Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Спынісься — затопчуць». Чаму Лукашэнка, разграміўшы ворагаў, не спыняе палітычных рэпрэсій


Здавалася б — вось яна, перамога! Ворагі разгромлены. Тыя, хто не пасьпеў уцячы за мяжу — у турмах, калёніях, на «хіміі», у сьледчых ізалятарах. Лукашэнкава Бастылія набіта пад завязку.

За турэмнымі мурамі — нячутныя сьвету стогны тысяч ахвяраў, адзіная віна якіх у тым, што яны ня любяць Лукашэнку. Тыя, хто застаецца на волі, запалоханыя і дэзарыентаваныя; ні пра якія вулічныя пратэсты нават размовы няма. Чаму ж не спыняецца машына рэпрэсій?

Такога раней пры Лукашэнку не было — ні ў 2001-м, ні ў 2006-м, ні ў 2011-м гадах. Тады кожны раз неўзабаве пасьля таго, як хваля пасьлявыбарнай вулічнай актыўнасьці спадала, рэжым паступова прыходзіў у прытомнасьць, супакойваўся і ад рэпрэсій пераходзіў да свайго звыклага поствыбарнага занятку — гандлю палітвязьнямі. Праз пяць гадоў звыклы сцэнар паўтараўся. Але цяпер усё іначай.

Выяўляць нявыяўленых і дабіваць недабітых

З моманту задушанай беларускай рэвалюцыі мінула больш як паўтара года, а Лукашэнка зноў і зноў патрабуе ад падначаленых шукаць ворагаў, выяўляць нявыяўленых і дабіваць недабітых.

«Вы што, забылі, што ў 2020 годзе было? Або тут тры чвэрці людзей сядзяць, якія рады таму, што адбылося ў 2020 годзе, і хочуць паўтарэньня пройдзенага? Запомніце, гэта не атрымаецца», — застрашваў, натхняў і падганяў ён сваіх «сілавікоў» на нарадзе 19 красавіка.

Падганяць давялося, бо ён адчувае, што ў апараце палітычных рэпрэсій, як і ў грамадзтве, таксама ня могуць зразумець: чаму нельга спыніцца, збавіць абароты, вярнуцца да ранейшага разьмеранага парадку і проста атрымліваць асалоду і спакой ад разгромленых і выгнаных ворагаў? Чаму няма задавальненьня ад пастаўленай на калені, падпарадкаванай і прыгнечанай краіны?

Перасьлед «палітычных» цяпер — ледзь не галоўны крытэр пры ацэнцы службы ўсіх, хто носіць мундзіры. Бяз выяўленых «экстрэмістаў», «тэрарыстаў» і «бэчэбэшнікаў» у сёньняшняй сыстэме — ні новай высокай пасады, ні дадатковых зорак на пагонах. Добра ў буйных гарадах: ёсьць нейкія базы зьвестак з пратэстаў 2020 году, можна знайсьці якое-небудзь старое відэа і «прыпаяць» няшчаснаму студэнту за выхад на праезную частку 2 гады турмы і 80 тысяч рублёў штрафу. А як быць «сілавікам» дзе-небудзь у Шаркаўшчыне, Іўі, Чэрвені ці Ляхавічах?

Аляксандар Лукашэнка, Менск, 5 траўня 2022 г.
Аляксандар Лукашэнка, Менск, 5 траўня 2022 г.

Як знаходзіць ворагаў, калі там і ў 2020-м не назіралася актыўнасьці, а цяпер і ўвогуле запалоханае насельніцтва баіцца лішняе слова сказаць? Трэба быць вялікім фантазёрам, каб разгледзець там нейкі пратэставы патэнцыял, уявіць, што нехта ўсур’ёз адважыцца нешта напісаць насуперак уладзе ў публічным чаце. А зоркі на пагоны хочуць і там, у глухой правінцыі. І вось нейкім неймаверным чынам зноў і зноў зьяўляюцца на відэа ў Telegram перапалоханыя юныя твары на тле славутых дзьвярэй ГУБАЗІКа. Прызнаюцца ў «дэструктыўнай дзейнасьці» (у тым, што пісалі камэнтары ці перапосты або захоўвалі сьцяжок і налепку). І хто ведае, якім чынам здабытыя гэтыя прызнаньні і гэтыя камэнтары? І хто цяпер, у сёньняшніх умовах татальнага сачэньня і недаверу, стварае падкрэсьлена антылукашэнкаўскія чаты, размовы ў якіх імгненна становяцца падставай для крымінальнага перасьледу такіх наіўных і такіх прастадушна-шчырых і безабаронных людзей?

Сталін узору 1946 году

Лукашэнку празь некалькі месяцаў — 68 гадоў. Сталіну дакладна столькі ж было ў 1946-м. Згадайма той час. Здавалася б, ці ж не пара для спакойнай і бестурботнай старасьці дыктатара? Толькі што скончылася такая цяжкая і такая доўгая вайна. Народ толькі-толькі ўздыхнуў з палёгкай. Столькі надзеі было ў грамадзтве. Усе ворагі пераможаныя. Аўтарытэт правадыра-пераможцы бясспрэчны і непарушны.

І менавіта ў гэты час у СССР разгортваецца новая хваля рэпрэсій.

Менавіта ў 1946-м распачалася «справа генэралаў і Жукава»: Сталіна яўна трывожыла вялізная папулярнасьць маршала, якога ў народзе і арміі лічылі ледзь не галоўным сымбалем перамогі. На непасрэдны загад Сталіна міністар дзяржбясьпекі Абакумаў распачаў «справу Жукава»: славуты палкаводзец павінен быў паўстаць у вачах грамадзтва арганізатарам антыдзяржаўнай змовы, крыхаборам і марадэрам. Неўзабаве маршал перамогі апынуўся ў ссылцы на Ўрале. Многія іншыя вядомыя военачальнікі, героі вайны, былі расстраляныя альбо трапілі ў ГУЛАГ (маршалы Кулік, Новікаў і Якаўлеў, генэралы Горадаў, Рыбальчанка, Крукаў і многія іншыя.)

Сталін, 1946 год
Сталін, 1946 год

Далей — «Ленінградзкая справа», ахвярамі якой праз абвінавачаньне ў палітычнай неляяльнасьці і змове сталі тысячы чыноўнікаў і партнамэнклятурнікаў (пераважна ў ленінградзкай партарганізацыі, якую Сталін недалюбліваў).

Потым — «Справа габрэйскага антыфашысцкага камітэту»: сотні арыштаваных, расстраляных, закатаваных. У ліку самых вядомых ахвяраў — забіты сталінскімі спэцслужбамі ў Менску 12 студзеня 1948 году кіраўнік камітэту, славуты тэатральны рэжысэр Саламон Міхоэлс. Падчас выправы ў Менск яго падманам выманілі з гатэля, павезьлі на дачу галоўнага кагэбіста БССР Лаўрэнція Цанавы і забілі. Пасьля гэтага інсцэнавалі аўтамабільную катастрофу. Цанаву за гэтую «спэцапэрацыю» ўзнагародзілі ордэнам Чырвонага Сьцяга — як за баявы подзьвіг.

Незадоўга да сьмерці на загад Сталіна была сфальшаваная «справа лекараў-атручальнікаў». Дзясяткі вядомых савецкіх дзеячаў мэдыцыны былі абвінавачаны ў змове і забойстве шэрагу савецкіх лідэраў — Жданава ды іншых. Пасьля арышту групы маскоўскіх дактароў кампанія набыла агульнасаюзны маштаб — і ўжо рыхтаваліся тысячы новых арыштаў. Але лекарам пашанцавала. Сталін 5 сакавіка 1953 году памёр — і ўсе тут жа былі вызваленыя з-пад варты, адноўленыя на працы і цалкам рэабілітаваныя.

Дыктатары, якія шмат дзесяцігодзьдзяў утрымлівалі ўладу ў сваіх краінах, на заключных этапах жыцьця паводзілі сябе па-рознаму. Напрыклад, партугальскі і гішпанскі правадыры сярэдзіны мінулага стагодзьдзя Антонію Салазар і Франсіска Франка, аслабленыя ўзростам, хваробамі і старэчай немаччу, у апошнія гады жыцьця сталі значна меней крыважэрнымі і больш паблажлівымі да сваіх палітычных апанэнтаў. Бліжэй да старасьці імпэт да рэпрэсій у іх яўна спаў. Каўдыльлё, які ў апошнія гады пакутаваў ад цяжкіх хваробаў (хвароба Паркінсона, некалькі інфарктаў, ампутацыя страўніка) незадоўга да сьмерці ўвогуле загадаў зьнішчыць усе архівы са зьвесткамі пра палітрэпрэсаваных пры ягоным рэжыме. Аднак знайшліся тыя, хто загаду ня выканаў: усе злачынствы дыктатара засталіся задакумэнтаваныя і таму добра вядомыя нашчадкам.

Сталін не зьніжаў градусу палітычных рэпрэсій да свайго апошняга ўздыху. Ніякіх відавочных і яўных прычынаў для гэтага не было. Былі асабістыя хваравітыя фобіі правадыра, які не прывык кіраваць без крыві і гвалту. А што, калі гэты народ, які ўжо патрымаў у руках зброю і адчуў смак перамогі, страціць страх перад ягонай дэспатыяй?

Часткова, відавочна, гэта было выклікана і ўзростам дыктатара, які ўсё больш старэў. І з гадамі ягоныя падазронасьць, наравістасьць, недаверлівасьць толькі ўзрасталі. І ўжо не мінулі да самых апошніх дзён.

Лукашэнка — дыктатар сталінскага тыпу. Ім кіруюць ягоныя асабістыя страх, недавер, глыбокая траўма ад перажытага ў 2020-м. А што, калі гэты народ, які ўжо адчуў смак свабоды, раптам адважыцца зноў выйсьці на вуліцу і зрынуць дэспатыю?

Таму ў Лукашэнкі, хутчэй за ўсё, будзе, як у Сталіна: рэпрэсіі да самай апошняй хвіліны — пакуль сьсінелыя рукі здольныя ўтрымліваць штурвал улады.

Зьвярнуў бы тут увагу на ягонае нядаўна публічна агучанае крэда — жыцьцёвы дэвіз, пра які ён расказваў піянэрам у сваім палацы на сустрэчы 20 траўня:

«Запомніце, дзеці, ні ў якім выпадку нельга спыняцца. Жыцьцё вельмі хуткае, бурлівае, кіпучае. Я і дарослым кажу. Спыніўся — там ззаду вас такі натоўп... Затопчуць. Ці проста вы адстанеце.... Ніколі не спыняйцеся!».

І ён не спыняецца. Палітычныя арышты і суды працягваюцца. На чарзе — расстрэлы тых, каго абвінавацяць у «замаху на тэрарызм» — а гэта значыць, у замаху на ягоную асабістую ўладу. Сьпіс тых, хто можа стаць першымі ахвярамі, ужо гатовы. Калі расстраляць — яны ўжо гарантавана яго «не затопчуць».

Сталіну, што праўда, нават гэта ня надта дапамагло.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG