Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Мае малыя вырастуць безь мяне». Расказваем пра азотаўцаў, якіх чакае суд у справе «Рабочага руху»


«Гродна Азот», сустрэча работнікаў, якія хочуць страйкаваць, з кіраўніцтвам гораду, жнівень 2020 году
«Гродна Азот», сустрэча работнікаў, якія хочуць страйкаваць, з кіраўніцтвам гораду, жнівень 2020 году

У справе «Рабочага руху», які меўся абараняць правы працоўных, праходзяць чацьвёра супрацоўнікаў «Гродна Азот». Неўзабаве іх пачнуць судзіць. Расказваем пра іх і прыводзім фрагмэнты іхных лістоў зь СІЗА.

Вінавацяць у «здрадзе дзяржаве»

«Рабочы рух» узьнік у 2020 годзе. У яго аб’ядналіся беларускія працоўныя, у тым ліку лідэры і актывісты страйкаў 2020 году.

Справай «Рабочага руху» займаўся КДБ. Падставай для яе сталі спробы зладзіць страйк на «Гродна Азоце» і «БМЗ». Матэрыялы ўжо перадалі ў пракуратуру. Гэта значыць, што неўзабаве пачнецца суд.

У справе 10 фігурантаў — былыя работнікі «Гродна Азоту», «БМЗ», «Нафтану», «Атланту» і Беларускай чыгункі; 9 мужчын і адна жанчына. Іх вінавацяць у «здрадзе дзяржаве» і «стварэньні экстрэмісцкага фармаваньня». Толькі за «здраду» ім пагражае 15 гадоў калёніі. Вядома, што перад затрыманьнем актывістаў у іхную групу пранік агент КДБ.

Звольнілі і страйкоўцаў, і дырэктара

Страйк на прадпрыемстве «Гродна Азот» прагучаў у 2020 годзе на ўсю Беларусь. Ён быў заплянаваны на 26 кастрычніка, калі мелася пачацца «народная забастоўка».

Перазьменка на «Азоце» адбываецца каля 8-й гадзіны ранку. Перад гэтым на прахадной «Азоту» сабралася 150 чалавек. Сілавікі жорстка затрымалі каля 30. Рэшта работнікаў яшчэ цэлы дзень знаходзіліся на тэрыторыі і не заступалі на працу.

Некалькі дзён частка супрацоўнікаў адмаўлялася пераймаць свае зьмены. Каля 40 чалавек пісьмова заявілі аб далучэньні да страйку. Іншыя працавалі замест іх па 36 гадзін запар.

Кіраўніцтва запрасіла на працу пэнсіянэраў, стажораў, экс-работнікаў. На замену страйкоўцам прыехалі штрайхбрэхеры зь іншых хімічных заводаў.

Аднак вытворчасьць не спынілі. Больш за 10 чалавек пасьля гэтага звольнілі. Яны безвынікова спрабавалі аднавіцца на працы праз суд.

Урэшце зьнялі і прыхільнага Лукашэнку гендырэктара Ігара Бабыра, пры якім гэта ўсё адбывалася.

Працавалі ў самым «пратэставым» цэху «Азоту»

Азотаўцы щ справе — гэта гарадзенцы Сяргей Шэлест, Андрэй Пагерыла, Уладзімер Жураўка, Валянцін Цераневіч. Першыя трое працавалі ў самым «пратэставым» цэху «Азоту» — «Аміяк-3». Ён ня раз нечакана спыняўся ў 2020–2021 годзе празь нейкія паломкі, хаця і быў пасьля рамонту. Над ім, як і ў розных месцах тэрыторыі «Гродна Азот», некалькі разоў невядомыя ўздымалі бел-чырвона-белы сьцяг.

Валянцін Цераневіч працаваў на «Хімвалакне», якое некалі ўвайшло ў склад «Азота», але зьяўляецца асобнай вытворчасьцю.

Мужчыны пад вартай ужо амаль год. Спачатку ўсе чацьвёра сядзелі ў СІЗА КДБ, потым іх перавялі на «Валадарку», а цяпер яны знаходзяцца ў сьледчым ізалятары Гомля.

Так разганялі гарадзенцаў, якія выйшлі на марш у падтрымку страйкоўцаў-азотаўцаў
Так разганялі гарадзенцаў, якія выйшлі на марш у падтрымку страйкоўцаў-азотаўцаў

Сяргей Шэлест: вывесіў бел-чырвона-белы сьцяг на тэлевышцы

Сяргей Шэлест
Сяргей Шэлест

Сяргею 30 гадоў. Ён працаваў на «Азоце» каля году апаратчыкам цэха «Аміяк-3». Пасьля страйку яго звольнілі, ён працаваў на сябе. Яго затрымалі 20 верасьня 2021 году, калі ад спробы страйку засталіся толькі ўспаміны. Спачатку зьявілася інфармацыя, што па Сяргея прыйшлі, але яму далося ўцячы, аднак яго ўсё ж затрымалі.

Сяргея і раней некалькі разоў затрымлівалі і кідалі на «суткі» яшчэ ў 2020-м, за «пратэсты».

У верасьні 2020 году ён разам з Андрэем Пагерылам ускараскаліся на тэлевышку ў Горадні і вывесілі бел-чырвона-белы сьцяг на вышыні 170 мэтраў. Гэта было рана ранкам. Сьцяг амаль ніхто з гараджан не пабачыў, бо яго адразу зьнялі, а «азотаўцаў» затрымалі і пасадзілі на 10 сутак.

Чытач Свабоды падзяліўся фрагмэнтамі ліста ад Сяргея Шэлеста зь СІЗА.

«Жаданьне ў мяне толькі адно: хутчэй вярнуцца дадому да сям’і, да сваіх любімых і родных! Вось так, жывеш спакойна: сям’я, выхоўваеш дзяцей, працуеш, а ў адзін момант усё рэзка можа зьмяніцца, хаця нічога незаконнага не зрабіў».

«Скажу адно, за сваё невялікае падарожжа я пабываў у трох месцах — гэта СІЗА КДБ, „Валадарка“ і СІЗА ў Гомлі, пабачыў нямала людзей, пагаварыў, і, ведаеце, сваёй думкі я не зьмяніў, яшчэ больш пераконваюся ў бардаку, свавольстве: няма ні справядлівасьці, ні шчырасьці, і гэта вельмі сумна!»

«І калі гэта ўсё скончыцца, калі ўжо наш народ свабодна ўздыхне, ня трэба будзе баяцца гаварыць праўду… Калі перастануць саджаць нявінных людзей, калі пачнуць выконваць свой абавязак, працу сумленна і справядліва, і адрозьніваць нявіннага чалавека ад вінаватага?»

«Сядзіш у чатырох халодных, сырых сьценах, неба чыстага ня бачыш і на душы таксама сум, трывога, боль, і толькі лісты ад каханых, родных, блізкіх, знаёмых і нават зусім не знаёмых людзей грэюць душу, прыносяць часьцінку цеплыні і радасьці ў гэтыя сьцены… А любоў — вельмі складанае пачуцьцё, здольнае на многае. Калі ведаеш, што цябе дома чакае твая сям’я, твае любыя, тады і рукі не апускаюцца, і верыш, што неўзабаве ўсё будзе добра!»

«У мяне больш-менш усё добра, натуральна, наколькі гэта магчыма ў гэтых умовах і сытуацыі. Я вытрываю, спраўлюся з усім, не зламаюся, прайду ўсе выпрабаваньні, але вось расстаньне зь сям’ёй, зь любімымі я ім не прабачу!»

«Вось пытаюцца: „За што сядзіш?“ — „За праўду!“ — „А-а-а, палітыка“. — „І вось дзе тут палітыка?“ І адказу няма. Хацелася бы скончыць ліст такімі словамі: „У чым сіла? Сіла ў праўдзе! У каго праўда, той і мацнейшы! Дык ня вешайма нос, усё будзе добра! :-) “»

Андрэй Пагерыла: «Мае малыя вырастуць безь мяне»

Андрэй Пагерыла (першы зьлева)
Андрэй Пагерыла (першы зьлева)

Андрэю 31 год. Ён працаваў сьлесарам-рамонтнікам. Яго таксама пасьля спробы страйку звольнілі ўвосень 2020 году, ён безвынікова спрабаваў аднавіцца на працы праз суд. Апошні год працаваў на сябе. Затрымалі яго першым з «азотаўцаў» 17 верасьня 2020 году.

У Андрэя трое малых дзяцей.

Разам зь Сяргеем Шэлестам ён падымаў на тэлевышку бел-чырвона-белы сьцяг у верасьні 2020 году, за што атрымаў 10 дзён арышту. Гэта і стала падставай для звальненьня нібыта за прагулы.

Прыводзім фрагмэнты зь ягонага турэмнага ліста.

«Ёсьць проста „ціхмянасьць“, гэта, пэўна, самае трапнае акрэсьленьне майго стаўленьня да таго, што адбываецца. Нічога зьмяніць і ні на што паўплываць не магу. Пачуцьцяў і перажываньняў у душы, вядома ж, цэлы каскад, толькі ўсе яны нічога ня значаць тут.

Самае невыноснае, безумоўна, тое, што мае малыя вырастуць бяз таты, ды і называць іх „маімі малымі“ я ўжо наўрад ці здолею. Як той казаў, бацькі ня тыя, хто зрабілі, а тыя, хто выгадавалі, выхавалі, уклалі сваю душу і навучылі, наколькі гэта магчыма, разуменьню гэтага сьвету і жыцьцю ў ім.

Паколькі я вярнуся ў лепшым выпадку праз 8–10 гадоў, то такой магчымасьці я пазбаўлены, і празь якія б мэты, высакародныя або не, я тут ні апынуўся, гэта ня будзе ніколі апраўдана для маіх малых, чаму мяне не было побач.

Я жыў сваімі малымі, у іх я бачыў нейкі сэнс усяго бадай што. Насамрэч гэта надта цяжкая тэма. І як ні фанабэрыста і эгаістычна гэта гучыць, але тут я спрабую пра іх ня думаць, бо проста звар’яцею».

«Калі я апынуўся тут, стаў больш ясна разумець, чаму ў нас усё так, як яно ёсьць, і што вінаваціць каго заўгодна, акрамя нас саміх, нельга. Мы ўсё гэта дапусьцілі, мы на ўсё гэта закрывалі вочы, пакуль нас гэта не датычыла і ўсіх усё задавальняла».

Андрэй расказаў у лісьце, што сустракае ў СІЗА людзей «адукаваных, пісьменных, эрудаваных або проста „добрых“, простых, якія ўсё жыцьцё стараліся жыць правільна, прытрымліваліся маральных прынцыпаў».

«Я, папраўдзе, ужо вельмі чакаю суду і не асабліва перажываю, што мне там прысудзяць. Проста хачу трапіць хаця б у калёнію. Нарэшце здолею проста паглядзець на неба, убачыць дрэва, адчуць вецер, дождж, сьнег, ды што заўгодна, проста сьвятло сонца».

Уладзімер Жураўка: «Аб нас выціраюць ногі»

Уладзімер Жураўка
Уладзімер Жураўка

Уладзімеру 37 гадоў. Ён працаваў апэратарам дыстанцыйнага пункта ўпраўленьня.

Стаў вядомым пасьля эмацыйнага відэазвароту пра далучэньне да страйку.

«Гэта нашая віна, гэта мы дапусьцілі, што нашых дзяцей цяпер не пускаюць з Польшчы па грошы і па цёплую вопратку, што ў нас жалезная заслона. Аб нас выціраюць ногі. Закрываюць усе бізнэсы, маленькія кавярні, кандытарскія, проста, з надуманых прычынаў, і мы ўсё гэта глытаем.

Людзі пакутуюць, а мы ўсё гэта глытаем. Немагчыма глядзець на тое, што вырабляюць з работнікамі культуры, з работнікамі мэдыцыны, што вырабляюць з нашымі легендамі спорту, і ўсім пляваць, усе ідуць усё роўна і працуюць. Шкада, што насамрэч добрых, сумленных, адважных людзей аказалася ня так многа, як мы верылі», — казаў ён у звароце.
Уладзімера таксама звольнілі з «Азоту» увосень 2020 году.

Валянцін Цераневіч: быў намесьнікам старшыні незалежнага прафсаюзу

Валянціну 47 гадоў. Ён быў намесьнікам старшыні незалежнага прафсаюзу «Гродна Азот», які нядаўна прызналі «экстрэмісцкай арганізацыяй».

Валянцін Цераневіч
Валянцін Цераневіч

Колькасьць чальцоў незалежнага прафсаюзу ў 2020–2021 гадах вырасла з 20 чалавек да 500. БНП спрабаваў праз суд абараніць правы звольненых пасьля страйку работнікаў, аднак бяз посьпеху.

Цераневіча затрымлівалі «за пратэсты» яшчэ ў 2020 годзе.

Наколькі вядома, ён працягваў працаваць на заводзе «Хімвалакно» ажно да затрыманьня 20 верасьня 2020 году.

Страйк асобна на заводзе «Хімвалакно» не атрымаўся. 26 кастрычніка 2020 году людзі спрабавалі сабрацца на прахадной, аднак іх пільнавалі супрацоўнікі ў цывільным, а кіраўніцтва папярэджвала пра наступствы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG