Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ва Ўкраіне вынесьлі першы вырак расейскаму салдату: пажыцьцёвае зьняволеньне за забойства цывільнага


Вадзім Шышымарын у судзе. Кіеў, 13 траўня 2022
Вадзім Шышымарын у судзе. Кіеў, 13 траўня 2022

Паводле сьледзтва, 28 лютага 2022 году сяржант Вадзім Шышымарын стрэліў у галаву 62-гадоваму мужчыну, які вёў ровар і размаўляў па тэлефоне. Сваю віну падсудны прызнаў цалкам.

Ва Ўкраіне пакаралі расейскага вайскоўца Вадзіма Шышымарына на пажыцьцёвы тэрмін зьняволеньня за забойства бяззбройнага жыхара, паведаміў тэлеканал «Суспільнае».

Саломенскі раённы суд Кіева вынес вырак 21-гадоваму расейскаму вайскоўцу Вадзіму Шышымарыну. Яго пакаралі ў справе аб забойстве 62-гадовага мірнага жыхара Сумшчыны Аляксандра Шаліпава. Трансьляцыя паседжаньня ішла на YouTube-канале судоў Украіны.

На папярэднім судовым пасяджэньні Вадзім Шышымарын прызнаў сваю віну ў інкрымінаваным яму злачынстве і раскаяўся.

Расейцу давалі бясплатнага адваката і перакладчыка. Яго абвінавацілі паводле двух артыкулаў: за забойства і парушэньне законаў і звычаяў вайны.

Камандзір аддзяленьня чацьвёртай танкавай Кантэміраўскай дывізіі Маскоўскай вобласьці, ураджэнец Іркуцку Вадзім Шышымарын абвінавачваецца паводле часткі 2 артыкула 438 Крымінальнага кодэксу Ўкраіны (Парушэньне законаў і звычаяў вайны, спалучанае з наўмысным забойствам).

Расейскі вайсковец 28 лютага 2022 году расстраляў з аўтамата Калашнікава бяззбройнага жыхара паселішча Чупахаўка Сумскай вобласьці, які ішоў уздоўж дарогі і вёў ровар. 62-гадовы пацярпелы загінуў за некалькі дзясяткаў мэтраў ад сваёй хаты.

Шышымарын — камандзір аддзяленьня 4-й танкавай Кантэміраўскай дывізіі з Маскоўскай вобласьці. Прадстаўнік абвінавачаньня прасіў прызнаць расейскага вайскоўца вінаватым паводле часткі 2 артыкулу 438 КК Украіны («Парушэньні законаў і звычаяў вайны») і прызначыць яму максымальнае пакараньне — пажыцьцёвае пазбаўленьне волі.

Судзьдзя зачытаў пратаколы агляду аўтаматаў і іх нумары, у тым ліку нумар аўтамата Шышымарына, і расказаў, што на месцы забойства правялі судовы экспэрымент з удзелам чатырох сьведак. Суд прыйшоў да высновы, што забойства было наўмысным.

Адмова выконваць загад невядомай асобы нічым не пагражала Шышымарыну, таксама ён мог зрабіць выгляд, што страляў і не пацэліў, а паводзіны абвінавачанага на судзе паказвае, што Шышымарын разумеў небясьпеку сваіх дзеяньняў, заявіў суд.

Суд адхіліў паказаньні абвінавачанага і адваката аб тым, што расейскі вайсковец не зьбіраўся забіваць Шаліпава.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў.
  • Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка даў інтэрвію расейскай прапагандыстцы Вользе Скабеевай, зь якога вынікала, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 1 жніўня Лукашэнка сказаў, што больш як палова тактычнай ядзернай зброі, якую заплянавана разьмясьціць на беларускай тэрыторыі, ужо «завезена і разгрупавана» па краіне. Ён ня раз заяўляў, што ўжыве ядзерную зброю ў выпадку агрэсіі супраць Беларусі.
  • У чэрвені 2023 году ўкраінскія войскі пачалі контранаступальныя апэрацыі на ўсходзе і поўдні краіны. Расейскія войскі падрыхтавалі добра ўмацаваныя лініі абароны, таму прасоўваньне контранаступу ішло са значнымі стратамі.
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы правялі некалькі масавых абстрэлаў украінскіх гарадоў, у Дніпры, Кіеве, Харкаве і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстраляў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG