Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кіраўнік МЗС Літвы: Беларусам і расейцам мы выдаем візы толькі з гуманітарных меркаваньняў

Габрыелюс Ландсбергіс
Габрыелюс Ландсбергіс

Кіраўнік МЗС Літвы Габрыэлюс Ландсбергіс расказаў пра выдачу візаў расейцам і беларусам пасьля ўварваньня Расеі ва Ўкраіну і пра падтрымку, якую краіна аказвае ўкраінцам.

Інтэрвію палітык даў DW.

Міністар замежных спраў Літвы Габрыелюс Ландсбергіс у інтэрвію для праграмы «вТРЕНД.de» адказаў на пытаньні аб тым, ці працягне Літва выдаваць шэнгенскія візы расейцам і беларусам, як ставяцца жыхары краіны да расейцаў, што прыехалі пасьля пачатку вайны РФ супраць Украіны, якую дапамогу аказвае Літва ўкраінцам і ці лічыць падтрымку ЭЗ Украіне дастатковай.

— Я хацеў бы пачаць з інтэрвію, якое прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі даў некалькі дзён таму і ў якім ён, па сутнасьці, заклікаў Захад увесьці забарону на паездкі для ўсіх расейцаў. Такім чынам яны адчуюць, што іх краіна сапраўды знаходзіцца ў стане вайны, сказаў ён. Якая ваша думка наконт яго прапановы?

— Пачнем з таго, што Літва прыняла гэтае рашэньне даволі рана. І ня толькі з палітычных прычын, але і з практычных. Справа ў тым, што калі пачалася вайна, у Літву накіраваўся вялізны паток людзей, якія шукалі прытулку. Яны ўцякалі ад перасьледу, напрыклад, зь Беларусі, які пачаўся ўжо даўно.

— 2020 год?

— Так. 2020-ы. Прайшло ўжо амаль два гады. А таксама з Расеі, з Масквы. Магчымасьці консульства абмежаваныя, гэта азначае, што людзі могуць выдаць толькі абмежаваную колькасьць візаў. Так што трэба адказаць на вельмі простае пытаньне: каму вы дасьцё візу першым? Сям’і члена NGO, які можа зазнаваць перасьлед, чые бацька ці маці зазнаюць перасьлед, — або турысту, які хоча правесьці некалькі выдатных дзён на ўзьбярэжжы Літвы? Адказ відавочны.

Таму мы практычна спынілі выдачу візаў людзям, якія едуць на адпачынак, і выдаём толькі візы з гуманітарных меркаваньняў. Так што для нас гэта ня новая дыскусія, і мы лічым, што гэта павінна быць агульнаэўрапейскім рашэньнем, таму што, як вы ведаеце, пакуль Шэнген працуе так, як цяпер, нашы межы прапускаюць людзей як губка. Некаторыя заяжджаюць у адну краіну...

— Так, калі Фінляндыя выдае візу, то потым зь ёю можна паехаць у ЭЗ куды заўгодна.

— Так, так. Менавіта так. І мы таксама бачылі такія выпадкі. Людзі, якія не павінны былі знаходзіцца ў Літве, раптам аказваюцца тут ці ў іншых краінах. Так што такое здараецца. Таму мы цалкам падтрымліваем рашэньне на эўрапейскім узроўні. І потым, відавочна, ёсьць палітычны бок пытаньня, а ёсьць маральны.

Мы разумеем, што людзі былі вымушаныя ўцякаць з Украіны, некаторыя зь іх застаюцца там, змагаюцца за сваё жыцьцё, змагаюцца за свае дамы, у той час як людзі з краіны, якая вядзе вайну, усё яшчэ могуць свабодна падарожнічаць і карыстацца ўсімі выгодамі вольнага сьвету, супраць якіх, па сутнасьці, змагаецца іх урад.

«Мы можам ацаніць, у каго ёсьць гуманітарная патрэба атрымаць візу»

— Але расейская апазыцыя, прынамсі яе частка, кажа, што гэтыя візавыя забароны перашкаджаюць людзям паехаць у ЭЗ зь меркаваньняў бясьпекі, перашкаджаюць прадстаўнікам НКА, палітычным актывістам, якім цяпер у Расеі пагражаюць працяглыя турэмныя тэрміны. Такім чынам, яны кажуць, што вы, па сутнасьці, граеце на руку Пуціну.

— Я б так не сказаў. Літва — выдатны таму прыклад, бо мы змаглі перастаць выдаваць турыстычныя візы і спыніць людзей, якія прыяжджаюць сюды дзеля задавальненьня, але фактычна дазволіць прыяжджаць сюды людзям, якія ўцякаюць ад перасьледу. І зноў жа, я маю на ўвазе, што мы павінны адказаць сабе на іншае пытаньне. Зь якой Расеяй мы хочам мець справу ў будучыні? З той, у якой як бы дзьве краіны, так бы мовіць, адна дыктатарская — людзі, якія вырашылі застацца там, застаюцца, і ім усё роўна. А ўсе астатнія, хто супраць вайны, хто прытрымліваецца дэмакратычных каштоўнасьцяў, яны зьехалі...

— Гэта ўжо рэальнасьць. Гэтыя дзьве Расеі — ужо рэальнасьць.

— Не канечне. Я б так не сказаў. Ведаеце, калі мы кажам, што нават калі б у Расеі было пяць, дзесяць працэнтаў людзей, якія супраць вайны, то гаворка б ужо ішла пра мільёны. Вы хочаце, каб гэтыя мільёны былі ўнутры Расеі ці за яе межамі?

— Які ваш адказ?

— Я па-ранейшаму веру, што перамены прыходзяць знутры. І калі мы верым, што ў будучыні нас чакае дэмакратычная Расея, то яе станаўленьне будзе адбывацца знутры, у асноўным ад тых пяці, сямі, пятнаццаці, хто ведае, колькі працэнтаў. Але гэта паходзіць ад іх.

— Дапусьцім, ЭЗ, Эўракамісія, Рада ЭЗ зьбяруцца, каб прыняць рашэньне аб адзінай візавай палітыцы. Якая будзе канчатковая пазыцыя Літвы?

— Я б выказаў здагадку, што рашэньне Літвы па візах — гэта той шлях, па якім можна пайсьці. Спыніць выдачу візаў людзям, якія прыяжджаюць сюды зь любых прычын, акрамя гуманітарных. А як можна ацаніць прычыны? Мы знайшлі спосаб, супрацоўнічаючы зь няўрадавымі арганізацыямі і многімі іншымі партнэрамі. Так мы можам ацаніць, у каго ёсьць гуманітарнае запатрабаваньне і ён уцякае ад перасьледу, а хто, па сутнасьці, жадаў прыкінуцца і проста жыць прасьцейшым жыцьцём тут, у Літве ці на Захадзе.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
  • 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
  • З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
  • Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Тэмы гэтага артыкулу
XS
SM
MD
LG