Літва і Чэхія падтрымалі прапанову забараніць расейцам уезд у Эўразьвяз

Літва падтрымлівае рашэньне ўладаў Эстоніі забараніць расейцам уезд у краіну.

У МЗС Літвы мяркуюць, што візавыя абмежаваньні дзейнічаюць больш эфэктыўна, калі яны прымаюцца на ўсесаюзным узроўні, паведамляе выданьне BNS.

«Літва пасьлядоўна выступае за санкцыі супраць агрэсіўных дзяржаў і прытрымліваецца пазыцыі, што абмежаваньні працуюць больш эфэктыўна, калі яны прымяняюцца на ўзроўні ЭЗ», — цытуе BNS заяву прадстаўніка МЗС.

Раней Эстонія аб’явіла, што закрые мяжу для расейцаў з выдадзенымі краінай шэнгенскімі візамі. Гэтае рашэньне тычыцца толькі віз, выдадзеных Эстоніяй, і не закранае візы, выдадзеныя іншымі краінамі Шэнгенскай зоны. Аднак на наступным тыдні ўрад мае намер абмеркаваць спосабы, як можна было б забараніць уезд усім грамадзянам Расеі.

Чэхія таксама падтрымала заклікі забараніць выдачу шэнгенскіх віз расейцам. Міністар замежных спраў Чэхіі Ян Ліпаўскі паведаміў, што Чэхія будзе дабівацца кансэнсусу па гэтым пытаньні на сустрэчы кіраўнікоў МЗС Эўразьвязу ў канцы жніўня ў Празе. Такая забарона можа быць уключаная ў чарговы пакет санкцый ЭЗ супраць Расеі.

​
XS
SM
MD
LG