Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Палітыка «супакаеньня агрэсара» датычна Расеі: Італія і Нямеччына за, ЗША, Брытанія і Эстонія супраць

Міністарка замежных спраў Вялікай Брытаніі Ліз Трас
Міністарка замежных спраў Вялікай Брытаніі Ліз Трас

Шэраг сусьветных палітыкаў выказваецца за мір ва Ўкраіне. Але апошнія выступленьні паказваюць, што бачаньне дзяржаў на мірны працэс рознае.

Прэзыдэнт Нямеччыны заклікае да перамоваў і гаворыць пра голад

Прэзыдэнт Нямеччыны Франк-Вальтэр Штайнмаер заклікаў Уладзіміра Пуціна пайсьці на прамыя перамовы з Уладзімірам Зяленскім і спыніць баявыя дзеяньні ва Ўкраіне, піша Deutsche Welle.

«Праявіце павагу да сувэрэнітэту Ўкраіны, перапыніце баявыя дзеяньні. Спадар Пуцін, перапыніце пакуты і руйнаваньні ва Ўкраіне! Выведзіце свае войскі! І не адмаўляйцеся ад прамых і сур’ёзных перамоваў з прэзыдэнтам Зяленскім!»

Таксама нямецкі прэзыдэнт зьвярнуў увагу на тое, што «агрэсіўная вайна Пуціна закранае ня толькі людзей ва Ўкраіне». У прыватнасьці, праз тое, што Расея блякуе ў беларускіх партах экспарт мільёнаў тон збожжа, сусьветныя цэны на яго рэзка ўзрасьлі.

«Многім рэгіёнам сьвету ў наступнымі месяцы пагражаюць голад і сьмерць, асабліва ва Ўсходняй і Паўднёвай Афрыцы».

Дзяржаўны дэпартамэнт ЗША супраць спробы расейцаў зрабіць «пастановачны рэфэрэндум»

Дзяржаўны дэпартамэнт ЗША асудзіў дзеяньні Расеі на тэрыторыях Украіны, якія знаходзяцца пад кантролем расейскіх войскаў.

«Мы бачылі, як расейскія войскі гвалтоўна везьлі людзей з акупаванай тэрыторыі. Мы бачылі, як расейскія войскі перавозілі ўкраінцаў у так званыя фільтрацыйныя лягеры. Мы бачылі спробы расейскіх войскаў іншымі спосабамі пакарыць украінскі народ на гэтых тэрыторыях», — сказаў прадстаўнік Дзяржаўнага дэпартамэнту Нэд Прайс.

25 траўня прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін падпісаў указ аб спрошчаным парадку выдачы расейскага грамадзянства жыхарам Запароскай і Херсонскай абласьцей Украіны.

Прайс параўнаў гэтыя дзеяньні з папярэднімі спробамі Расеі «сфабрыкаваць пастановачныя рэфэрэндумы, закліканыя надаць выгляд легітымнасьці расейскаму праўленьню над часткамі тэрыторый Украіны».

МЗС Вялікай Брытаніі: на расейскую агрэсію неабходна адказваць сілай

Міністарка замежных спраў Вялікай Брытаніі Ліз Трас лічыць небясьпечнымі спробы «залагодзіць» расейскага лідэра.

«Расейскую агрэсію нельга залагодзіць. На яе неабходна адказваць сілай. Мы павінны быць непахіснымі ў забесьпячэньні перамогі Ўкраіны вайсковай дапамогай і санкцыямі. Цяпер мы ўжо ня можам прыбраць нагу з пэдалі газу», — заявіла Ліз Трас.

Трас адправілася зь візытам у Босьнію і Герцагавіну, дзе зьбіраецца запатрабаваць павелічэньня паставак зброі Ўкраіне і ўзмацненьня жорсткасьці санкцый супраць Расеі.

Гаворачы аб «супакаеньні агрэсара», Трас зрабіла відавочную адсылку да палітыкі, якую ў канцы 30-х гадоў ХХ стагодзьдзя вёў урад Брытаніі на чале з Нэвілам Чэмбэрленам у адносінах нацысцкай Нямеччыны. Яна заключалася ў саступках, кампрамісах і патураньні яе агрэсіі. Такая палітыка прывяла толькі да канчатковай дэградацыі Вэрсальскай сыстэмы, Лігі Нацый і сыстэмы калектыўнай бясьпекі, радыкальнага зьмяненьня балянсу сіл у Эўропе, паслабленьня геапалітычных пазыцый Вялікай Брытаніі і Францыі і ўзмацненьня Нямеччыны.

На думку Трас, зараз нельга дапусьціць ніякага адкочваньня ад мэты, каб гарантаваць паразу Расеі ў яе вайне супраць Украіны.

«Мы не павінны дазволіць, каб ва Ўкраіне разьвіўся зацяжны і ўсё больш пакутлівы канфлікт».

Захаду, паводле яе, трэба зрабіць высновы зь нядаўняй гісторыі, калі Пуцін, дамогшыся ад Захаду розных саступак, нападаў на Грузію і часткі Ўкраіны Крым і Данбас.

Эстонія за адмову ад «дрэннага міру»

Прэм’ер-міністарка Эстоніі Кая Калас, якая перасьцерагла калег ад дэманстрацыі Пуціну якой-небудзь слабасьці.

«Мір, заключаны на дрэнных умовах для Ўкраіны, будзе азначаць дрэнны мір для ўсіх нас. Значна небясьпечней саступаць Пуціну, чым правакаваць яго. Усе гэтыя, здавалася б, дробныя саступкі агрэсару вядуць да вялікіх войнаў», — заявіла Калас.

Раней стала вядома, што Італія распрацавала мірны плян для Расеі і Ўкраіны з шырокай аўтаноміяй Крыму і Данбасу. Дакумэнт прадугледжвае, што рэгіёны змогуць устанавіць свае моўныя і культурныя правы, свабоднае перасоўваньне тавараў, паслуг і людзей паміж краінамі і аўтаномна кіраваць сваёй бясьпекай. Ва Ўкраіне гэтыя прапановы ніяк не камэнтавалі.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
  • 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
  • З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
  • Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Тэмы гэтага артыкулу
XS
SM
MD
LG