Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Страты большыя, чым у вайне ў Афганістане, 6,5 млн уцекачоў. Вайна ва Ўкраіне ідзе тры месяцы

Могілкі ў Марыюпалі, які трапіў пад катроль Расеі, 22 траўня 2022
Могілкі ў Марыюпалі, які трапіў пад катроль Расеі, 22 траўня 2022

Сабралі асноўныя лічбы і факты пра тры месяцы ўварваньня Расеі на ўкраінскую тэрыторыю.

Уварваньне Расеі ва Ўкраіну пачалося каля 5-й гадзіны раніцы 24 лютага. Нягледзячы на прагнозы вайсковых аналітыкаў, у тым ліку заходніх, аб падзеньні Кіева на 4-5 дзень вайны, Украіна працягвае супраціўляцца і вярнула кантроль над часткай тэрыторый. Расказваем, што варта ведаць пра тры месяцы вайны.

Штодня гінуць ад 255 чалавек

Афіцыйныя зьвесткі пра колькасьць загінулых вайскоўцаў апэратыўна не публікуе ні расейскі, ні ўкраінскі бок. Пад стратамі праціўніка бакі часта публікуюць лічбы як загінулых, так і параненых салдатаў. Расея афіцыйна публікавала колькасьць сваіх загінулых толькі двойчы: апошні раз у канцы сакавіка, калі была агучаная лічба 1 351 чалавек. Колькасьць палеглых украінскіх жаўнераў Расея ацэньвае ў больш як 23 тысячы.

Украіна агучвала свае страты апошні раз 16 красавіка, тады была названая лічба ў прыкладна 3 000 загінулых салдат. Колькасьць расейскіх стратаў Мінабароны Ўкраіны абнаўляе больш рэгулярна. Па стане на 22 траўня яно ацэньвае іх у 29 тысяч салдат.

Іншыя лічбы стратаў падаюць трэція краіны. Паводле ацэнак Міністэрства абароны Вялікай Брытаніі, якое рэгулярна публікуе свае зводкі аб сытуацыі на ўкраінска-расейскім фронце, за тры месяцы вайны загінулі больш за 15 тысяч расейскіх вайскоўцаў. У ведамстве падкрэсьлілі, што гэта ўжо больш, чым склалі страты СССР за 10 гадоў вайны ў Аўганістане (каля 15 тысяч вайскоўцаў. — РС). Колькасьць украінскіх стратаў, як ацэньвае Пэнтагон, блізкая да афіцыйна апублікаваных Кіевам лічбаў і складае да 4 000 жаўнераў.

Страты сярод цывільнага насельніцтва таксама дакладна не вядомыя. ААН апублікавала папярэднія ацэнкі па стане на 20 траўня: афіцыйна пацьверджана гібель прыкладна 4 000 тысяч чалавек. Пры гэтым у ААН заяўляюць, што колькасьць загінулых на акупаваных Расеяй тэрыторыях падлічыць пакуль немагчыма, таму рэальная лічба можа шматкроць пераўзыходзіць ужо агучаную.

Паводле прыблізных ацэнак, за тры месяцы вайны Расеі супраць Украіны маглі загінуць сама меней каля 23 000 чалавек (4 000 цывільных, 4 000 украінскіх вайскоўцаў і 15 тысяч расейскіх). Такім чынам, можна падлічыць, што за кожны дзень вайны ва Ўкраіне гінуць каля 250 чалавек. Пры гэтым зь сярэдзіны красавіка тэмп баявых дзеяньняў значна запаволіўся, а лінія фронту практычна не мяняецца.

Уцекачом стаў кожны сёмы ўкраінец

Паводле апублікаваных ААН зьвестак на 22 траўня, праз ваенныя дзеяньні тэрыторыю Ўкраіны пакінулі 6,5 мільёна чалавек, прыкладна кожны 7 грамадзянін. Пры гэтым ад моманту пачатку вайны афіцыйна выяжджаць з Украіны могуць толькі жанчыны, дзеці і мужчыны непрызыўнога ўзросту. Па тых жа ацэнках ААН, у выніку расейскага ўварваньня ўцекачамі сталі палова ўкраінскіх дзяцей.

Большасьць уцекачоў з Украіны знаходзіцца цяпер у Польшчы — каля 3,4 мільёна чалавек. Амаль мільён чалавек знайшлі прытулак у Румыніі, яшчэ 800 тысяч — у Расеі. Афіцыйны Кіеў адзначае, што большасьць зь іх трапілі на тэрыторыю РФ прымусова: расейскія войскі забараняюць украінскім грамадзянам пераяжджаць ва Ўкраіну з акупаваных тэрыторый.

На тэрыторыі Беларусі цяпер, паводле дадзеных ААН, знаходзіцца каля 27 тысяч уцекачоў з Украіны.

Адзін асуджаны за вайсковае злачынства

Ім стаў расейскі 21-гадовы салдат Вадзім Шышымарын. Паводле дадзеных украінскай пракуратуры, Шышымарын забіў мірнага грамадзяніна на тэрыторыі Сумскай вобласьці пасьля таго, як атрымаў такі загад ад свайго камандзіра. Неўзабаве пасьля гэтага Шышымарын трапіў у палон.

Судовы працэс у ягонай справе працягваўся пяць дзён. Шышымарын цалкам прызнаў віну, папрасіў прабачэньня ва ўдавы загінулага і сказаў, што загад камандзіра выконваў фармальна і спадзяваўся, што не пацэліць ва ўкраінца.

23 траўня ўкраінскі суд прызнаў расейца вінаватым у парушэньні правілаў вядзеньня вайны, спалучаным з забойствам мірнага жыхара. 21-гадоваму вайскоўцу прысудзілі пажыцьцёвае зьняволеньне.

788 ракет, выпушчаных па Ўкраіне з тэрыторыі Беларусі

Вывад расейскіх войскаў, якія ўдзельнічалі ва ўварваньні ва Ўкраіну, з тэрыторыі Беларусі пачаўся ў першыя дні красавіка. У той жа час Мінабароны РФ паведаміла аб тым, што «шматкроць скарачае» сваю групоўку на поўначы Ўкраіны, у Кіеўскай і Чарнігаўскай абласьцях. У выніку праз тры месяцы вайны на тэрыторыі Беларусі засталіся адзінкавыя пункты знаходжаньня невялікіх груповак расейскіх войскаў. Гэта найперш тэрыторыя вайсковага аэрадрома «Зябраўка» на поўдзень ад Гомля і пляцоўка побач зь вёскай Прудок у Мазырскім раёне. Паводле інфармацыі Свабоды, у абодвух гэтых месцах расейцы пакінулі свае сыстэмы супрацьпаветранай абароны С-400.

Прыкладна зь сярэдзіны красавіка зьнікаюць паведамленьні аб запусках расейскіх ракет па Ўкраіне зь беларускай тэрыторыі. Прыкладна ў гэты ж час над беларускай тэрыторыяй спыняюцца палёты расейскай вайсковай авіяцыі. 12 траўня Мінабароны Ўкраіны правяло брыфінг, на якім паведаміла, што з пачатку вайны па Ўкраіне з тэрыторыі Беларусі было запушчана 788 ракет розных клясаў.

Паводле Аляксандра Лукашэнкі, з тэрыторыі Беларусі па Ўкраіне было выпушчана некалькі ракет «у абарончых мэтах».

Адзін абласны цэнтар акупавалі

За тры месяцы вайны Расея змагла акупаваць толькі адзін абласны цэнтар Украіны — Херсон. У горадзе новыя ўлады ўжо замянілі адміністрацыю на прарасейскую і пачалі ўводзіць расейскі рубель у якасьці другой валюты. Украінскія сьцягі над адміністрацыйнымі будынкамі таксама замянілі на расейскія.

Зь іншых буйных гарадоў акупавалі Марыюпаль. Каля 2 000 байцоў палка «Азоў» выйшлі з тэрыторыі заводу «Азоўсталь» у сярэдзіне траўня, усе яны трапілі ў палон.

Наступ расейскіх войскаў на іншых кірунках фактычна спыніўся ў сярэдзіне красавіка. Нягледзячы на прагнозы вайсковых аналітыкаў, Расея так і не змагла перайсьці да поўнамаштабнага наступленьня на тэрыторыі Данецкай і Луганскай абласьцей. Лінія фронту на ўсходзе і паўднёвым усходзе Ўкраіны стабілізавалася. А на некаторых участках, як на ўсход ад Харкава, украінскія войскі змаглі адціснуць расейцаў да ўкраінска-расейскай мяжы.

Спыненьне мірных перамоваў

Апошні на гэты момант раз прадстаўнікі Расеі і Ўкраіны сустракаліся ў Стамбуле 29 сакавіка. Пасьля гэтай сустрэчы расейскі бок афіцыйна заявіў, што «ў разы скароціць вайсковую актыўнасьць на тэрыторыі Кіеўскай і Чарнігаўскай абласьцей». Больш бакі не сустракаліся. У сярэдзіне траўня Крэмль паведаміў, што Ўкраіна адмаўляецца ад прызначэньня новага месца і даты перамоваў. Афіцыйны Кіеў гэтай заявы не камэнтаваў.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
  • 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
  • З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
  • Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Тэмы гэтага артыкулу
XS
SM
MD
LG