Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Стаўка на сілавікоў і ніякай ідэалёгіі. Таталітарызм вяртаецца ў Беларусь у новым выглядзе


Самаробны плякат на праспэкце Пераможцаў падчас пратэставага маршу 30 жніўня 2020 года
Самаробны плякат на праспэкце Пераможцаў падчас пратэставага маршу 30 жніўня 2020 года

Падзеі апошняга часу ў Беларусі можна ацаніць як працэс пераходу ад аўтарытарнага рэжыму да таталітарнага.

Сьцісла:

  • Кантроль над духоўным жыцьцём грамадзян і грамадзтва ў цэлым — гэта відавочная прыкмета таталітарызму.
  • Рэжым імкнецца гвалтам прымусіць грамадзтва прыстасавацца да патрэбаў рэжыму.
  • У аснове таталітарнай трансфармацыі беларускага грамадзтва няма ідэалёгіі, а ляжыць прагматычны інтарэс утрыманьня ўлады.
  • Грамадзянская супольнасьць у прынцыпе ня можа існаваць у таталітарнай дзяржаве.
  • Рэжым бачыць пагрозу для сябе ў беларускасьці як зьяве — у розных яе праявах.

Характэрная прыкмета апошняга часу: рэпрэсіі распаўсюджваецца на сфэры, якія тычацца духоўнага жыцьця грамадзтва.

Адбываецца пагром незалежных выдавецтваў і кнігарняў.

  • У краму «Кнігаўка» ў дзень яе адкрыцьця прыйшлі сілавікі, затрымалі яе гаспадара Андрэя Янушкевіча.
  • Паводле неафіцыйнай інфармацыі, у Беларусі маглі забараніць продаж рамана Оруэла «1984».
  • «СБ. Беларусь сегодня» назвала Раман Альгерда Бахарэвіча «Сабакі Эўропы» «экстрэмісцкім матэрыялам» (хоць афіцыйнай пастановы на гэты конт не існуе).
  • У Горадні на наступны дзень пасьля адкрыцьця закрылі мастацкую выставу станковай скульптуры.

І шмат іншых падобных фактаў.

Вайна з кнігамі, культурай, змаганьне з іншадумствам (людзей садзяць за краты за падпіску на незалежныя мэдыя, аб’явіўшы іх «экстрэмісцкімі»), кантроль над духоўным жыцьцём грамадзян і грамадзтва ў цэлым — гэта відавочная прыкмета таталітарызму. Бо пры аўтарытарным рэжыме ў асноўным забаронена толькі барацьба за рэальную ўладу. Усё астатняе дазваляецца.

Пратэсты 2020 году рэзка памянялі ўсю парадыгму разьвіцьця краіны. Захаваньне сацыяльнага статус-кво стала немагчымым. Улада паўстала перад дылемай: альбо прыстасоўвацца да патрабаваньняў грамадзтва, пачынаць рэформы, альбо імкнуцца гвалтам прымусіць грамадзтва прыстасавацца да патрэбаў рэжыму.
Лукашэнка ні хвіліны не вагаўся: адназначна выбраў другі варыянт. Дзеля гэтага быў выкарыстаны голы гвалт як адзіны і ўнівэрсальны спосаб вырашэньня ўсіх праблем.

І не сказаць, што ў рэжыму ў гэтым пляне нічога не атрымліваецца. Незадаволеныя ў масавым парадку выціскаюцца за мяжу. Расьце колькасьць спажыўцоў дзяржаўных мэдыя, што патроху ўплывае на грамадзкія настроі.

У прынцыпе, тут Лукашэнка паўтарае досьвед клясычных таталітарных рэжымаў. У краінах з камуністычнымі рэжымамі, найперш у сталінскім СССР, нацысцкай Нямеччыне, улада даволі радыкальна перабудоўвала, трансфармавала грамадзтва пад свае стандарты, уяўленьні, ідэалы. У Кампучыі часоў Пол Пота зьліквідавалі нават гарады.

Але ёсьць адно важнае адрозьненьне. У аснове клясычных таталітарных рэжымаў ляжала ідэалёгія. Няхай варварская, антыгуманная, але менавіта яна задавала парамэтры трансфармацыі.

У беларускім выпадку ніякай ідэалёгіі няма. У Расеі, дзе адбываюцца аналягічныя працэсы, ёсьць квазіідэалёгія «русского мира». У Беларусі і таго няма. У аснове таталітарнай трансфармацыі беларускага грамадзтва ляжыць прагматычны інтарэс утрыманьня ўлады. То бок захаваньне ўлады ў чыстым выглядзе, без усялякіх нюансаў і прымешак.

Цалкам лягічна, што ўлады ўзялі курс на ліквідацыю грамадзянскай супольнасьці як інстытуту. Зусім не таму, што Захад увёў санкцыі, як тлумачыў Уладзімер Макей. А таму, што грамадзянская супольнасьць у прынцыпе ня можа існаваць у таталітарнай сыстэме.

Імкліва фармуецца мадэль карпаратыўнай дзяржавы як звыклы мэханізм кантролю за палітычнай ляяльнасьцю работнікаў. У рэчышчы гэтага курсу цалкам лягічнымі зьяўляюцца пэрыядычныя набегі на прыватныя структуры ў розных сфэрах (ІТ-галіна, банкаўскі сэктар, мэдыцына і інш.). Задача адціснуць бізнэс, чарговым разам атрымаць выкуп за права існаваньня не адзіная і, здаецца, не галоўная. Асноўная мэта такіх «наездаў» палягае ў тым, каб мінімізаваць сацыяльную вагу і грамадзкі статус недзяржаўных структур, бо іх палітычная ляяльнасьць да рэжыму сумнеўная.

Ставараецца ўражаньне, што Лукашэнка ня надта давярае такому важнаму элемэнту карпаратыўнай дзяржавы, як сыстэма праўрадавых «грамадзкіх» арганізацый (ФПБ, БРСМ, «Белая Русь», Саюз жанчын, Саюз вэтэранаў і інш.). Бо летам і восеньню 2020 году ў момант крызісу яны проста зьніклі з інфармацыйна-палітычнага экрана. Таму стаўка робіцца на дзяржаўныя, найперш сілавыя, структуры.

Напад на кнігарню «Кнігаўка», публічныя прэтэнзіі да яе з боку прапагандыстаў паказваюць, што рэжым бачыць пагрозу для сябе ў беларускасьці як зьяве ў розных яе праявах. Бо пратэставая супольнасьць падчас пасіянарнага выбуху 2020 году, якая прадэманстравала цуды салідарнасьці, спантаннай самаарганізацыі, самаідэнтыфікавалася як антыпод савецкай традыцыі. У беларускіх умовах паняцьці «савецкі» і «расейскі» («русский мир») у значнай ступені супадаюць. А ў таталітарнай сыстэме любая іншая самаідэнтыфікацыя, акрамя той, што навязвае дзяржава, лічыцца варожай.

Рэжым, чынячы масавыя рэпрэсіі, абсалютна не баіцца пакінуць краіну без прафэсіяналаў, адмыслоўцаў у розных сфэрах. Бо захаваньне ўлады — гэта абсалютны прыярытэт перад усімі іншымі задачамі (кшталту разьвіцьця краіны і інш). Так адбывалася ў клясычных таталітарных рэжымах. У СССР у 1920-1930 гады пэрманэнтна змагаліся з «буржуазнымі спэцыялістамі». У мааісцкім Кітаі падчас «культурнай рэвалюцыі» разгарнулі кампанію супраць інтэлігенцыі: там закрывалі ўнівэрсытэты, людзей з вышэйшай адукацыяй адпраўлялі на «перавыхаваньне» ў вёску — працаваць у полі.

Так што таталітарызм у ХХІ стагодзьдзі вяртаецца, няхай і ў новым выглядзе.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG