Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Баі на Данбасе, ракетныя абстрэлы іншых рэгіёнаў. 112-ы дзень вайны Расеі супраць Украіны


Наступствы баёў у Севераданецку. 8 чэрвеня 2022
Наступствы баёў у Севераданецку. 8 чэрвеня 2022

Свабода працягвае сачыць за падзеямі расейскага ўварваньня ва Ўкраіну. Вайна ідзе з 24 лютага, загінулі тысячы цывільных і вайскоўцаў, звыш 7 мільёнаў чалавек сталі ўцекачамі. Расейскія ракеты і бомбы разбурылі многія аб’екты інфраструктуры.

Галоўнае на гэты момант

  • На Навапаўлаўскім і Бахмуцкім кірунках украінскія вайскоўцы адбілі атакі расейцаў і прымусілі іх адступіць на раней занятыя пазыцыі.
  • Расейскія войскі абстралялі горад Апосталава Днепрапятроўскай вобласьці, чатыры чалавекі загінулі.
  • Украіна вярнула целы яшчэ 64 абаронцаў «Азоўсталі».
  • Расейцы абстралялі ракетамі горад Прылукі Чарнігаўскай вобласьці.
  • Расейцы атакуюць Севераданецк з розных кірункаў, але завод «Азоў» заблякаваць ня могуць.
  • Генштаб Украіны паведаміў аб прасоўваньні расейскіх войскаў да Бахмута, за некалькі кілямэтраў на паўднёвы ўсход ад гораду.
  • 4,5 мільёна ўкраінцаў вярнуліся ва Ўкраіну пасьля выезду на пачатку поўнамаштабнага расейскага ўварваньня на ўкраінскую тэрыторыю.
  • Дарадца кіраўніка Офіса прэзыдэнта Ўкраіны заявіў, што страты ўкраінскіх вайскоўцаў цяпер складаюць ад 100 да 200 чалавек штодзень.
  • Джо Байдэн заявіў аб наданьні Ўкраіне дадаткова $1 млрд амэрыканскай вайсковай дапамогі для абароны ад расейскага нападу і $225 млн гуманітарнай дапамогі.

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, пакуль немагчымая.

Тэрытарыяльны кантроль Украіны па стане на 12 чэрвеня 2022
Тэрытарыяльны кантроль Украіны па стане на 12 чэрвеня 2022

Што адбываецца 15 чэрвеня

Расейцы атакуюць Севераданецк з розных кірункаў, але завод «Азот» заблякаваць ня могуць

Кіраўнік Севераданецкай гарадзкой цывільна-вайсковай адміністрацыі Аляксандар Струк заявіў аб ускладненьні лягістыкі гораду ў сувязі з тым, што расейцы пачалі яго атакаваць з розных кірункаў.

«Аднак шляхі зносін зь Севераданецкам яшчэ застаюцца. Украінскія вайскоўцы кантралююць прамысловую зону (заводаў „Азот“ і „Склопластик“. — РС)», — сказаў Струк 15 чэрвеня ў эфіры ўсеўкраінскага тэлемаратону #UAРазом. Паводле яго, у Севераданецку застаецца яшчэ каля 10 тысяч жыхароў, а гуманітарная сытуацыя дасягнула крытычнага ўзроўню.

Ва Ўкраіне загінуў супрацоўнік прэс-службы Расгвардыі ў званьні палкоўніка

Пра гібель палкоўніка Сяргея Пастнова ноччу з 13 на 14 чэрвеня паведаміла «Настоящее время» са спасылкай на Раду вэтэранаў цэнтральнага апарату Аддзелу ўнутраных спраў Расеі.

Расейскія войскі абстралялі горад Апосталава Днепрапятроўскай вобласьці.

У выніку абстрэлу чатыры чалавекі загінулі і яшчэ адзін атрымаў раненьні, паведаміў старшыня абласной вайсковай адміністрацыі Валянцін Разьнічэнка.

Украіна вярнула целы яшчэ 64 абаронцаў «Азоўсталі»

У Запароскай вобласьці Ўкраіны прайшла апэрацыя па абмене целамі загінулых вайскоўцаў. Украіна вярнула целы 64 абаронцаў заводу «Азоўсталь». Пра гэта паведамілі ў прэс-службе Міністэрства рэінтэграцыі Ўкраіны.

У міністэрстве ўдакладнілі, што працэс вяртаньня на радзіму целаў загінулых працягваецца, ён праходзіць у адпаведнасьці з нормамі Жэнэўскай канвэнцыі.

У Севераданецку працягваюцца баявыя дзеяньні

Баявыя дзеяньні ў Севераданецку працягваюцца. Расейцы вядуць штурм гораду, перагрупоўваюць войскі, паведамляе Генштаб Украіны.

«На Паўночнаданецкім кірунку захопнікі абстрэльвалі цывільную інфраструктуру ў раёнах населеных пунктаў Севераданецк, Лісічанск, Белая Гара, Усьцінаўка, Ташкоўка і іншых. Нанесьлі авіяўдар зь верталётаў паблізу Мяцелкіна», — гаворыцца ў паведамленьні.

Расейцы ствараюць умовы для наступу на Славянск

Паводле ўкраінскага ведамства, расейскія сілы засяродзіліся на тым, каб усталяваць кантроль над Багародзічным (сяло ў Славянскім раёне Данецкай вобласьці) і стварыць умовы для наступу на Славянск.

На тэрыторыі Беларусі перамяшчаюць расейскую тэхніку да мяжы з Валынскай і Ровенскай абласьцямі Ўкраіны


На беларускай тэрыторыі з боку Валынскай вобласьці застаецца каля 700 расейскіх вайскоўцаў. Як паведамілі 13 чэрвеня ў эфіры ўсеўкраінскага тэлемаратону #UAРазом, на беларускай тэрыторыі таксама працягваюць перамяшчаць расейскую вайсковую тэхніку бліжэй да мяжы з Валынскай і Ровенскай абласьцямі.

Да такіх высноў прыйшлі мясцовыя ўлады пасьля таго, як праінспэктавалі больш за 200 кілямэтраў беларуска-ўкраінскай мяжы ў Валынскай вобласьці.
Кіраўнік Валынскай абласной дзяржаўнай адміністрацыі Юры Пагуляйка паведаміў, што сытуацыя кантралюецца, а патэнцыйна небясьпечныя ўчасткі мяжы ўмацоўваюцца.

Расейскія войскі нанесьлі ракетны ўдар па Прылуках Чарнігаўскай вобласьці

Пра напад на горад Прылукі паведамілі ў абласной дзяржадміністрацыі. Старшыня абласной адміністрацыі Вячаслаў Чавус паведаміў аб прылёце трох ракет. Інфармацыя пра разбурэньні і пацярпелых удакладняецца.

На Луганшчыне Расея мае перавагу ў артылерыі, але ўкраінскія войскі не адступаюць

У Генэральным штабе Ўзброеных сіл Украіны заявілі, што Расея працягвае штурмаваць Севераданецк і канцэнтравацца на поўдні Луганскай вобласьці.

«На Севераданецкім кірунку вораг пры падтрымцы артылерыі вёў штурмавыя дзеяньні ў Севераданецку, меў частковы посьпех, адцясьніў нашы падразьдзяленьні з цэнтру гораду, баявыя дзеяньні працягваюцца», — паведаміў сьпікер Генэральнага штабу Ўкраіны Аляксандар Штупун.

Паводле яго, расейскія войскі канцэнтруюць свае дзеяньні для наступу, каб узяць у аблогу ўкраінскія войскі, якія абараняюць Севераданецк і Лісічанск, і заблякаваць украінцам лягістычныя шляхі забесьпячэньня з гораду Бахмут.

Расейцы рыхтуюцца да пераправы церазь Северскі Данец

У выведцы Міністэрства абароны Вялікай Брытаніі лічаць, што найбольш вызначальным чыньнікам ваеннай апэрацыі на поўначы Луганскай вобласьці стане пераправа цераз раку Северскі Данец.

«Для дасягненьня посьпеху на цяперашнім апэратыўным этапе наступу на Данбасе Расеі давядзецца праводзіць амбітныя флянгавыя дзеяньні або штурмаваць і фарсаваць рэчкі», — адзначаецца ў паведамленьні брытанскай выведкі.

У брытанскай выведцы дадалі, што раней украінскія войскі зьнішчалі масты, а расейскія падразьдзяленьні спрабавалі ажыцьцявіць пераправы праз рэкі пад абстрэлам.

Ва Ўкраіне ад пачатку расейскай агрэсіі пацярпелі 892 дзіцяці, 313 зь іх загінулі

У Офісе генэральнага пракурора Ўкраіны паведамілі, што з 24 лютага, калі Расея пачала поўнамаштабную вайну, у краіне пацярпелі 892 дзіцяці, зь якіх 313 загінулі і яшчэ 579 атрымалі раненьні.

«Гэтыя лічбы не канчатковыя, бо працягваецца праца па іх удакладненьні ў месцах вядзеньня актыўных баявых дзеяньняў, а таксама на часова акупаваных тэрыторыях», — падкрэсьлілі ў Офісе генэральнага пракурора. Найбольш дзяцей пацярпелі ў Данецкай (291), Харкаўскай (169), Кіеўскай (116), Чарнігаўскай (68), Луганскай (54), Херсонскай (52), Мікалаеўскай (48), Запароскай (30) і Сумскай (17) абласьцях.

Выбухі на Цярнопальшчыне

У выніку выбухаў у Чарткоўскім раёне Цярнопальскай вобласьці ёсьць пацярпелыя, у тым ліку дзеці. Пра гэта паведаміў кіраўнік Цярнопальскай абласной вайсковай адміністрацыі Ўладзімір Труш.

«Пра сытуацыю на Чарткоўшчыне. Ахвяр, на шчасьце, няма. Усю ноч мы аказвалі дапамогу пацярпелым, у тым ліку дзецям».

Труш адзначыў, што вядуцца працы па ліквідацыі разбурэньняў і фіксацыі пашкоджанай маёмасьці мірных жыхароў. Пазьней улады паведамілі, што ў выніку чатырох удараў параненыя 20 чалавек.

Што адбываецца ў Расеі

Расавіяцыя працягнула забарону палётаў на поўдні і ў цэнтральнай частцы Расеі да 18 чэрвеня

Як паведамляе РБК, абмежаваньні закранаюць Анапу, Белгарад, Бранск, Варонеж, Геленджык, Краснадар, Курск, Ліпецк, Растоў-на-Доне, Сімферопаль і Элісту.

Пуцін падпісаў указ аб выплаце 5 мільёнаў рублёў семʼям забітых ва Ўкраіне салдат

Прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін падпісаў указ: выплаціць па пяць мільёнаў рублёў семʼям супрацоўнікаў Нацыянальнай гвардыі і памежнай службы ФСБ, якія загінулі на вайне ва Ўкраіне і падчас баёў у Сырыі. Згодна з указам, столькі ж атрымаюць сваякі загінулых ва Ўкраіне і Сырыі расейскіх «добраахвотнікаў».

Апошні раз Расея паведамляла пра свае страты ў вайне з Украінай 25 сакавіка, заявіўшы пра 1351 загінулага і 3825 параненых. Украінскі Генштаб ацэньвае страты Расеі больш як у 31 тысячу салдат.

Удзел Беларусі ў вайне

Беларусь дазволіла Расеі скарыстаць сваю тэрыторыю для нападаў на Ўкраіну з поўначы; расейцы выкарыстоўваюць беларускія аэрадромы для палётаў і беларускія пляцоўкі для ракетных абстрэлаў гарадоў Украіны. Разам з тым на баку Ўкраіны ў розных злучэньнях ваююць беларусы. Створаны батальён імя Кастуся Каліноўскага, які цяпер рэарганізаваны ў полк.

Генштаб Украіны: у Беларусі пачалі адпрацоўваць стварэньне ўдарных груповак

У Генэральным штабе Ўзброеных сіл Украіны заяўляюць, што беларускія войскі адпрацоўваюць фармаваньне ўдарных падразьдзяленьняў.

«На валынскім і палескім кірунках, згодна з плянам праверкі, да 11 чэрвеня ва Ўзброеных сілах Рэспублікі Беларусь адпрацоўваюцца пытаньні стварэньня ўдарных груповак на адным з кірункаў і праверка гатоўнасьці транспартнай інфраструктуры да перамяшчэньня падразьдзяленьняў», — сказаў сьпікер Генэральнага штабу Ўзброеных сіл Украіны Аляксандар Штупун.

Ад пачатку вайны з тэрыторыі Беларусі па Ўкраіне запусьцілі 61 ракету, — Генштаб Украіны

«З тэрыторыі Беларусі было 1211 вылетаў авіяцыі — больш за 20% ад агульнай колькасьці — і 61 пуск крылатых ракет тыпу „Іскандэр“ з мэтай паражэньня аб’ектаў крытычнай інфраструктуры Ўкраіны», — паведаміў прадстаўнік Генштабу Аляксей Громаў.

Як рэагуе сьвет

Чэхія прыме па праграме МЗС 500 расейцаў і беларусаў, якіх перасьледуюць улады

МЗС Чэхіі апублікавала падрабязнасьці праграмы паскоранай іміграцыі для расейскіх і беларускіх грамадзян. Прыём заяваў па праграме пачаўся 20 траўня і працягнецца цэлы год, але квота — усяго 500 чалавек.

Чэхія прыпыніла выдачу візаў расейцам і беларусам 24 лютага, адразу пасьля ўварваньня Расеі на тэрыторыю Ўкраіны.

Сусьветны банк зацьвердзіў выдзяленьне Ўкраіне 1,49 мільярда даляраў

Сусьветны банк ухваліў 1,49 млрд даляраў фінансавай дапамогі Ўкраіне, так што агульны заплянаваны пакет падтрымкі ўкраінскай эканоміцы перавысіў 4 млрд даляраў, паведамляе Reuters.

Грошы патрацяць на заробкі дзяржаўным і сацыяльным работнікам. Гэтыя сродкі ўключаюць у сябе крэдытныя гарантыі Вялікай Брытаніі, Нідэрляндаў, Літвы, Латвіі і шэрагу іншых краін. Праект таксама падтрымліваецца паралельным фінансаваньнем з Італіі і ўнёскамі з новага шматдонарскага траставага фонду.

ЗША надасьць Украіне вайсковую і гуманітарную дапамогу больш як на мільярд даляраў

Прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн заявіў 15 чэрвеня аб наданьні Ўкраіне дадаткова $1 млрд амэрыканскай вайсковай дапамогі для абароны ад расейскага нападу.

«Я паведаміў прэзыдэнту Зяленскаму, што Злучаныя Штаты выдзяляюць Украіне яшчэ 1 мільярд даляраў дапамогі, уключаючы дадатковыя артылерыйскія сыстэмы і ўзбраеньне берагавой абароны, а таксама боепрыпасы для артылерыі і перадавых ракетных сыстэмаў, якія неабходныя ўкраінцам для падтрымкі абарончых дзеяньняў на Данбасе», — цытуе Байдэна прэс-служба Белага дома. — «Сёньня я таксама абвяшчаю пра дадатковую гуманітарную дапамогу ў памеры 225 мільёнаў даляраў, каб дапамагчы людзям ва Ўкраіне, у тым ліку шляхам пастаўкі бясьпечнай пітной вады, важных мэдычных сродкаў і мэдычнай дапамогі, ежы, сродкаў для прытулку і грашовых сродкаў для набыцьця неабходных рэчаў для семʼяў».

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG