Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сярэдні заробак — $340. Як жывуць самыя бедныя і самыя багатыя раёны Беларусі


Прыбытак упаў у 37,7 раза. Як жывуць самыя бедныя і самыя багатыя раёны Беларусі. Інфаграфіка.

У самым багатым раёне Беларусі зарабляюць 743 даляры на месяц.

Рэнтабэльнасьць продажаў — мінус 16%

919 рублёў на месяц — такі сярэдні заробак на Шаркаўшчыне за студзень-красавік, паводле Белстату. Ужо некалькі гадоў запар гэта самы бедны рэгіён Беларусі.

Рэнтабэльнасьць продажаў на Шаркаўшчыне — мінус 16%, крэдыторская запазычанасьць усіх прадпрыемстваў — 8,3 мільёна рублёў, з гэтага пратэрмінаваная запазычанасьць — 1,4 мільёна рублёў.

Колькасьць занятых у эканоміцы за год скарацілася на 143 чалавекі.

У Шаркаўшчынскім раёне працуе «Шаркаўшчынскі кансэрвавы завод», які выпускае пладова-ягадныя віны.

Заробак на 30% меншы, чым агулам у вобласьці

Сярэдні заробак у Кармянскім раёне Гомельскай вобласьці — 944,9 рубля, або 349 даляраў. Гэта на траціну менш, чым сярэдні заробак па Гомельскай вобласьці.

Рэальны заробак (з папраўкай на інфляцыю) за год ня вырас, а зьнізіўся на 0,4%. Пратэрмінаваная крэдыторская запазычанасьць арганізацый — 7,6 мільёна рублёў. Ні сёлета, ні ў мінулым годзе ў раён не інвэставаў ніводзін замежны інвэстар.

За год колькасьць занятых у эканоміцы скарацілася на 165 чалавек.

Кармянскі раён жыве ў асноўным за кошт сельскай гаспадаркі. У Карме працуе хлебазавод — ад Рагачоўскага філіялу Гомельскага абласнога спажывецкага таварыства, а таксама прадпрыемства «Кармалён», якое займаецца вытворчасьцю ільновалакна.

Запазычанасьць — 31,5 мільёна рублёў

Мсьціслаўскі раён — самы бедны ў Магілёўскай вобласьці, калі мераць па сярэдніх заробках за пэрыяд студзень-красавік, — 971,3 рубля на месяц, або 359 даляраў.

Пратэрмінаваная крэдыторская запазычанасьць усіх арганізацый раёну — 31,5 мільёна рублёў, за год даўгі вырасьлі на 4,5 мільёна.

У раёне працуе вытворчасьць малака, лёну і хлебабулачных вырабаў.

Рэальныя заробкі за год упалі на 1,8%

Слаўгарадзкі раён Магілёўскай вобласьці — чацьверты ў антырэйтынгу па заробках. 985,2 рубля, або 364 даляры на месяц за пэрыяд са студзеня па красавік.

Пратэрмінаваная запазычанасьць усіх прадпрыемстваў раёну — 15,7 мільёна рублёў, гэта на 2 мільёны больш, чым годам раней.

Два гады запар у раён ніхто не прыносіў замежных інвэстыцый. За год колькасьць асобаў, занятых у эканоміцы, скарацілася на 167 чалавек. Рэальныя заробкі (з папраўкай на інфляцыю) за год упалі на 1,8%.

З прамысловасьці — у Слаўгарадзкім раёне працуе філіял «Бабушкина крынка». У астатнім гэта збольшага сельскагаспадарчы рэгіён.

Прыбытак арганізацый за год скараціўся ў 37,7 раза

Замыкае заробкавы антырэйтынг Хоцімскі раён Магілёўскай вобласьці, за пэрыяд са студзеня па красавік месячны заробак тут быў 991,8 рубля, або 367 даляраў.

Рэнтабэльнасьць продажаў усіх арганізацый раёну за пэрыяд са студзеня па красавік — мінус 21,2%. То бок усе арганізацыі за гэты час прадавалі тавары сабе на страту.

Чысты прыбытак усіх арганізацый — 85 тысяч рублёў, гэта ў 37,7 раза менш, чым арганізацыі зарабілі за такі ж пэрыяд летась. Пратэрмінаваная запазычанасьць усіх арганізацый — 13,7 мільёна рублёў.

На тэрыторыі раёну працуе «Хоцімскі ільнозавод», а таксама 6 сельскагаспадарчых арганізацый.

Самыя багатыя раёны

Самы высокі заробак, згодна са статыстыкай за студзень-красавік, — у Менску: 2286 рубля, або 846 даляраў. Але Менскі раён пры гэтым ня самы багаты. У рэйтынгу раёнаў на першы месцы — Салігорскі раён зь сярэднім заробкам 2007 рублёў на месяц. Аднак і тут ёсьць даўгі па крэдытах — 53,2 мільёна рублёў. Прыбытак арганізацый раёну за год вырас у 4,7 раза — да 298,3 мільёна рублёў.

Асноўнае прадпрыемства раёну — гэта «Беларуськалій».

Другі ў рэйтынгу самых багатых раёнаў Беларусі — Менскі зь сярэднім заробкам 1847 рублёў. За год прыбытак усіх арганізацый раёну вырас у 1,5 раза — да 431,2 мільёна рублёў.

Пратэрмінаваная запазычанасьць усіх арганізацый раёну — 625,2 мільёна рублёў.

У Астравецкім раёне сярэдні заробак — 1843,8 рубля за месяц. Заробкі тут пачалі хутка расьці пасьля будаўніцтва АЭС. У адрозьненьне ад іншых раёнаў, расьце тут і колькасьць занятых у эканоміцы — праўда, за год толькі плюс 2 чалавекі.

За год чысты прыбытак усіх арганізацый раёну вырас у 1,8 разоў. Пратэрмінаваная крэдыторская запазычанасьць усіх арганізацый раёну — 19,2 мільёна рублёў.

Сярэдні заробак у Рэчыцкім раёне 1699 рублі на месяц, гэта на 23% больш, чым агулам па вобласьці. Пратэрмінаваная запазычанасьць 66,2 мільёна рублёў. У Рэчыцкім раёне якраз знаходзіцца галоўны офіс «Беларуснафты».

І замыкае рэйтынг па заробку — Дзяржынскі — 1631 рубель на месяц. Дзяржынскі раён блізу Менску, тут сканцэнтравана шмат вытворчасьці, у тым ліку, лягістычныя кампаніі. Пратэрмінаваная запазычанасьць усіх прадпрыемстваў раёну — 76 мільёнаў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG