BBC: У Бучы пад Кіевам расейцы расстрэльвалі мірных жыхароў у падвале дзіцячага летніка

Целы забітых у Бучы, 4 красавіка 2022
Целы забітых у Бучы, 4 красавіка 2022

Расейскія салдаты мэтанакіравана расстрэльвалі мірных жыхароў у падвале дзіцячага летняга лягера «Променістий», які знаходзіцца ў горадзе Бучы Кіеўскай вобласьці.

Горад Буча стаў вядомым ва ўсім сьвеце ваеннымі злачынствамі, якія ўчынілі расейскія вайскоўцы падчас акупацыі. Пасьля адыходу расейскай арміі ў горадзе знайшлі больш як тысячу цел мірных грамадзян, 650 зь якіх былі расстраляныя.

Як паведамляе BBC у падвале дзіцячага летніка знайшлі трупы пяці мужчын у позе на каленях з апушчанымі галовамі і зьвязанымі за сьпінай рукамі. Іх забілі стрэламі ў галаву.

Карэспандэнтка ВВС Сара Рэйнсфард знайшла аднаго сьведку, якому ўдалося ўцячы зь дзіцячага летніка.

Расейцы затрымалі Віктара Сытніцкага на вуліцы ў пачатку сакавіка. Яму зьвязалі рукі і насунулі шапку на вочы, а затым пацягнулі ў падвал, які, як ён упэўнены, знаходзіўся на тэрыторыі дзіцячага лягера.

Там яму аблілі ногі вадой і прыставілі пісталет да яго галавы.

«Яны ўвесь час пыталіся: „Дзе фашысты? Дзе войскі? Дзе Зяленскі?“ Адзін зь іх згадаў Пуціна, я сказаў нешта грубае, і ён ударыў мяне», — успамінае Віктар.

Сьведка сказаў, што добра памятае сваё пачуцьцё злосьці і адначасова страху. У мінулым ён працаваў у Маскве на будоўлі з хлопцамі зь Сібіру і быў у жаху ад таго, што расейцы абыходзіліся зь ім гэтак жорстка. Тым больш калі высьветлілася, што адзін з салдатаў таксама сібірак.

Віктару Сытніцкаму ўдалося ўцячы, калі пачаўся моцны абстрэл і яго ўжо не ахоўвалі.

Праваахоўныя органы Ўкраіны цяпер расьсьледуюць ваенныя злачынствы расейцаў у Бучы. Сваё незалежнае расьсьледаваньне таксама вядуць 42 пракуроры Міжнароднага крымінальнага суду.

16 траўня генэральная пракурорка Ўкраіны Ірына Венядзіктава паведаміла, што сьледчыя расьсьледуюць 11 600 фактаў ваенных злачынстваў. «Наша задача — знайсьці ўсіх і прыцягнуць да адказнасьці», — заявіла яна.

​
XS
SM
MD
LG