Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што, калі Масква прымусіць Лукашэнку перайсьці ўкраінскую мяжу?


Антываенны надпіс у Менску, 18 траўня 2022
Антываенны надпіс у Менску, 18 траўня 2022

За апошні тыдзень рэзка павялічылася колькасьць паведамленьняў пра падрыхтоўку (ці імітацыю падрыхтоўкі) лукашэнкаўскай арміі да нападу на Ўкраіну: ад стварэньня камандных структураў і закрыцьця памежнай зоны да ўзмоцненай баявой і ідэалягічнай падрыхтоўкі вайскоўцаў.

Вельмі магчыма, што гэтыя дзеяньні скіраваныя на тое, каб прадэманстраваць Расеі саюзьніцкую вернасьць Лукашэнкі, у якую ў Крамлі мала хто верыць. Аднак зараз можа быць акурат той момант, калі расейцам найбольш патрэбна ўцягнуць Лукашэнку ў рэальную актыўную вайну. Ці магчыма гэта?

Агрэсар дэманструе адносныя посьпехі на фронце, імкнучыся, магчыма, да сымбалічнага сотага дня вайны дасягнуць сымбалічных лякальных перамогаў. Таксама і настроі на Захадзе што да падтрымкі Ўкраіны і гатовасьці да фінансавых ахвяраў дзеля гэтага пачынаюць хістацца, у тым ліку сіламі крамлёўскіх лабістаў і «карысных ідыётаў».

Разбурэньні ў Харкаве, 26 траўня 2022
Разбурэньні ў Харкаве, 26 траўня 2022

Перамога Ўкраіны цяпер выглядае не такой вырашанай справай, як многія гаварылі тыдзень ці два таму. Але далей сытуацыя можа быць менш спрыяльнай для расейцаў.

Прыкаваць сябе да расейскага кулямёта

Ідзе відавочная падрыхтоўка да расейскай анэксіі Данецкай, Луганскай, Херсонскай і, верагодна, часткі Запароскай абласьцей Украіны. Уключэньне іх у склад Расеі было б патрэбна ня толькі для распрапагандаванай унутрырасейскай аўдыторыі. Анэксія Крыму і прапісаньне яго ў Канстытуцыі Расеі зрабілі больш складаным пачатак перамоваў аб ягоным вяртаньні пад законны ўкраінскі кантроль: як жа, цяпер трэба зноў зьмяняць канстытуцыю, ануляваць грамадзянства соцень тысяч людзей, трансфармаваць жыцьцё цэлага рэгіёна і тлумачыць гэта ста сарака мільёнам незадаволеных расейцаў.

Крэмль ператварыў Расею ў прыкутага да свайго кулямёта чырвонаармейца. Тое ж самае яны могуць паспрабаваць зрабіць у выпадку з Данецкам, Луганскам і Херсонам.

Трэба разумець, што выйсьці з вайны для Лукашэнкі будзе складаней, чым далучыцца да яе. Далучыўшыся да вайны, ён і самога сябе прыкуе да расейскага кулямёта.

Беларуская армія пяройдзе пад адкрытае камандаваньне пуцінскага Генштаба, які будзе ахвяраваць гэтым войскам як гарматным мясам, ашчаджаючы сваіх.

Аляксандар Лукашэнка падчас візыту ў памежную заставу «Дзівін», 2018 год
Аляксандар Лукашэнка падчас візыту ў памежную заставу «Дзівін», 2018 год

Выхад з вайны запатрабуе адкрытага паўстаньня супраць Расеі і Пуціна — а гэта значыць, супраць разгалінаванай грыбніцы расейскай агентуры і проста індактрынаваных расейскіх нацыяналістаў унутры беларускага рэжыму — у дадатак да падкантрольнай расейцам арміі Рэспублікі Беларусь. Наўрад ці Лукашэнку хопіць на гэта сілаў, нават калі зьявіцца такое жаданьне.

Ваяваць Беларусь будзе вымушаная да канца — любога канца, якім бы ён ні быў.

«Абы не было вайны»

Адзіная надзея — што цяперашні найбольш спрыяльны для ўцягваньня Беларусі ў наземную вайну момант можа неўзабаве скончыцца.

Першае (і галоўнае): Украіна ў найбліжэйшыя тыдні мае атрымаць заходнюю цяжкую наступальную зброю і навучыцца ёй карыстацца. Расейскія нязначныя посьпехі на фронце могуць на гэтым спакваля скончыцца. А матывацыя беларускіх «рускамірцаў» далучыцца да расейскага войска, каб прайсьці маршам па акупаваным Кіеве, можа рэзка зьменшыцца: цынізм у гэтых людзей заўсёды браў верх над ідэйнасьцю.

Па-другое, працягваюць назапашвацца ўнутрырасейскія рызыкі, якія могуць прывесьці да выбуху ў самы неспрыяльны момант, асабліва на тле ваенных няўдачаў. Гэта і санкцыі, якія могуць падарваць і ўзровень жыцьця, і вайсковыя рэсурсы Расеі. Гэта і настроі расейскага насельніцтва, нягледзячы на прапаганду. За прамінулы тыдзень колькасьць расейскіх стратаў перасягнула псыхалягічны бар’ер у 30 тысяч.Гэта лічба паводле ўкраінскіх дадзеных — але больш стрыманыя заходнія ацэнкі звычайна «даганяюць» украінскія цягам некалькіх дзён.

Сама Расея яшчэ не адчувае эфэкту ад сваіх трыццацітысячных стратаў — большых, чым страты ўсяго СССР за ўсю дзевяцігадовую вайну ў Афганістане. Магчыма, таму, што многія трупы расейцаў яшчэ не даехалі да родных сібірскіх і дагестанскіх райцэнтраў, але ляжаць ва ўкраінскіх рэфрыжэратарах. Бо расейскі бок адмаўляецца іх забіраць. Менавіта каб яны як мага даўжэй не даяжджалі да дому, а бацькі даўжэй лічылі, што сувязі з сынам так даўно няма, бо ён займаецца гераічным вызваленьнем Украіны ад крывавых бандэраўцаў, пра якіх штодня апавядае Салаўёў у тэлевізары.

Расея здымае ўзроставыя абмежаваньні для службы ў войску па кантракце і раскансэрвоўвае танкі 60-х гадоў. Гэта сьведчыць пра недахоп і жывой сілы, і тэхнікі.

І крыніцаю пары дзясяткаў тысяч адзінак жывой сілы якраз і мае зрабіцца Беларусь. Калі Лукашэнка далучыцца да наземнага ўварваньня, пачнецца адлік і беларускіх ваенных ахвяраў. І тады заежджаны за многія дзесяцігодзьдзі выраз «Абы не было вайны» набудзе зусім новыя зьмест і сэнс.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

  • 16x9 Image

    Алесь Чайчыц

    Нарадзіўся ў 1984 годзе ў Маскве. З пачатку 2000-х — актывіст беларускай дыяспары ў Расеі, пазьней — у Вялікай Брытаніі. З 2013 году сябра Рады Беларускай Народнай Рэспублікі. У 2017–2021 гг. сябра Вялікай Рады Згуртаваньня беларусаў сьвету «Бацькаўшчына». Друкаваўся ў «Нашай Ніве», «Беларускім партызане» і інш. Пражывае ў Нямеччыне. Узнагароджаны мэдалём да стагодзьдзя БНР.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG