Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расея рыхтуецца да наступу на Харкаў і ў Херсонскай вобласьці. На чатырох кірунках Данеччыны расейцы адступілі

Украінскі баец ля Харкава. 28 ліпеня 2022
Украінскі баец ля Харкава. 28 ліпеня 2022

Асноўныя падзеі на франтах расейскай вайны супраць Украіны па стане на 4 жніўня.

Цягам трэцяга жніўня расейскія сілы абстралялі 30 населеных пунктаў Украіны. Загінулі 16 мірных жыхароў, дзясяткі атрымалі раненьні. У ноч на 4 жніўня расейцы абстралялі населеныя пункты ў 9 абласьцях Украіны. З самай раніцы пэрыядычна гучыць паветраная трывога ў Запароскай, Днепрапятроўскай, Харкаўскай і Мікалаеўскай абласьцях.

Пэрымэтар абстрэлаў і баявых дзеяньняў застаецца нязьменным — Расея спрабуе выйсьці на адміністрацыйныя межы Данецкай і Луганскай вобласьці і замацавацца на поўдні — у Херсонскай і Запароскай абласьцях.

Украінскія сілы з пачатку чэрвеня канцэнтруюцца на зьнішчэньні лягістыкі для забесьпячэньня расейцаў — складоў з боепрыпасамі і апорных пунктаў.

Мікалаеў зноў абстралялі а 4-й раніцы

У Мікалаеве расейскія снарады трапілі ў жылыя будынкі — пашкодзілі дах і выклікалі пажар. Яшчэ некалькі ракет упалі на праезную частку вуліцы і тратуар. Папярэдне ўлады кажуць, што людзі не пацярпелі.

У Ачакаве Мікалаеўскага раёну пашкодзілі электрападстанцыю. Гэты раён разам з Баштанскім расейцы стала абстрэльваюць ужо цягам тыдня. Трэцяга жніўня раненьні атрымалі двое цывільных. Шмат пашкоджана жылых будынкаў і тэрыторый між вёскамі. Абстрэлы заўсёды выклікаюць вялікія пажары.

На Данеччыне артылерыяй рыхтуюць новы наступ

Пад моцнымі абстрэламі, якія раўняюць усю інфраструктуру з зямлёй, знаходзяцца ключавыя для ўкраінскай абароны населеныя пункты ў Данецкай вобласьці — Аўдзееўка, Пяскі, Бахмут, Салядар, Сіверск. Для гэтага расейцы выкарыстоўваюць ня толькі артылерыю, але і авіяцыю.

Аднак, як сьцьвярджаюць у Генэральным штабе Ўзброеных сіл Украіны (і гэта пацьвердзілі экспэрты амэрыканскага Інстытуту вывучэньня вайны), нягледзячы на такі інтэнсіўны наступ, расейцы вымушаны былі адступіць на чатырох кірунках — пад Славянскам, Краматорскам, Бахмутам і Аўдзееўкай.

Днём 4 жніўня стала вядома, што ў выніку масавага абстрэлу Тарэцка, які распачаўся аб 11-й, загінулі 8 і яшчэ 4 мясцовых грамадзян атрымалі раненьні, у тым ліку тры дзіцяці. Снарад пацэліў у прыпынак грамадзкага транспарту, дзе ў той момант была вялікая колькасьць людзей.

Аднавілася атака на Нікапаль у Днепрапятроўскай вобласьці

Нікапаль знаходзіцца на мяжы Днепрапятроўскай і Запароскай абласьцей, абстрэл гэтага гораду ажыцьцяўляецца з акупаваных тэрыторый Запарожжа.

Улады Днепрапятроўшчыны сьцьвярджаюць, што ў ноч на 4 жніўня расейцы выпусьцілі на горад 60 ракет з «Градаў» — адзін жылы будынак зьнішчаны цалкам, яшчэ 50 пашкоджаныя. Зачапіла тры дзясяткі гаспадарчых пабудоў і мясцовую электрастанцыю. Улады высьвятляюць, ці ёсьць людзкія ахвяры.

Расея рыхтуецца да наступу на Харкаў

На харкаўскім кірунку расейскія войскі зрабілі некалькі спроб наступу ў 40-кілямэтровым поясе Харкава — у Ізюмскім, Чугуеўскім і Харкаўскім раёне. Артылерыю на акупаваных тэрыторыях рэгіёну падтрымалі зь Белгародзкай вобласьці Расеі.

У выніку абстрэлаў шмат пашкоджаньняў жылога сэктару і прадпрыемстваў.

Мінімум чацьвёра цывільных атрымалі раненьні і адзін загінуў. Улады кажуць, што сярод загінулых — адзін грамадзянін Расеі.

У амэрыканскім Інстытуце вывучэньня вайны мяркуюць, што бесьперапынныя артылерыйскія ўдары на захад ад Ізюму сьведчаць пра намер Расеі стварыць умовы для наступу на захад па лініі Ізюм — Славянск далей, да Харкаўскай вобласьці.

Баі пад Херсонам не спыняюцца

Улады Херсонскай вобласьці паведамляюць, што сытуацыя ў рэгіёне застаецца напружанай. Цягам апошніх 24 гадзін ішлі цяжкія баі, а выбухі чулі практычна ва ўсіх грамадах рэгіёну.

Штодзень зьяўляецца інфармацыя аб атрыманьні раненьняў мясцовымі жыхарамі, а таксама аб затрыманьні расейцамі актывістаў у акупаваных населеных пунктах, а самі вёскі вельмі моцна разбураныя.

Выведка Міністэрства абароны Вялікай Брытаніі паведаміла, што пасьля абстрэлу ўкраінскім войскам транспартных вузлоў на акупаванай Херсоншчыне Расея пачала ўсталёўваць на мастах пірамідальныя радыёлякацыйныя адбівальнікі, каб схаваць масты ад абсталяваньня для навядзеньня ракет.

«Гэта падкрэсьлівае пагрозу, якую Расея адчувае ў сувязі з тым, што павялічылася далёкасьць і дакладнасьць сыстэм», — адзначылі ў брытанскай выведцы.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
  • 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
  • З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
  • Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Тэмы гэтага артыкулу
XS
SM
MD
LG