Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дэфолт Беларусі ці яшчэ не? Адказ эканаміста


Рашэньне беларускіх уладаў выконваць зьнешнія фінансавыя абавязаньні ў беларускіх рублях — гэта ўжо дэфолт ці яшчэ не? У выпадку, калі дэфолт Беларусі будзе афіцыйна абвешчаны, якія наступствы гэта будзе мець для фінансавай сыстэмы краіны? Наколькі доўгае «рэха» спараджае дэфолт, як доўга яго памятае сусьветны рынак?

На гэтыя пытаньні Юрыя Дракахруста на канале Свабода Premium адказвае эканаміст, старшы навуковы супрацоўнік дасьледнага цэнтру BEROC Зьміцер Крук.

Сьцісла:

  • Пакуль дэфолту яшчэ няма
  • Ён можа адбыцца праз два тыдні, калі міжнародныя рэйтынгавыя агенцтвы зафіксуюць невыкананьне Беларусьсю яе міжнародных абавязаньняў
  • Беларускія ўлады, усьлед за расейскімі, могуць паспрабаваць дамагацца прызнаньня дэфолту несапраўдным
  • Для Беларусі дэфолт больш небясьпечны, чым для Расеі.
  • У выніку дэфолту ад супрацы зь беларускай банкаўскай сыстэмай могуць адмовіцца банкі нават такіх краін, як Турэччына, Казахстан, Грузія.
  • Азіяцкія крэдыторы ў выпадку дэфолту могуць запатрабаваць датэрміновага вяртаньня пазык.
  • Раней беларускія дзяржаўныя каштоўныя паперы каціраваліся па 95–105% ад наміналу, цяпер — па 10–15%.
  • Дэфолт пакідае за сабой доўгую памяць, не на гады, а нават на дзесяцігодзьдзі.
  • Для інвэстараў радок пра дэфолт у крэдытным дасье Беларусі будзе вельмі важны.
  • Як жартуе адзін мой калега, ва ўрадзе моцная партыя «вяртаньня ў 2019 год».
  • Пастанова аб выкананьні абавязаньняў у беларускіх рублях спальвае калі ня ўсе, то многія з тых нямногіх мастоў, якія яшчэ засталіся.
  • Я не выключаю, што гэта магла быць расейская прапанова, і гэта магло быць вырашальным чыньнікам.

— Беларускія ўлады абвясьцілі, што будуць выконваць свае міжнародныя фінансавыя абавязаньні ў нацыянальнай валюце.

«Выкананьне даўгавых абавязаньняў па дзяржаўных каштоўных паперах, разьмешчаных на зьнешніх фінансавых рынках, будзе праводзіцца ў беларускіх рублях па курсе Нацыянальнага банку на дату плацяжу», — паведаміла прэсавая служба ўраду.

Гэта ўжо дэфолт ці яшчэ не?

Зьміцер Крук
Зьміцер Крук

— Кароткі адказ — не, пакуль дэфолту яшчэ няма. Але імавернасьць таго, што гэта адбудзецца ў найбліжэйшыя два тыдні, вельмі высокая. Сам факт дэфолту звычайна фіксуецца рэйтынгавымі агенцтвамі на базе выпуску каштоўных папер, калі ёсьць падставы сьцьвярджаць, што грошы не дайшлі да крэдытораў. Гэта фіксуецца пасьля так званага grace period — ільготнага пэрыяду, які ў нашым выпадку будзе складаць 15 дзён.

Мы маем дэклярацыю беларускага ўраду. Калі ўсё будзе паводле гэтай дэклярацыі, то рэйтынгавыя агенцтвы могуць прысвоіць Беларусі дэфолтны рэйтынг. Але ня выключана, што Беларусь, як і Расея, будзе аспрэчваць самы факт дэфолту. У пастанове беларускага ўраду ёсьць агаворка, што зь некаторымі інвэстарамі могуць расплаціцца не беларускімі рублямі, а інакш.

Гіпатэтычна можна дапусьціць, што беларускія ўлады захоўваюць для сябе магчымасьць плаціць далярамі. Я не выключаю, што беларускія ўлады хочуць правесьці сэгрэгацыю «сяброўскіх» і «несяброўскіх» інвэстараў. Магчыма, што «несяброўскім» інвэстарам Беларусь працягне плаціць у далярах, каб пазьбегнуць дэфолту.

— Я правільна зразумеў, што менавіта «несяброўскім» будуць плаціць па-ранейшаму ў далярах? Маўляў, а зь сябрамі разьбяромся па-сяброўску?

— Так. Вялікая імавернасьць, што «сяброўскія» інвэстары пагодзяцца атрымаць свае выплаты ў беларускіх рублях. Міністар фінансаў Юры Селіверстаў казаў, што ўрад і хацеў бы заплаціць у далярах нават некаторым «сяброўскім» інвэстарам, скажам, расейскім інвэстыцыйным фондам, але ім заплаціць у далярах немагчыма, бо адносна гэтых расейскіх фондаў дзейнічаюць санкцыі. І я не выключаю, што гэтая дэклярацыя ўраду была абумоўленая менавіта гэтым чыньнікам.

Калі ўсё ж праз 15 дзён рэйтынгавыя агенцтвы абвесьцяць, што ў Беларусі дэфолт, то пачнецца спрэчка, якая ўжо пачалася з Расеяй — гэта сапраўдны дэфолт ці не.

Гэтая дыскусія адбываецца ў фінансавых колах, зьявілася паняцьце «паўдэфолт». Юрыдычна дэфолт будзе зафіксаваны, але каб ён быў паўнавартасны, урад павінен ня мець магчымасьцяў выконваць свае абавязаньні.

Расейскія ўлады кажуць, што гэта не яны ня маюць магчымасьцяў выконваць свае абавязаньні, гэта іх прымусілі не выконваць іх.

Думаю, што калі адпаведны вэрдыкт рэйтынгавыя агенцтвы вынесуць адносна Беларусі, беларускі бок заявіць тое ж, што заяўляе расейскі — дэфолт несапраўдны, дэфолту няма.

— Калі беларускі ўрад стане плаціць інвэстарам у беларускіх рублях, то для рашэньня рэйтынгавых агенцтваў трэба, каб інвэстары пачалі абурацца, скандаліць? Тэарэтычна яны ж могуць і прамаўчаць, палічыўшы, што лепш атрымаць сваё хоць у беларускіх рублях, чым не атрымаць наагул нічога?

— Так, тэарэтычны шанец на гэта ёсьць. Калі ўсе крэдыторы публічна ня выкажуць нязгоды з тым, што ім заплацілі не ў валюце, агаворанай дамовай, то ў рэйтынгавых агенцтваў ня будзе падставаў абвяшчаць аб дэфолце Беларусі. Але беларускія бонды трымаюць і заходнія інвэстыцыйныя фонды, таму выглядае малаімаверным, што прынамсі яны пагодзяцца на новы парадак выплат, прапанаваны беларускім урадам.

— Ну, а калі ўсё ж рэалізуецца найбольш імаверны сцэнар і рэйтынгавыя агенцтвы абвесьцяць, што Беларусь — у стане дэфолту, якія наступствы для нацыянальнай фінансавай сыстэмы ад гэтага будуць?

Некалі беларускі эканаміст Міхась Залескі на падобнае пытаньне адказаў: вам абыякава, якой моцы вецер дзьме над вашай магілай. Можа, з абвяшчэньнем дэфолту Беларусі так і будзе? Непалітычных крэдытаў Беларусі і так даўно ніхто не дае, і без дэфолту. Дык можа дэфолтам больш, дэфолтам менш — вынік паводле формулы Залескага?

— Кароткатэрміновыя наступствы цяперашняга дэфолту ня будуць такімі разбуральнымі, як у 1998 годзе. Збольшага ўсё ўжо разбурана да гэтага часу.

Ёсьць падставы лічыць, што справядлівая формула Міхася. Але яна больш пасуе да расейскага кейсу. Першапачатковая рэакцыя ня будзе такая, як на расейскі дэфолт 1998 году ці на аргентынскі пачатку нулявых ХХІ стагодзьдзя. Такіх наступстваў, як тады — руйнаваньня фінансавай сыстэмы, масавага банкруцтва банкаў — ня будзе ў гэтым выпадку.

Будзе працаваць лёгіка формулы Залескага — тое, што ўжо памерла, памерці ня можа. Трагічныя наступствы для беларускай фінансавай сыстэмы адбыліся за два апошнія гады.

Але што ўсё ж будзе і чаму для нас гэта больш небясьпечна, чым для Расеі? У Расеі ёсьць запас трываласьці ў выглядзе золатавалютных рэзэрваў, у выглядзе сальда бюджэту. А ў нас літаральна кожная капейка на рахунку.

Ёсьць банкі, якія працягваюць працаваць зь беларускімі банкамі, гатовыя абслугоўваць імпартна-экспартныя апэрацыі, гатовыя дапамагаць у разьліках з заходнімі банкамі. Гэта банкі такіх краін, як Турэччына, Казахстан, Грузія. Вось для іх вэрдыкт рэйтынгавых агенцтваў наконт дэфолту Беларусі — гэта дадатковая перашкода. І цяпер беларускі бізнэс пакутуе ад таго, што зь ім ніхто ня хоча мець справу. Пасьля абвяшчэньня дэфолту сытуацыя з гэтым пагоршыцца.

У беларускіх банках заходніх грошай засталося няшмат, але ёсьць грошы краін «трэцяга сьвету», Кітаю, напрыклад. І шмат у якіх дамовах пра гэтыя грошы прапісаныя так званыя кавэнанты — умовы, што ў выпадку дэфолту атрымальніка пазыкі, у дадзеным выпадку Беларусі, крэдытор мае права патрабаваць датэрміновага вяртаньня пазыкі. Расея на такія нязручнасьці можа не зважаць праз свой запас трываласьці. Таму Армагедону, нечага падобнага да 1998 году, зараз ня будзе. Але тое, што гэта стане дадатковым фактарам турбулентнасьці на беларускім фінансавым рынку, — гэта так.

— А што будзе з курсам беларускіх дзяржаўных эўрабондаў? Наколькі я разумею, калі ў краіне дэфолт, яе дзяржаўныя каштоўныя паперы маюць цану сьмецьця. Гэта будзе мець нейкае значэньне?

— Дык яны ўжо па такіх цэнах і гандлююцца. Якраз усё паводле формулы Залескага. Там ліквіднасьць амаль нулявая. Яны гандлююцца па цане 10–15% ад наміналу. Гэта ўжо дэфолтны стан. У лепшыя часы яны гандляваліся па 95-105% ад наміналу.

— Калі дэфолт Беларусі адбудзецца, то як доўга рынак будзе яго памятаць? У паведамленьні агенцтва Bloomberg пра цяперашні дэфолт Расеі мяне ўразіла згадка, што апошні раз такое ў Расеі было ў 1918 (!) годзе. Гэта калі бальшавікі адмовіліся плаціць царскія даўгі. 104 гады прайшло, шмат чаго за гэты час адбылося, мякка кажучы. А рынак памятае той ленінскі дэфолт.

Вось пройдзе час, скончыцца вайна, сыдзе Лукашэнка, паўстане ў Беларусі дэмакратычны ўрад, які будзе весьці адказную фінансавую палітыку. Але, магчыма, у гэтай цудоўнай будучыні для нейкага інданэзійскага ці бразыльскага інвэстара ўвесь гэты прагрэс у малавядомай ім Belarus ня будзе мець ніякага значэньня. А будзе мець значэньне адно — той факт, што ў 2022 годзе ў гэтай краіне адбыўся дэфолт. І ўсё, кропка, грошы туды лепш не ўкладаць, — вырашаць гэтыя інвэстары. Так ня будзе?

— Дзякуй вам за гэтае пытаньне. Гэта мой асноўны аргумэнт, чаму я заўсёды кажу, што я супраць дэфолту. Мы шмат спрачаемся з калегамі наконт гэтага. Шмат хто зь іх кажа, што калі дэфолт зь фінансавых чыньнікаў амаль непазьбежны, то ня трэба зацягваць, і гэта можа стаць нават ачышчальнай працэдурай для эканомікі. Да пэўнай ступені я магу з гэтым пагадзіцца. Але калі мы будзе разважаць пра доўгатэрміновую пэрспэктыву, то ўступае ў гульню тое, пра што вы сказалі. Дэфолт пакідае за сабой доўгую памяць, не на гады, а нават на дзесяцігодзьдзі.

Гэта не азначае, што беларускі доўг, беларускія бонды тады ня будзе купляць ніколі і ніхто. Але ён, па-першае, будзе даражэйшы, чым быў бы без дэфолту. А па-другое, усё роўна стаўленьне да беларускіх бондаў будзе скептычнае. Як кажуць футбольныя заўзятары, гульня забываецца, а лік на табло застаецца. Прычыны дэфолту забудуцца, сам яго факт будуць памятаць доўга. І для інвэстараў радок пра дэфолт у крэдытным дасье Беларусі будзе вельмі важны.

Для мяне была нечаканасьцю гэтая пастанова ўраду і Нацбанку пра выплату даўгоў у рублях. Я думаў, што яны будуць адцягваць гэтае рашэньне як мага далей, да лютага 2023 году. Тады трэба будзе пагашаць больш за 800 мільёнаў даляраў.

Я ня маю пэўнага адказу, чаму яны пайшлі на гэта цяпер. Адна з вэрсіяў — гэта імкненьне выдаць фінансавы дэфолт за «паўдэфолт», зачапіцца за расейскую сытуацыю, сказаўшы, што ў нас адбылося тое самае. Хоць насамрэч наша сытуацыя вельмі адрозьніваецца ад расейскай.

— А ці не магчыма, што гэта зрабіць папрасілі, прапанавалі, параілі расейцы?

— Гэта ня выключана. Тут вельмі вялікі палітычны складнік — у гэтым рашэньні. Карыстаючыся толькі фінансавай лёгікай, яго складана абгрунтаваць. Да апошняга часу беларускія ўлады кіраваліся прынцыпам — не паліць усе масты. Большасьць іх спаленая, але ўсе паліць не хацелі.

Як жартуе адзін мой калега, ва ўрадзе моцная партыя «вяртаньня ў 2019 год». Гэтая пастанова спальвае калі ня ўсе, то многія з тых нямногіх мастоў, якія яшчэ засталіся. Таму я не выключаю, што гэта сапраўды магла быць расейская прапанова, і гэта магло быць вырашальным чыньнікам.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG