Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лекараў шукаюць нават на заробак у 7 тысяч рублёў. Што з дэфіцытам мэдыкаў у Беларусі?


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

5,5 тысячы дактароў і 3,5 тысячы мэдычных сясьцёр — столькі вакансій для мэдпэрсаналу ёсьць у Беларусі. Толькі ў адной раённай лякарні — 22 вакансіі. Заробкі ж падаюць, бо няма больш «ковідных выплатаў».

Міністэрства аховы здароўя вырашыла да канца году ўзяць пад кантроль заробкі мэдыкаў, пра гэта заявіў міністар аховы здароўя Дзьмітры Піневіч. Гэта зьвязана з адменай з 1 ліпеня ковідных выплатаў для мэдыкаў.

У ведамстве папярэдзілі кіраўнікоў мэдарганізацый аб пэрсанальнай адказнасьці за неабгрунтаванае зьмяншэньне заработнай платы работнікаў. Глядзім, колькі мэдыкаў не хапае і што ў іх з заробкамі пасьля адмены ковідных выплатаў.

У адной лякарні — 22 вакансіі

У агульным рэспубліканскім банку вакансій і рэзюмэ 5591 вакансія для лекараў. Гэта амаль 6% ад усіх вакансій па Беларусі.

Большасьць заробкаў, якія прапануюць лекарам на поўную стаўку, — ад 1000 да 1300 рублёў. Вышэйшыя знайсьці досыць складана.

Самы высокі заробак для лекара не на кіраўнічай пасадзе знаходзім у 5-й гарадзкой клінічнай лякарні ў Менску. Анэстэзіёлягу-рэаніматолягу тут прапануюць ад 4811 да 7018 рублёў.

Сустракаюцца заробкі і меншыя за 1000 рублёў. Напрыклад, лекару на поўную стаўку ў Рэспубліканскі дзіцячы цэнтар мэдычнай рэабілітацыі прапануюць 800 рублёў.

Там жа шукаюць лекара на палову стаўкі з акладам 360 рублёў.

Нярэдка ў адной лякарні не хапае больш за 10 лекараў-спэцыялістаў. У Жыткавіцкай цэнтральнай раённай лякарні — для лекараў 17 вакансій. Гэтыя вакансіі былі яшчэ ў красавіку, то бок спэцыялістаў шукаюць чацьвёрты месяц. Яшчэ 5 вакансій у гэтай лякарні для сярэдняга мэдычнага пэрсаналу: мэдычных сясьцёр і фэльчараў.

Не хапае 3504 мэдычных сясьцёр

У мэдычных установах не хапае ня толькі лекараў, але і мэдычных сясьцёр. У агульным банку вакансій для іх цяпер 3504 прапановы. Самыя распаўсюджаныя заробкі — ад 800 да 900 рублёў, але ёсьць і меншыя.

Напрыклад, у Маларыцкай цэнтральнай раённай лякарні мэдычнай сястры гатовыя плаціць толькі 537 рублёў на поўную стаўку.

А вось у санаторыі «Прыморскім» заробак на поўную стаўку — да тысячы рублёў.

Што ў мэдыкаў з заробкамі

Улады занепакоіліся заробкамі мэдыкаў ня проста так: падчас эпідэміі ковіду некаторыя даплаты для іх шматкроць перавышалі афіцыйны аклад.

Адзін з мэдыкаў растлумачыў Свабодзе, што «ў ковідныя часы даплаты да заробку перавышалі 2000 рублёў. А цяпер проста ёсьць адна даплата, якая складае толькі 50% ад акладу, то бок 100 рублёў». Гаворка пра сярэдні мэдычны пэрсанал.

Мэдыкі чакаюць новай хвалі ковіду і сьцьвярджаюць, што яна дакладна будзе. «А вось даплатаў ня будзе, як раней», — трывожацца спэцыялісты, таму ідзе хваля звальненьняў.

Толькі на адной з падстанцый хуткай такіх зараз больш за 10 чалавек, расказваюць мэдыкі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG