Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пазьняк: «Упершыню ў сусьветнай гісторыі поўную і абсалютную ўладу ў краіне, якая мае атамную зброю, захапіла КДБ»


Зянон Пазьняк, архіўнае фота
Зянон Пазьняк, архіўнае фота

Журналіст Мікіта Мелказёраў у вялікім інтэрвію зь Зянонам Пазьняком паразмаўляў пра арышт Лукашэнкі, чаму Ціханоўская і Латушка — «агенты КДБ»​, як перамагчы Расею, чаму Шушкевіч — неадназначны пэрсанаж для Беларусі, як Лукашэнка захапіў Вярхоўны савет і ці ёсьць у яго прэзыдэнцкія амбіцыі.

Публікуем некалькі цытатаў з гутаркі:

Пра Лукашэнку: «Гэта злачынец, які зрабіў вельмі шмат зла беларускага народу і нашай краіне — і за гэта ён павінен панесьці пакараньне. І гэта даказваецца ўсімі парушэньнямі закону. Што не даказана — будзе даказана, бо будзе сьледзтва».

Ці можа Лукашэнка выкруціцца ў сытуацыі з вайной: «Усё будзе залежаць ад таго, як закончыцца вайна. Ёсьць такая магчымасьць і такі шанец, што яна можа скончыцца новым Нюрнбэргскім працэсам. Гэта невялікі шанец, але ён ёсьць. Калі будзе такое — усё будзе вырашана так, як было вырашана з нацыстамі.

Калі будуць іншыя варыянты — значыць яны будуць вырашацца на другім узроўні. Неабавязкова павінна быць Гаага, можа быць зроблены спэцыяльны суд, але яны нікуды ня дзенуцца. Якое б не было паражэньне Расеі, Пуцін ня мае ніякай пэрспэктывы. (...) У любой сытуацыі, калі паўстане пытаньне аб адхіленьні Пуціна ад улады — яно прывядзе да пытаньня суду — над Лукашэнкам і Пуціным».

Пра вайну і пра тое, ці дацягне Лукашэнка да 2025 году: «Задача, якая стаіць, — альбо Ўкраіна пераможа, альбо будзе катастрофа. На захадзе многія не разумеюць гэтыя элемэнтарныя рэчы, таму што ня хочуць камфорт свой страціць: газ, нафту — „да канца году“ і гэтак далей. Трэба тэрмінова вырашаць гэтае пытаньне. Ёсьць такі шанец, і гэта трэба зрабіць. Таму залежыць ад таго, наколькі захад гэта зразумее і рэалізуе гэтыя магчымасьці.

Калі Захад не рэалізуе гэтага, значыць яны будуць мець гэтага бандыта на будучыню. Ня будзе Пуціна — будзе другі бандыт. Пытаньне трэба вырашаць зараз».

Пра эфэктыўнасьць санкцый Захаду супраць Расеі: «Лухта гэтыя санкцыі для Расеі. Расея кожны дзень мільярд даляраў атрымлівае за газ і нафту. Гэтага хапае, каб весьці вайну. Вось такая палітыка. І чым далей гэта будзе ісьці, чым горш для Ўкраіны».

Пра Латушку і Ціханоўскую: «Гэта працяг маскоўскага праекту. І нічога ў іх ня зьменіцца, нават калі адбудуцца зьмены Пуціна ці Лукашэнкі. Калі застанецца Расея, яны ўсё адно будуць арыентавацца на Расею. Каляніяльная псыхалёгія».

Расея павінна перастаць існаваць як імпэрыя: «Калі чалавецтва хоча пазбавіцца ад вайны, ад тэрарызму, ад генацыду, ад гэтай дзікасьці ўсёй — яны павінны пазбавіцца ад імпэрскай Расеі. Расея павінна перастаць існаваць як імпэрыя. Дэімпэрыялізацыя, дэзінтэграцыя, дэкадэбізацыя, таму што галоўная сіла ў іх — КДБ, і дэрусыфікацыя».

Чаму «ўсе вакол агенты КДБ»: «Упершыню ў сусьветнай гісторыі поўную абсалютную ўладу ў краіне, якая мае атамную зброю, захапілі спэцслужбы, захапіла КДБ. Захапіла тая арганізацыя, якая рабіла генацыд. Яны валодаюць поўнай і абсалютнай уладай у Расейскай імпэрыі, іх прэзыдэнт і ўсе структуры.

Што такое КДБ? Гэта арганізацыя, якая мае свае аддзелы ў кожным раёне, вобласьці, горадзе, установе, там ёсьць свой спэцыяліст. І яны фінансуюцца зь бюджэту і займаюцца палітыкай. Гэта супэрпартыя, якая фінансуецца зь бюджэту, мае сваю сыстэму агентуры і шпіёнаў, і кантралюе ўсё грамадзтва, усе фінансавыя патокі, усю эканоміку».

Пра тое, ці зьяўляецца Пазьняк русафобам: «Русафобія — гэта псыхічная зьява. У Лукашэнкі — фобія да беларускага, яго круціць ад беларускай мовы, гэта псыхічная неадпаведнасьць у арганізьме. У мяне такога няма, я ня маю ніякіх псыхічных комплексаў. Я рацыянальна бачу, што, пакуль будзе Расейская імпэрыя, пакуль будзе мілітарызацыя, пакуль будзе гэтая палітыка — да гэтага часу будзе небясьпека ўсяму чалавецтву.

З рускімі людзьмі сытуацыя такая — яе Пуцін зрабіў рускі мір і гэтую вайну, а грамадзтва зрабіла Пуціна, яны 86% за вайну. Тут ня толькі прапаганда, гэта тып людзей, якія ніколі не жылі ў свабодзе, якія ня мелі свабодных думак, якія ня мелі ўласнасьць».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG