Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Гэта першы ў гісторыі Беларусі тэхнічны дэфолт. Рэжым цягне на дно ўсіх нас», — эканаміст Алесь Аляхновіч


 Алесь Аляхновіч
Алесь Аляхновіч

Ці адбыўся дэфолт беларускай фінансавай сыстэмы? На колькі насамрэч упадзе беларускі экспарт? Ці вяртаецца беларуская эканоміка ў «ліхія дзевяностыя»?

На гэтыя пытаньні Юрыя Дракахруста на канале Свабода Premium адказвае прадстаўнік штабу Сьвятланы Ціханоўскай у эканамічных рэформах Алесь Аляхновіч.

Сьцісла

  • Дэфолт адбыўся, гэта прызналі два з трох рэйтынгавых агенцтваў.
  • Цяпер на міжнародных фінансавых рынках ніхто зь Беларусі ня зможа браць пазыкі — ні дзяржава, ні прыватнікі.
  • Нават калі прэзыдэнтам стане Ціханоўская, цана беларускіх аблігацыяў будзе вышэйшая, чым калі б дэфолту не было.
  • Патэнцыял падзеньня экспарту ў Беларусі складае 40%.
  • У траўні беларуская эканоміка скарацілася на 8%.

— 15 ліпеня міжнароднае рэйтынгавае агенцтва Moody’s паведаміла пра дэфолт Беларусі ў вонкавым доўгу — 13 ліпеня скончыўся льготны пэрыяд, цягам якога краіна мусіла выплаціць 22,9 мільёна даляраў па эўрааблігацыях Belarus-27.

Міжнароднае рэйтынгавае агенцтва Fitch панізіла доўгатэрміновы рэйтынг Беларусі ў замежнай валюце з С («дэфолт непазьбежны») да RD («абмежаваны дэфолт», або дэфолт у асобных абавязаньнях). S&P Global Ratings пакуль не камэнтавала сытуацыю на фінансавым рынку Беларусі.

Кепскія высновы ёсьць, але аднадушнага вэрдыкту прынамсі тройкі галоўных рэйтынгавых агенцтваў няма. Што гэта азначае для беларускай эканомікі?

Алесь Аляхновіч
Алесь Аляхновіч

— Гэта, безумоўна, тэхнічны дэфолт. Гэта прызнана двума з трох найбуйнейшых рэйтынгавых агенцтваў. Калі большасьць агенцтваў заяўляюць, што гэта дэфолт, то для інвэстараў гэта дэфолт.

Для каціровак беларускіх эўрааблігацыяў па сутнасьці няшмат што зьмянілася. Яшчэ да прыняцьця рашэньня Moodyʼs і Fitch беларускія эўрабонды на міжнародных фінансавых рынках каціраваліся па цане ад 5 да 15% ад намінальнай вартасьці.

І для рэжыму зьменаў няшмат. І да дэфолту ніхто Беларусі не зьбіраўся пазычаць. Беларускія чыноўнікі абвяшчалі, што краіна выйдзе на кітайскі фінансавы рынак і на рынак аблігацыяў Маскоўскай фондавай біржы. Але ані Масква, ані Пэкін, ані Баку — ніхто зь іх беларускаму рэжыму не пазычаў.

Але цяпер ня зможа пазычаць ня толькі дзяржава, але і бізнэс — і дзяржаўны, і прыватны. Для іх шлях на міжнародныя фінансавыя рынкі цяпер закрыты. Для некаторых зь іх ён быў закрыты і раней з прычыны санкцыяў. Але некаторыя кампаніі, напрыклад, «Эўраопт», хацелі выпусьціць аблігацыі, каб яны каціраваліся на Лёнданскай фондавай біржы.

Цяпер гэта немагчыма. Калі абвешчаны дэфолт, то не пазычаюць у гэтай краіне нікому.

Цяперашні дэфолт будзе мець наступствы і для новай, будучай Беларусі. Рэжым цягне на дно і сябе, і ўсіх нас.

Гэта першы ў гісторыі Беларусі тэхнічны дэфолт. Тэхнічны — гэта значыць, што сродкі выплачваць даўгі яна мае, але з розных іншых прычын ня можа ці ня хоча іх выплачваць.

Гэта значыць, што ў будучыні адсоткавая стаўка па дзяржаўным доўгу Беларусі і па даўгах прыватных прадпрыемстваў будзе вышэйшай, чым калі б гэтага дэфолту не было.

Нават калі Лукашэнка абвесьціць свабодныя выбары, калі на іх сумленна пераможа ён, ці Сьвятлана Ціханоўская, ці Віктар Бабарыка — усё роўна цана беларускіх аблігацыяў будзе вышэйшай, чым калі б цяперашняга дэфолту не было.

Гэта не азначае, што Беларусь цяпер ніколі не атрымае пазыкаў. Ёсьць прыклады краінаў — Аргентына, Грэцыя, якія зазналі дэфолт, якім цяпер даюць пазыкі, але па вышэйшай цане.

— Чаму беларускія ўлады пайшлі на дэфолт, заўпарціўшыся на адносна невялікай суме абавязаньняў, якія трэба было выплаціць — каля 22 мільёнаў даляраў? У маштабе краіны гэта мізэр. Беларусь мела магчымасьць выплаціць іх у дамоўленай валюце.

— Калі ў краіне «не да законаў», эканамічныя рашэньні прымаюцца пад уплывам эмоцыяў. Лукашэнка пакрыўдзіўся на «несяброўскія» краіны і вырашыў ім адпомсьціць. Але былі і эканамічныя чыньнікі.

Можна палічыць, колькі ў нас засталося золатавалютных рэзэрваў, каб падтрымліваць курс рубля і абслугоўваць дзяржаўны доўг. Агулам іх 7,5 мільярда даляраў у даляравым эквіваленце. Зь іх $3,1 мільярда — гэта рэзэрвы ў золаце. Іх ня так лёгка памяняць, асабліва пасьля таго, як Цэнтральны банк Эўропы ўвёў забарону на любыя апэрацыі з Нацыянальным банкам Беларусі (НББ).

$1,4 мільярда — гэта так званыя SDR, або спэцыяльныя правы запазычваньня, адмысловая валюта МВФ. Але ня факт, што НББ мог бы абмяняць іх на патрэбную валюту — даляры ці эўра. Гэта трэба рабіць праз МВФ. Былі выпадкі, калі Фонд адмаўляў краінам у канвэртацыі SDR.

Ёсьць аўтаматычная працэдура канвэртацыі. Але пры жаданьні МВФ можа паставіць пытаньне на галасаваньне. І калі большасьць краінаў-чальцоў вырашаць, што ўлады Беларусі нелегітымныя, у канвэртацыі можа быць адмоўлена. Так што беларускія ўлады могуць баяцца выкарыстаць гэты мэханізм. Калі на запыт у МВФ будзе адмова, гэта спародзіць яшчэ большую паніку сярод беларусаў і беларускіх фірмаў.

І яшчэ $3 мільярды — гэта ўласна валютныя рэзэрвы. Гэта нават не абавязкова валюта, гэта могуць быць высокаліквідныя актывы, скажам, аблігацыі казначэйства ЗША, якія можна прадаць імгненна.

Але частка з гэтых $3 мільярдаў была намінаваная ў эўра. Мы ня ведаем, якая. Але НББ часта капіюе паводзіны ЦБ Расеі. Там да вайны 20% валютных рэзэрваў былі ў эўра. Калі і ў Беларусі тое самае, то атрымліваецца, што з гэтых $3 мільярдаў $600 мільёнаў — у эўра.

Пасьля пачатку вайны Цэнтрабанк Эўропы ўвёў забарону на любыя апэрацыі з НББ. Гэта значыць, што Нацбанк ня можа апэраваць гэтымі сродкамі, намінаванымі ў эўра.

Тое самае зроблена і адносна РФ. У іх замарозілі палову золатавалютных рэзэрваў. Адносна Беларусі гэта ж зрабіў толькі Эўразьвяз.

Такім чынам, ліквідных рэзэрваў з 7,5 мільярда застаецца 2,4 мільярда. Гэта вельмі няшмат. Гэта столькі, колькі Беларусь мусіць аддаваць асноўнай часткі крэдытаў, акрамя адсоткаў.

22 мільёны, якія прапанавалі выплаціць рублямі, — гэта няшмат. Але ў лютым наступнага году трэба будзе выплаціць 800 мільёнаў. І гэта траціна ліквідных рэзэрваў. А ёсьць жа крытычны экспарт, трэба лекі набываць, за газ плаціць.

Так што справа ня толькі ў жаданьні паказаць Захаду «кузьчыну маці».

— Алесь, вось два паведамленьні. 18 ліпеня міністар замежных спраў Беларусі Ўладзімер Макей заявіў, што за пяць месяцаў 2022 году экспарт беларускіх тавараў скараціўся на 4,4% (гэта амаль $650 млн).

А 25 траўня віцэ-прэм’ер Беларусі Мікалай Снапкоў сказаў, што сёлета дзяржава рызыкуе недаатрымаць 14 мільярдаў даляраў экспартнай выручкі праз санкцыі і вайну ва Ўкраіне. Паводле яго, экспарт можа зьменшыцца на 30%.

Паводле Макея, экспарт за паўгода скараціўся на $650 мільёнаў. Паводле Снапкова, за год можа скараціцца на $14 мільярдаў. Як так? Што здарыцца ў другой палове году, чаго ня здарылася ў першыя паўгода, 4 месяцы зь якіх прыпалі на вайну?

— Тут няма супярэчнасьці. Са студзеня па травень экспарт тавараў сапраўды скараціўся на 4,4% — прыкладна на 650 мільёнаў. Гэта яшчэ няшмат.

У студзені экспарт вырас на 30%, у лютым — на 10%. У сакавіку-траўні ён скараціўся на 18% у параўнаньні з адпаведным пэрыядам 2021 году.

Патэнцыял падзеньня беларускага экспарту складае прыкладна 40%, калі ўлады ня змогуць пераарыентаваць экспартныя патокі.

Адкуль гэтыя 40%? Летась 14% беларускага сусьветнага экспарту тавараў прыпалі на Ўкраіну. Сёлета больш за 40 краінаў прынялі эканамічныя санкцыі адносна Беларусі. Яны забаранілі прыкладна дзьве траціны імпарту зь Беларусі.

У гэтыя 40 краінаў Беларусь пастаўляла прыкладна 27% свайго таварнага экспарту. 2/3 ад гэтага — 18%. Разам са стратай украінскага рынку — гэта 32%.

Плюс рэцэсія на 8–10% у Расеі. Гэта магчымае падзеньне беларускага экспарту і ў Расею.

Кітай, Індыя і Бразылія хочуць набываць беларускія калійныя ўгнаеньні. Але як іх даставіць? Іншыя краіны ў Афрыцы ці Азіі хацелі б набываць беларускія тавары. Але няма як аплаціць.

Таму патэнцыял падзеньня экспарту — 40%.

Улады яшчэ ў 2020 годзе заяўлялі, што калі будуць санкцыі, мы пераарыентуем экспарт на Расею. І што ж атрымалася?

У сакавіку сёлета таварны экспарт Беларусі ва ўсе краіны сьвету, акрамя Расеі, зьменшыўся на 620 мільёнаў, у Расею — зьменшыўся на 60 мільёнаў.

У красавіку сёлета таварны экспарт Беларусі ва ўсе краіны сьвету, акрамя Расеі, зьменшыўся на 930 мільёнаў, у Расею — вырас на 210 мільёнаў. Нейкая пераарыентацыя адбылася.

У траўні сёлета таварны экспарт Беларусі ва ўсе краіны сьвету, акрамя Расеі, зьменшыўся на 660 мільёнаў, у Расею — вырас на 380 мільёнаў.

Экспарт у Расею павялічваецца, магчыма, за кошт сыходу з расейскага рынку заходніх кампаніяў.

Але сумарна за вясну экспарт ва ўсе краіны, акрамя Расеі, упаў на 2,2 мільярда, а ў Расею — вырас на паўмільярда.

— За студзень — чэрвень аб’ём валавога ўнутранага прадукту (ВУП) у бягучых цэнах склаў 87,4 млрд рублёў. У супастаўных цэнах да аналягічнага леташняга пэрыяду ён зьнізіўся на 4,2%, паведамляе Нацыянальны статыстычны камітэт (Белстат). Наколькі гэта істотна? Ці адпавядае прагнозам? Як гэтае падзеньне выглядае ў параўнаньні з Расеяй?

— 4,2% падзеньня ВУП — гэта не рэкорд, гэта яшчэ ня дно. У студзені рост ВУП Беларусі быў 2,2%. А ў траўні падзеньне эканомікі склала 8%. Гэта гіганцкае падзеньне.

Паводле прагнозу МВФ, Беларусь на найбліжэйшыя два гады будзе мець трэці найгоршы эканамічны вынік са 190 краінаў сьвету — пасьля Ўкраіны і Расеі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG