Лінкі ўнівэрсальнага доступу

The Guardian: Пуцін асабіста ўцягнуты ў вайну ва Ўкраіне і прымае тактычныя і апэратыўныя рашэньні «на ўзроўні палкоўніка»


Пуцін і Герасімаў, 2018. Архіўнае фота
Пуцін і Герасімаў, 2018. Архіўнае фота

Прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін настолькі асабіста ўцягнуты ў вайну ва Ўкраіне, што прымае апэратыўныя і тактычныя рашэньні «на ўзроўні палкоўніка», пішуць The Guardian і The Times са спасылкай на заходнія вайсковыя крыніцы.

Паводле іх, расейскі прэзыдэнт «дапамагае вызначаць перамяшчэньне сіл на Данбасе», дзе на мінулым тыдні расейскія войскі беспасьпяхова спрабавалі фарсаваць раку Северскі Данец, а таксама «па-ранейшаму цесна супрацоўнічае» з начальнікам Генштабу УС РФ Валерыем Герасімавым.

«Мы лічым, што Пуцін і Герасімаў удзельнічаюць у прыняцьці тактычных рашэньняў на ўзроўні, які звычайна чакаецца ад палкоўніка або брыгаднага генэрала», — прыводзяць абедзьве газэты цытату сваёй крыніцы.

The Times зьвяртае ўвагу, што, нягледзячы на паведамленьні аб нібы адхіленьні ад камандаваньня Валерыя Герасімава, ён працягвае прымаць рашэньні аб ваенных дзеяньнях.

Былы брыгадны генэрал брытанскага войска і экспэрт у наземных баявых дзеяньнях у Міжнародным інстытуце стратэгічных дасьледаваньняў Бэн Бары лічыць, што ў кіраўніка дзяржавы павінны быць справы больш важныя, чым прыняцьце ваенных рашэньняў. Паводле яго, «яны павінны вызначаць палітычную стратэгію, а ня гразнуць у паўсядзённай дзейнасьці».

Першага красавіка падчас працоўнай сустрэчы зь міністрам абароны Сяргеем Шайгу Пуцін загадаў адмяніць штурм прамысловай зоны «Азоўсталі» ў Марыюпалі. Шайгу тады даў справаздачу, што завод «Азоўсталь» заблякаваны «грунтоўна і па ўсім пэрымэтры», а расейскім войскам спатрэбіцца «каля трох-чатырох дзён для таго, каб завяршыць і гэтую працу ў «Азоўсталі».

У адказ расейскі прэзыдэнт сказаў: «Гэта той выпадак, калі мы павінны думаць, — гэта значыць, мы заўсёды павінны думаць, але ў такім выпадку тым больш, — аб захаваньні жыцьця і здароўя нашых салдат і афіцэраў. Ня трэба лезьці ў гэтыя катакомбы і поўзаць там пад зямлёй па гэтых прамысловых аб’ектах. Заблякуйце гэтую прамысловую зону так, каб муха не праляцела». Нягледзячы на гэтую заяву, расейскія войскі ў пачатку траўня пачалі штурм тэрыторыі заводу «Азоўсталь».

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG