Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«У беларускім войску вельмі шмат расейцаў у беларускай форме», — украінскі палітоляг пра тое, ці можа Беларусь рыхтаваць напад на Ўкраіну


Ілюстрацыйнае фота.
Ілюстрацыйнае фота.

Адкрытае ўварваньне Беларусі ва Ўкраіну, а ня проста прадастаўленьне тэрыторыі для нападаў расейскай арміі, — пытаньне часу, перакананы ўкраінскі палітоляг Кірыл Сазонаў.

У эфіры «Настоящего времени» ён расказаў, якія бачыць прыкметы падрыхтоўкі Беларусі да ўварваньня і ці можа быць такое ўварваньне пасьпяховым.

— Што вы маеце на ўвазе, калі кажаце, што Беларусь сьцягнула да мяжы ўсё, што ў яе было?

— Глядзіце, усё вельмі проста. Як выглядаюць маштабныя вучэньні ўзброеных сіл любой краіны — ці гэта Беларусь, ці гэта Расея, Украіна, Малдова? Пішацца плян вучэньняў, падпісваюцца фінансавыя дакумэнты, вызначаецца склад удзельнікаў, мэты і задачы: з чаго пачынаем, што робім, чым заканчваем, хто за што адказвае, колькі гэта каштуе, колькі трэба кансэрваў, хлеба, гаруча-змазачных матэрыялаў, мэдыцыны. Гэты плян зацьвярджаецца на самым высокім узроўні. Гэта значыць, Міністэрства фінансаў абавязкова павінна вылучыць грошы, прэзыдэнт павінен як галоўнакамандуючы ўсю гэтую справу зацьвердзіць. Схема выглядае так.

Беларусь пачала вучэньні яшчэ ў сьнежні месяцы, калі я не памыляюся. Потым яны іх працягнулі. І вось яны іх працягнулі чарговым разам да 23 чысла. Вы будзеце сьмяяцца, але яны працягнулі іх у 12-ы раз. Уяўляеце, што гэта такое? Ты выконваеш плян, выкочваеш гэты завезены выдзелены табе бэнзін, выкарыстоўваеш гэты алей, зьядаеш гэтыя кансэрвы. Падразьдзяленьні павінны адысьці да месцаў сталай дысьлякацыі, і тут табе кажуць: «Працягваем». Дзе ўсё браць? Як лягістычна ўсё падвозіць? Ізноў зацьвярджаць гэта на ўзроўні міністэрстваў і ведамстваў. То бок бюракратычна і лягістычна гэта вельмі цяжкі працэс. І яны яго паўтараюць 12-ы раз.

— А гэта можа быць такім падманам, для таго каб адцягваць украінскія сілы з усходу і з поўдня — «Глядзіце, з поўначы могуць на вас напасьці. Пераводзьце свае сілы вось сюды»?

— Яны ўжо адцягнулі частку ЗСУ. Натуральна, іх чакаюць, і там увесь час знаходзяцца нашы людзі. Там няма простай накатанай дарогі для іх — гэта факт. Але вельмі ўжо дарагая прыемнасьць. Тым больш, глядзіце, акрамя гэтых 12 разоў падаўжэньня вучэньняў днямі разгрузіўся склад з тэхнікай, якая пайшла на ахову дзяржаўнай мяжы Беларусі з Украінай. Другі састаў у Баранавічах, таксама з тэхнікай, разгружаецца, ідзе на мяжу з Украінай. На знакаміты беларускі аэрадром «Баранавічы» рэгулярна прыбываюць расейскія пілёты верталётаў і застаюцца там, вучаць беларускіх калег. Чаму? Натуральна, агульны курс падрыхтоўкі — гэта вядзеньне баявых дзеяньняў, вядзеньне агню. Але галоўнае, на чым яны засяроджаныя, — гэта высадка дэсанта.

Чым абстрэльваюць зараз Нікапаль, чым абстрэльваюць Нікалаеў? Гэта ракеты зэнітна-ракетнага комплексу С-300. З назвы зразумела, што гэта ракеты «зямля-паветра». Для таго каб зьбіваць самалёты. Іх зараз Расея перарабіла ў «зямля-зямля», імі абстрэльвае нашы гарады. Там далёкасьць паражэньня ня вельмі вялікая з пункту гледжаньня HIMARS — да 40 кілямэтраў. Беларусь зараз робіць тое ж самае: акрамя сваёй «арты», акрамя сваіх танкаў, акрамя сваіх і расейскіх ракет, яны перарабляюць С-300 у «зямля-зямля». Мусіць, таксама каб страляць не па Польшчы, не па Расеі.

— Гэта значыць, тое, што на мінулым тыдні Расея выпусьціла зь беларускага аэрадрома «Зябраўка» за адны суткі больш за два дзясяткі ракет па Кіеўскай і Чарнігаўскай абласьцях, — гэта можна расцэньваць як падрыхтоўку да ўварваньня беларускай арміі?

— Улічыце, што ў беларускім войску яшчэ вельмі шмат расейцаў у беларускай форме. Некаторыя кажуць, што там расейцаў ужо 80%. Як ацэньваюць спэцыялісты, зь якімі я маю зносіны, беларускае войска баіцца ўваходзіць, баіцца адразу ўгрузнуць. Таму папярэдне будзе нанесены вельмі магутны ракетны ўдар, і ўжо потым яны пойдуць па выпаленай зямлі, каб заняць хаця б тры рэгіёны.

Плянаў ісьці на Кіеў у іх няма. Пляны ісьці на Кіеў былі ў Пуціна, але, як кажуць розныя кампэтэнтныя людзі, у Пуціна з Лукашэнкам было пагадненьне: Пуцін бярэ Данецкую вобласьць, абвяшчае пра завяршэньне першай фазы так званай спэцапэрацыі, потым Пуцін прэ ўсімі сіламі ў бок Кіева, а Лукашэнка, у сваю чаргу, заходзіць са свайго боку.

Але мы бачым, што з Данецкай вобласьцю не атрымалася — расейцы адтуль пачынаюць паволі бегчы на Херсон, каб утрымаць хаця б Херсон. Бо ні з Бахмутам, ні са Славянскам, ні з Аўдзееўкай у іх нічога не атрымалася. Быў такі сцэнар, зараз яго могуць мяняць. Сцэнар мяняецца — жыцьцё жывое.

— Вы кажаце, што зь беларускага боку могуць заняць тры ўкраінскія вобласьці. Гэта якія?

— Я баюся зараз рабіць прагнозы. Я ведаю, што гаворка ішла аб трох абласьцях, і можна зрабіць выснову па карце дастаткова проста і зразумела. Але я ня буду рабіць высновы зараз, таму што я ня ведаю гэтага.

— Які тады можа быць плян займаць якія-небудзь тры вобласьці з поўначы Ўкраіны, калі Кіеў ня ёсьць мэтай?

— Кіеў стаіць мэтай, але на Кіеў пойдуць расейскія войскі. Задача Беларусі — заняць той кавалак, адцягнуць туды і зрабіць Украіну слабейшай.

— Вы кажаце, 80% расейскіх салдат ужо пераапранутыя ў беларускую форму?

— Гэта кажу ня я. Нам зразумела, што там куча расейцаў, пераапранутых у беларускую форму, — гэта ні для кога не сакрэт. Але працэнт, натуральна, можна высьветліць толькі ў выніку апытаньня ці расьсьледаваньня. Але шэраг спэцыялістаў пагаворваюць, што ўжо да 80 працэнтаў.

— Як вы расцэньваеце, ці можа асабовы склад адмовіцца ад наступу, калі паступіць такі ўказ?

— Расейскі — не.

— А беларускі?

— Беларускі можа, але гэта вырашаецца проста, як і з мабілізаванымі ў Данецку, Луганску, Лісічанску ці Севераданецку: заградатрад ззаду, і пабяжыш як міленькі. А, па-другое, калі ў вайсковай частцы сапраўды 80% расейцаў і 20% беларусаў, дык паспрабуй не пайсьці. Канечне, пойдуць. Зыходзім з горшага.

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, пакуль немагчымая.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG