Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«На сям’ю зь пяці чалавек маем 1700 даляраў». Як у беларусаў з працай у Польшчы


«Новая зямля», Польшча
«Новая зямля», Польшча

Расказваем гісторыі беларусаў, якія зьехалі ў Польшчу пасьля 2020 году і ўладкаваліся працаваць у новых для сябе сфэрах.

Праект Свабоды «Новая зямля» расказвае, з чым у штодзённасьці сутыкаюцца людзі, якія зьехалі, але не перасталі быць беларусамі.

Завод: «Ганаруся, што пасьля творчай працы здолела авалодаць новай для сябе рабочай спэцыяльнасьцю»

Ганна пераехала з трыма дзецьмі ў Польшчу два гады таму. Раней на заробкі туды адправіўся муж. Ганьне 40+, адукацыя — філёляг, раней працавала ў мэдыя, польскай мовы ня ведала. Вялікіх ашчаджэньняў на новае жыцьцё сям’я ня мела.

Жанчына ўладкавалася на завод электрапрыладаў на Падляшшы, дзе ўжо працаваў муж. Шукала і іншую працу па абвестках. Аднак большасьць прапановаў патрабавала веданьня польскай мовы. Прыкладам, жанчыне прапанавалі пайсьці ў школу памочнікам настаўніка, але яна адмовілася, бо баялася не дамовіцца зь дзецьмі.

Была яшчэ адна прычына не ісьці на творчыя, цікавыя працы — яны звычайна патрабавалі занятасьці ў суботу і нядзелю.

«У нас дзеці-падлеткі. Нам засталося некалькі гадоў жыць разам зь імі. Мы вядзем актыўны лад жыцьця, на выходных разам некуды выяжджаем. Таму я вырашыла, што важней пабыць зь дзецьмі і адмовіцца ад занятасьці ў выходныя», — тлумачыць Ганна.

На працу яе ўзялі без спэцыяльнай адукацыі. Трэба было паказаць працоўную візу, дыплём аб адукацыі, працоўную кніжку з папярэднімі месцамі працы.

Хутка авалодаць новым майстэрствам зьбіраньня электрапрыладаў ёй дапамог тэхнічны кірунак, на якім вучылася яшчэ ў школе.

Праца пазьменная, з 6-й ранку або да 10-й вечара, досыць аднастайная.

«Ты ўваходзіш у рытм. Няма часу папіць кавы або адцягваць увагу на размовы з калегамі. Пакуль рукі працуюць, можна слухаць аўдыёкнігі, нам не забараняюць. Хтосьці слухае музыку», — кажа Ганна.

Гарадзенка ня толькі не саромеецца казаць, што працуе на заводзе пасьля ранейшай творчай працы, а нават ганарыцца гэтым — што здолела навучыцца абсалютна новай дзейнасьці і мець ад яе задавальненьне. Яна кажа, што такая праца прыносіць пэўнасьць і стабільнасьць, а таксама «праветрывае галаву» адрозна ад працы зь людзьмі, дзе сустрэчы часта пераносіліся, пляны зрываліся, шмат што залежала ад натхненьня і настрою.

Пакуль Ганьне плацяць мінімальны польскі заробак. Гэта каля 2200 злотых «чыстымі» (менш за 500 даляраў) і некалькі сотняў злотых прэміі (менш за 100 даляраў). Муж мае большы стаж і атрымлівае больш.

Раней сужэнцы выходзілі падпрацоўваць у начныя зьмены і на выходных — тады падвойная аплата.

Да таго ж паводле польскай праграмы сям’я атрымлівае па 500 злотых штомесяц на кожнае непаўналетняе дзіця — агулам 1500 злотых (325 даляраў).

Раз на год сужэнцы атрымліваюць зварот з выплачаных у Польшчы падаткаў. Тут бяруцца пад увагу розныя фактары. Паколькі ў сям’і трое непаўналетніх дзяцей, сума выходзіць досыць вялікая — каля 3 тысяч злотых (650 даляраў).

Выплата на адпачынак таксама мае надбаўкі. Хтосьці атрымлівае 400–500 злотых (100 даляраў), Ганьне выйдзе 2500 злотых (500 даляраў).

У выніку сям’я зь пяці чалавек мае штомесяц 8 тысяч злотых (1700 даляраў), зь якіх выплачвае доўгатэрміновую пазыку ў 370 даляраў.

Старэйшы сын паступіў у польскі ліцэй, яму паабяцалі стыпэндыю за ягоную актыўнасьць у папярэднім навучальным годзе. Памер пакуль невядомы, але гэтыя грошы пойдуць на рэпэтытараў і падручнікі.

За вышэйшую адукацыю і папярэдні досьвед на іншых працах Ганна мае два дадатковыя дні адпачынку — усяго 26 дзён, прычым толькі працоўных (у Беларусі адпачынак лічаць у каляндарных днях). Калі дадаць усе выходныя, то каляндарных дзён адпачынку выйдзе каля 40.

На ейнай працы ёсьць абавязак узяць улетку мінімум 10 дзён адпачынку (з выходнымі гэта два тыдні) за раз — каб работнікі маглі перадыхнуць і ня мелі прэтэнзіяў да працадаўцы.

Рэшту адпачынку часта бяруць па некалькі дзён — калі трэба вырашыць справы з дакумэнтамі, пайсьці да лекара або зьезьдзіць у іншы горад. «Выходны за свой кошт» у Польшчы не практыкуюць.

Сям’я наймае дом у вёсцы на Падляшшы. Улетку арэнда дому разам з камунальнымі можа складаць 1500–2000 злотых (да 500 даляраў), узімку — да 2800 злотых (да 700 даляраў).

Польшча, заробкі
Польшча, заробкі

Кавярня: «У Беларусі я не працавала кандытарам»

Гражына пераехала з Горадні ў Беласток паўтара года таму, акурат на піку эпідэміі каранавірусу. Ёй 35 гадоў, ёсьць муж і сын-школьнік.

У Беларусі яна працавала ў мэдыясфэры, мае філялягічную адукацыю. У апошнія гады перад пераездам праходзіла зь цікавасьці платныя кулінарныя курсы — «для сябе». Навучылася пячы хлеб і рабіць торты ды пірожныя.

У Польшчы рассылала рэзюмэ ў месцы працы, зьвязаныя з кулінарыяй. Пасьля гутаркі яе гатовыя былі браць у кулінарны аддзел буйной гандлёвай сеткі, аднак гарадзенцы не спадабаліся ўмовы працы, у тым ліку таму, што там не было творчасьці. Гражыну таксама былі гатовыя ўзяць у невялікую піцэрыю, але ёй не спадабалася атмасфэра.

Урэшце жанчына знайшла месца кандытара ў кавярні, якая пашыралася і адкрывала яшчэ адзін пункт, нягледзячы на пандэмію.

«Бывае, што гаворыш з чалавекам 10 хвілін, а адчуваньне, што ведаеш яго ўсё жыцьцё, настолькі вы разумееце адна адну, у вас падобны падыход да справы», — кажа яна пра гутарку з уласьніцай кавярні і цяперашняй сваёй кіраўніцай.

Спэцыяльнай адукацыі ў яе не патрабавалі. Далі выпрабавальны тэрмін, каб паглядзець, што ўмее рабіць.

Праца ў Гражыны пачынаецца рана ранкам, штодня выходзіць прынамсі па 8 гадзін. Увесь час на нагах.

Гражына прывезла ў кавярню «новыя рэцэпты з сваіх сшыткаў» з навучаньня. Ейны варыянт «Напалеона» прыжыўся і стаў самым папулярным у замовах за год, а вось любімы многімі ў Беларусі мядовік кліенты не ўпадабалі — яго гатуюць няшмат. Таксама кандытарка ўвяла шмат новых рэцэптаў чызкейкаў.

Новы прафэсійны кірунак ёй падабаецца. Важна, што яна сама вырашае, што сёньня гатаваць, як упрыгожваць, крэатыўнасьць і ініцыятыва вітаюцца. Галоўнае, каб падабалася гасьцям.

У калектыве, дзе ёсьць і іншыя беларусы, яе прымаюць добра. Калі пачалася вайна ва Ўкраіне, Гражына разам з калегамі валянтэрыла на складах дабрачыннай дапамогі ўкраінскім уцекачам.

За месяц кандытар, які добра працуе і мае прэміі, можа атрымаць каля 3 тысяч злотых (650 даляраў).

Будоўля: «Я мог мець гэтыя грошы і ў Беларусі, але самі разумееце, чаму выехаў»

Віктар* (імя зьмененае на просьбу суразмоўцы) зьехаў у Польшчу ад перасьледу. І ў Беларусі, і ў Польшчы рабіў на будоўлі.

Цяпер будуе дамы пад Гданьскам. Працадаўца дае яму бясплатнае жытло ў інтэрнаце, а таксама бясплатна выдае пэўныя прадукты — прыкладам, каўбасу, бульбу. Праца ў сярэднім па 10 гадзін на дзень. Выходны ўлетку толькі адзін — нядзеля, у суботу працоўны дзень скарочаны на 1 гадзіну. Калі работнік лёгка хварэе, то проста папярэджвае працадаўцу і некалькі дзён ня ходзіць на працу.

Аплата — 20 злотых на гадзіну. За месяц можна зарабіць 4500 злотых (1000 даляраў).

Раней Віктар працаваў у Беластоку, выкладваў пліткай дарожкі. Зарабляў 5–6 тысяч злотых у месяц (да 1300 даляраў). Аднак там не давалі жытла і прадуктаў.

У Варшаве або ў прадмесьці заробкі крыху большыя — 23–28 злотых за гадзіну. За месяц выходзіць да 1400 даляраў. Аднак у Варшаве і жытло, бадай што, найдаражэйшае ў краіне.

«З плюсаў працы на будоўлі ў Польшчы — ты больш зарабляеш, праца больш стабільная. У прынцыпе, і ў Беларусі я столькі мог зарабляць, тое на тое выходзіла, аднак вы самі разумееце, чаму я зьехаў», — падсумоўвае Віктар.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG