Лінкі ўнівэрсальнага доступу

​​​​​​​На МАЗе — 700 рублёў, на МТЗ — ад 650. Колькі гатовыя плаціць на вядучых дзяржаўных прадпрыемствах


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Інжынэру на МТЗ прапануюць заробак, у 2,5 раза ніжэйшы за сярэдні. Колькі плацяць на вядучых заводах Беларусі.

Паглядзелі, якія заробкі цяпер прапануюць на флягманах беларускай прамысловасьці.

МАЗ

Беларускі вытворца грузавікоў і аўтобусаў МАЗ на сваім сайце разьмяшчае адразу 117 вакансій.

Напрыклад, станочніку дрэваапрацоўчых станкоў прапануюць ад 700 рублёў за месяц. Прадугледжаны выпрабавальны тэрмін цягам аднаго месяца.

Ёсьць і большыя заробкі — маляру па афарбоўцы мэталу гатовыя плаціць ад 1300 рублёў на месяц.

Інжынэру капітальнага будаўніцтва — ад 1250 рублёў, але патрабуюць досьвед працы ў 1–3 гады і вышэйшую адукацыю. Ад 1000 рублёў прапануюць інжынэру-канструктару 1-й катэгорыі.

Прапановы па большасьці вакансій не перавышаюць сярэдняга заробку за чэрвень у 1626,5 рубля.

МТЗ

На Менскім трактарным заводзе аж 1019 вакансій, калі верыць рэспубліканскай базе вакансій.

Напрыклад, інжынэру-электроніку прапануюць 650 рублёў на месяц. Трэба мець вышэйшую адукацыю.

Сьлесару-рамонтніку гатовыя плаціць 1300 рублёў, сыстэмнаму праграмісту — 890 рублёў.

Аднаму з кіраўнікоў структурных падразьдзяленьняў, начальніку прапануюць заробак у 900 рублёў, трэба мець вышэйшую эканамічную адукацыю і досьвед працы ў 5 гадоў.

Самы высокі заробак знаходзім у падручнага сталявара электрапечы — 2100 рублёў.

БелАЗ

На вытворцы буйных самазвалаў — БелАЗе знаходзім 63 вакансіі. Грузчыку тут прапануюць 700 рублёў на месяц, машыністу крана — тыя ж 700 рублёў, начальніку бюро тэхналягічнага цэху — 1300 рублёў,.

Самы высокі заробак прапануюць намесьніку галоўнага энэргетыка ў электразабесьпячэньні — 1570 рублёў.

«Гродна Азот»

На «Гродна Азоце», згодна з базай вакансій, 63 вольныя месцы. Лягістыку прапануюць да 1340 рублёў, спэцыялісту ў мытным дэкляраваньні — да 1660 рублёў, электрагазазваршчыку — да 1144 рублёў.

Адна з найбольш грашавітых вакансій — мэнэджар па спэцыяльнасьці «электраэнэргетыка і цеплаэнэргетыка». Патрабуецца таксама досьвед у будаўніцтве — ня менш як 5 гадоў. Гатовыя плаціць 2267 рублёў, але пасьля таго, як спэцыяліст адпрацуе больш за год.

«Нафтан»

Беларускія флягманы нафтаперапрацоўкі цяпер маюць праблемы з пастаўкамі тавару ў краіны ЭЗ праз санкцыі, але вакансіі тут ёсьць. На «Нафтане» шукаюць 79 супрацоўнікаў. Апаратчыку прыгатаваньня каталізатару прапануюць 1292 рублі.

Апаратчыку газаразьдзяленьня гатовыя плаціць 1633 рублі.

Найбольш прапануюць інжынэру-праграмісту — 1874 рублі. З патрабаваньняў — вышэйшая адукацыя, веданьне праграмы 1C і досьвед працы.

Сярэдні заробак у Беларусі за чэрвень, паводле Белстату, складаў 1626,5 рубля на месяц. Найбольшы ён у сфэры інфармацыі і сувязі — 4930,6 рубля.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG