Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗША зоймуцца зборам і аналізам доказаў ваенных злачынстваў Расеі ва Ўкраіне


Цывільныя ахвяры расейскіх вайскоўцаў у Бучы пад Кіевам, 2 красавіка 2022
Цывільныя ахвяры расейскіх вайскоўцаў у Бучы пад Кіевам, 2 красавіка 2022

Дзярждэпартамэнт ЗША абвясьціў пра запуск праграмы назіраньні за канфліктам, якая будзе рэалізавана ў супрацоўніцтве зь некалькімі арганізацыямі і Ельскім унівэрсытэтам.

Дзяржаўны дэпартамэнт ЗША ў аўторак абвясьціў аб запуску новай праграмы для збору і аналізу доказаў ваенных злачынстваў і іншых злачынстваў, як мяркуецца, учыненых расейскімі вайскоўцамі ва Ўкраіне. Такім чынам Злучаныя Штаты працягнуць рэалізацыю сваіх намаганьняў для прыцягненьня Масквы да адказнасьці за дзеяньні ва Ўкраіне, паведамляе «Голас Амэрыкі».


У заяве Дзяржаўнага дэпартамэнту гаворыцца, што Праграма назіраньня за канфліктам (Conflict Observatory) зоймецца дакумэнтаваньнем, праверкай і распаўсюджваньнем сьведчаньняў з адкрытых крыніц аб дзеяньнях, учыненых Расеяй ва Ўкраіне. Справаздачы і аналітыка будуць публікавацца на вэб-сайце новай праграмы.

Раней прэзыдэнт Джо Байдэн абвінаваціў Расею ў тым, што ён назваў «сур’ёзнымі ваеннымі злачынствамі», учыненымі ва Ўкраіне, і падкрэсьліў сваю рашучасьць прыцягнуць Маскву да адказнасьці за разьвязваньне найбуйнейшага ваеннага канфлікту ў Эўропе з часоў Другой сусьветнай вайны.

Кіеў абвінаваціў Маскву ў зьверствах і жорсткасьці ў адносінах да цывільнага насельніцтва падчас уварваньня і заявіў, што на тэрыторыі краіны магло быць зьдзейсьнена больш за 10 тысяч патэнцыйных ваенных злачынстваў.
Расея адмаўляе напады на мірных жыхароў і бяздоказна заяўляе, што сьведчаньні зьверстваў, учыненых расейскімі вайскоўцамі, былі інсцэнаваныя.

Дзяржаўны дэпартамэнт заявіў, што ў рамках новай праграмы, на запуск якой першапачаткова плянуецца выдаткаваць 6 млн долараў, будзе аналізавацца і зьбірацца інфармацыя, у тым ліку спадарожнікавыя здымкі і паведамленьні, якія распаўсюджваюцца ў сацыяльных сетках.

«Гэтая новая праграма назіраньня за канфліктам рэалізуецца ў рамках цэлага шэрагу намаганьняў ЗША як на нацыянальным, так і на міжнародным узроўнях, накіраваных на тое, каб Расея ў будучыні панесла адказнасьць за свае жахлівыя дзеяньні», — гаворыцца ў заяве Дзярждэпартамэнту.

Праграма будзе ажыцьцяўляцца сумесна з кампаніяй Esri, якая займаецца геаграфічнымі інфармацыйнымі сыстэмамі, Лябараторыяй гуманітарных дасьледаваньняў Ельскага ўнівэрсытэту, Сьмітсанаўскай культурнай ініцыятывай выратаваньня і кампаніяй PlanetScape Ai, паведаміў Дзяржаўны дэпартамэнт.

Афіцыйны прадстаўнік Дзяржаўнага дэпартамэнту Нэд Прайс заявіў, што Злучаныя Штаты выкарыстоўваюць розныя мэханізмы для збору і дакумэнтаваньня доказаў патэнцыйных ваенных злачынстваў і злачынстваў сумесна з адпаведнымі пракуратурамі, дзяржаўнымі ўстановамі і арганізацыямі.

Прайс дадаў, што новая праграма будзе дзяліцца сваімі высновамі з грамадзкасьцю і ўладамі ў адпаведных юрысдыкцыях, у тым ліку ва Ўкраіне і, магчыма, у Злучаных Штатах, «каб пракуратура патэнцыйна магла заводзіць крымінальныя справы на падставе матэрыялаў», апублікаваных у рамках праграмы.
У пятніцу ўкраінскі суд правёў папярэднія слуханьні ў першай справе аб ваенных злачынствах, зьвязанай з уварваньнем Расеі: узятаму ў палон расейскаму вайскоўцу выстаўлена абвінавачаньне ў забойстве 62-гадовага мірнага жыхара.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG