуць лічыць нездавальняючымі. Навучэнцаў, якія атрымаюць па выніках года 1 або 2 балы па прадмеце, чакае дадатковае заданьне на лета, а ў жніўні ім трэба будзе прайсьці атэстацыю па гэтым. Калі зноў ня ўдасца атрымаць станоўчую адзнаку, школьніка пакінуць на другі год.

Арэндную плату забароняць прывязваць да валюты

З 23 верасьня 2022 да 1 студзеня 2024 году арэндадаўцам забароняць фіксаваць у дамове памер стаўкі арэнднай платы ў замежнай валюце. Гэта павінны зрабіць як фізычныя асобы, так і юрыдычныя асобы. Акрамя гэтага, усе раней заключаныя дамовы арэнды трэба прывесьці ў адпаведнасьць з заканадаўствам па 22 верасьня ўключна.

Заробкі бюджэтнікаў абяцаюць падвысіць

Міністар фінансаў у пачатку жніўня заявіў аб тым, што ў верасьні 2022 году бюджэтнікаў чакае павелічэньне заробкаў. Гэта адбудзецца з прычыны павышэньня памеру базавай стаўкі (за гэты год яна падвышалася ўжо тройчы: у сакавіку, красавіку і траўні).

Нацбанк будзе прадастаўляць дзяржорганам інфармацыю аб зарэгістраваных валютных дамовах

З 1 верасьня Нацбанк Беларусі будзе даваць дзяржаўным органам інфармацыю аб зарэгістраваных валютных дамовах бясплатна праз інфармацыйны інтэрнэт-рэсурс для рэгістрацыі валютных дамоваў на сваім сайце. Гэтыя зьвесткі ня будуць лічыцца банкаўскай таямніцай і будуць падавацца:

  • Агенцтву зьнешнеэканамічнай дзейнасьці — аб усіх замежнагандлёвых дамовах юрыдычных асобаў і ІП, якія зьяўляюцца рэзыдэнтамі;
  • дзяржаўным кампаніям — аб валютных дамовах, якія заключылі падпарадкаваныя падведамныя (або якія ўваходзяць у іх склад) кампаніі.

У Беларусь дазволілі завозіць «несяброўскія» мандарыны, ківі і пэкінскую капусту

Адпаведны дакумэнт апублікаваны на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале 1 верасьня, асноўныя палажэньні набудуць моц празь 10 дзён.

У новай рэдакцыі з пастановы аб контрасанкцыях прыбралі пералік «несяброўскіх» краін. Замест гэтага выкарыстоўваецца адсылачная норма да пастановы Саўміна № 209 ад 6 красавіка «аб пераліку замежных дзяржаў, якія зьдзяйсьняюць недружалюбныя дзеяньні ў дачыненьні да беларускіх юрыдычных і (або) фізычных асоб». На дадзены момант у яго ўключаны краіны ЭЗ і яшчэ 12 дзяржаў: Аўстралія, Канада, Ліхтэнштэйн, Нарвэгія, Новая Зэляндыя, Ісьляндыя, Паўночная Македонія, Вялікая Брытанія, ЗША і Швайцарыя. У выніку абмежаваньні будуць зьнятыя з сэрбскай прадукцыі.

Акрамя таго, новай пастановай пашыраны пералік выключэньняў для ўвозу. Цяпер зь «недружалюбных» краін можна будзе ўвозіць салеру, пэкінскую капусту, клемэнтыны і ківі.

Контрасанкцыі ў выглядзе забароны на імпарт харчовых тавараў з ЭЗ увялі з 1 студзеня. Ужо ў канцы першага месяца дзеяньня забароны са сьпісу выключылі соль. У пачатку сакавіка ў выключэньні дадалі насеньне цукровай кукурузы для пасеву, бабы кармавыя, буйнанасенныя і дробнанасенныя. У красавіку дазволілі ўвоз яблыкаў у міжсэзонны пэрыяд, груш, салаты-латуку, баклажанаў, салодкага перцу, кабачкоў. У канцы чэрвеня ўрад працягнуў контрасанкцыі да 31 сьнежня 2022 году і выключыў з забароненага пераліку грушы, абрыкосы, вішні, чарэшні, пэрсікі і нектарыны, сьлівы, хурму.

Зьмены дзя кіроўцаў

Зь верасьня набываюць моц некаторыя палажэньні зьмененага закону «Аб дарожным руху». Цяпер тыя, хто хоча атрымаць правы кіроўцы, зможа вучыцца і праходзіць экзамэнацыйныя выпрабаваньні на машыне з аўтаматычнай каробкай перадач. Пры гэтым у дакумэнце, які дае права ваджэньня, будзе ставіцца адзнака пра тое, што кіроўца езьдзіць выключна на аўтамабілях з каробкай-аўтаматам.

З 25 жніўня па 5 верасьня працягваецца акцыя ДАІ «Увага — дзеці!». У сьветлы час дня аўтамабілісты павінны езьдзіць з уключаным блізкім сьвятлом фар. Калі гэтага не зрабіць, можна заплаціць штраф да 96 рублёў.

Самавольныя будынкі стане прасьцей рэгістраваць

З 1 верасьня Беларусі набывае сілу часовы ўказ нумар 253 «Аб спрошчаным парадку прыёмкі ў эксплуатацыю аб’ектаў будаўніцтва». Ён дазволіць мясцовым органам улады ўзаконіць самавольныя пабудовы, узьведзеныя на зямельных участках да 1 верасьня 2022 году. З гэтага моманту яны ня будуць прызнавацца самавольнымі. Праўда, на Менск гэтае новаўвядзеньне не распаўсюджваецца. Указ будзе дзейнічаць да 1 студзеня 2025 году.

Зь Менску ў Варшаву пусьцяць дадатковы аўтобус

«Менсктранс» з 1 верасьня запускае міжнародны рэйс зь Менску ў Варшаву. Аўтобус будзе хадзіць штодня ад аўтавакзала «Цэнтральны» ў 21:30, а з Варшавы — у 21:00.

Уладальнікі жытла атрымаюць паведамленьні з падатковай

З 1 студзеня ўсе прыналежныя фізычным асобам кватэры і жылыя будынкі абкладаюцца падаткам на нерухомасьць (нават калі гэта адзінае жылое памяшканьне ў вас ва ўласнасьці). Суму падаткаў абяцалі даслаць у паведамленьні да 1 верасьня. Аплаціць авансавы плацеж у памеры 50% ад належнай сумы за 2022 год трэба будзе да 15 лістапада. Збор складзе 0,1% ад кошту аднаго квадратнага мэтра.

Драўніну можна будзе купіць проста ў лясгасе

Новы ўказ № 294 набывае моц з 25 верасьня і дазваляе фізычным асобам купляць драўніну непасрэдна ў лясгасаў (раней гэта было немагчыма). Некаторыя юрыдычныя асобы і ІП таксама змогуць купляць драўніну па-за біржай, з фонду аблвыканкаму.

Вырастуць цэны на цыгарэты

Некаторыя кампаніі падвысяць зь 1 верасьня цэны на сваю прадукцыю. Так, Горадзенская тытунёвая фабрыка «Нёман» на 15 капеек павялічыць цану на цыгарэты Kent Crystal Blue (да 3,95 рубля), Rothmans of London Blue (да 3,85 рубля). На 20 капеек вырасьце цана на Rothmans Click Amber, Rothmans Click Coral, Rothmans Click Purple — да 3,9 рубля, на 25 капеек — Rothmans Click Hit (да 3,9 рубля).

«Тытунь-інвест» таксама падымае цэны на некаторыя цыгарэты на 10-20 капеек, «Беларусьгандаль» — на 15 капеек. Кампанія «Інтэр Табака» не плянуе ў верасьні павышаць цану на сваю прадукцыю. Поўны сьпіс цыгарэт, на якія зь 1 верасьня зьменяцца цэны, ёсьць на сайце Міністэрства падаткаў і збораў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG