Сталі вядомыя імёны 166 расейскіх камандзіраў, якія аддаюць загады падчас уварваньня расейскіх войскаў на тэрыторыю Ўкраіны, піша «Проект».
Акрамя таго, журналісты раскрылі зьвесткі пра іх даходы, маёмасьць і штрафы.
Паводле дадзеных Міністэрства абароны Расеі за 2019 год, сярэдні заробак кіраўніка ведамства Сяргея Шайгу і яго намесьнікаў складаў каля 1,2 млн рублёў (звыш 202 тысяч даляраў). Камандуючыя вайсковых акруг атрымліваюць прыкладна 900 тысяч рублёў на месяц (15 200 даляраў), афіцэры Генштабу — 300 тысяч (5 066 даляраў), камандуючыя сухапутнымі войскамі — па 270 тысяч (4 560 даляраў), камандзіры дывізій і брыгад — 160 тысяч ($2 570).
У кожнага трэцяга камандзіра журналісты выявілі запазычанасьці, у тым ліку за паслугі ЖКГ і ў алімэнтах, а таксама нявыплачаныя штрафы за парушэньні правілаў дарожнага руху.
На фоне даходаў афіцэраў вышэйшага рангу журналісты паказалі, наколькі менш зарабляюць іхныя падначаленыя, а сярод салдатаў, якіх у першую чаргу адправілі ваяваць супраць Украіны — пераважна выхадцы з найбяднейшых рэгіёнаў РФ.
Акрамя таго, у расьсьледаваньні ёсьць інфармацыя пра ўсе падразьдзяленьні расейскага войска, якія бяруць удзел у вайне. На захоп Украіны адправілі нават 15-ю Александрыйскую мотастралковую брыгаду з пасёлка Рошчынскі Самарскай вобласьці. Гэтая брыгада — адзінае міратворчае злучэньне ў краіне, якое Расея можа накіроўваць для вырашэньня міжнародных канфліктаў пад эгідай ААН.
Нягледзячы на тое, што многія расейскія часткі і злучэньні маюць баявы досьвед у Чачэніі, Грузіі і Сырыі, прафэсіяналізм аказаўся не на ўзроўні. Прычынай гэтаму тое, што ў частках былі салдаты тэрміновай службы і вайскоўцы, якія толькі што падпісалі кантракт.
«Дзедаўшчына» як прычына нізкага маральнага духу
Асобна ў тэксьце спыніліся на «нестатутных адносінах» у расейскім войску. Гэта і выпадкі вымаганьня грошай, і зьдзекі з навабранцаў, і злачынствы супраць цывільных асоб у самой Расеі. Журналісты адзначаюць, што з 2016-га па верасень 2020 году ў Расеі суды першай інстанцыі разгледзелі 1 268 спраў аб нестатутных адносінах. Яшчэ 292 крымінальныя справы — паводле артыкулаў «гвалтоўныя дзеяньні ў дачыненьні начальніка» і «абраза вайскоўца». Амаль траціну спраў спынілі: суд палічыў злачынствы лёгкімі, а абвінавачаныя пакрылі шкоду і абышліся штрафам.
Дакладная лічба злачынстваў невядомая, паколькі ў расейскім войску такія выпадкі сыстэматычна спрабуюць утойваць. Часьцей за ўсё салдаты тэрміновай службы ўцякаюць з частак у Сяргееўцы, Усурыйску і Хабараўску, аднак лідэр у «дзедаўшчыне» ў войску — Маскоўская вобласьць. Як адзначаецца, там у мірны час даволі рэгулярна гінуць салдаты пры выкананьні загадаў камандзіраў.
Сярод тых, хто вядзе наступ на Ўкраіну, ёсьць і асуджаныя раней афіцэры, як, напрыклад, палкоўнік Яўгеній Дарашэнка, якога ў 2015 годзе асудзілі за неаказаньне дапамогі падначаленаму, які ў выніку памёр. Дарашэнку спачатку далі 4 гады калёніі з пазбаўленьнем права займаць пасады ў войску, але ў апэляцыі вызвалілі ад адказнасьці ў сувязі з заканчэньнем тэрміну даўнасьці. Цяпер палкоўнік камандуе 47-й гвардзейскай дывізіяй 1-й танкавай арміі, якая наступала на Харкаў.
Сувязі афіцэраў з Украінай
Кожны восьмы афіцэр, які трапіў у «сьпіс 166» ад выданьня, мае дачыненьне да Ўкраіны. Многія зь іх там і нарадзіліся — на Сумшчыне, Валыні, Слабажаншчыне.
Ёсьць і палкоўнік Вадзім Панькоў, які нарадзіўся ў Беларусі і вучыўся ў Кіеве ў Найвышэйшай агульнавайсковай каманднай вучэльні імя Фрунзэ. У 1992 годзе Панькоў узначаліў адно з падразьдзяленьняў войска незалежнай Украіны і даў прысягу, але затым яе парушыў. Цяпер ён кіраўнік 45-й асобнай брыгады спэцназу расейскага войска.
Ня менш за 20 устаноўленых камандзіраў расейскага ўварваньня па стане на сярэдзіну траўня ўжо загінулі. Чацьвёра з загінулых скончылі сваё жыцьцё там жа, дзе і нарадзіліся, — ва Ўкраіне.
«Проект» — рэпартэры і журналісты-расьсьледнікі, якія апынуліся пад рэпрэсіямі ў Расеі. Улетку 2021 году расейскія ўлады прызналі большасьць журналістаў «Проекту» «замежнымі агентамі». Частка калектыву «Проекта» стварыла новае СМІ — «Агенство» — і вымушана пакінула Расею, а кампанію Project media зьліквідавалі. Пасьля пачатку паўнамаштабнай вайны Расеі супраць Украіны «Проект» вырашылі аднавіць для далейшых журналісцкіх расьсьледаваньняў, а «Агенство» засяродзілася на навінах.
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
- Ад пачатку паўнамаштабнага ўварваньня ва Ўкраіне загінулі як найменей 34 беларусы, якія змагаюцца за яе незалежнасьць.
- Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- Паводле звестак ААН, у выніку паўнамаштабнай вайны каля 8 мільёнаў жыхароў Украіны сталі ўцекачамі.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- За шэсьць месяцаў вайны Расея змагла акупаваць каля 20% украінскай тэрыторыі. У сакавіку 2022 году плошча акупаваных зямель даходзіла да 30%. Аднак у канцы месяца расейскія войскі адступілі з поўначы Ўкраіны, а таксама з большай часткі Харкаўскай вобласьці. На канец жніўня цалкам акупаванымі былі Крым, Луганская і Херсонская вобласьці. А таксама 50% тэрыторыі Данецкай вобласьці, каля 70% Запароскай, прыкладна 30% Харкаўскай.
- З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў.
- Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка даў інтэрвію расейскай прапагандыстцы Вользе Скабеевай, зь якога вынікала, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 1 жніўня Лукашэнка сказаў, што больш як палова тактычнай ядзернай зброі, якую заплянавана разьмясьціць на беларускай тэрыторыі, ужо «завезена і разгрупавана» па краіне. Ён ня раз заяўляў, што ўжыве ядзерную зброю ў выпадку агрэсіі супраць Беларусі.
- У чэрвені 2023 году ўкраінскія войскі пачалі контранаступальныя апэрацыі на ўсходзе і поўдні краіны. Расейскія войскі падрыхтавалі добра ўмацаваныя лініі абароны, таму прасоўваньне контранаступу ішло са значнымі стратамі.
- 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
- Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.
Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў