Джо Байдэн у аўторак наведаў абаронны завод канцэрна Lockheed Martin у Троі, штат Алабама, дзе вырабляюцца такія сыстэмы ўзбраеньняў, як супрацьтанкавыя ракеты «Джавэлін» (Javelin), якія эфэктыўна выкарыстоўвае Ўкраіна для абароны ад расейскага ўварваньня, паведамляе «Голас Амэрыкі».
Прэзыдэнт ЗША выступіў перад рабочымі, расказаў аб дапамозе ў сфэры бясьпекі, якую яго адміністрацыя надае Ўкраіне, і падзякаваў работнікам прадпрыемства за непасрэдны ўдзел у аказаньні гэтай дапамогі.
Кіраўнік Белага дома падкрэсьліў тую асаблівую, паводле яго, ролю, якую адыгрываюць у барацьбе Ўкраіны з Расеяй амэрыканцы, у тым ліку мужчыны і жанчыны, якія працуюць на заводзе ў Алабаме. Завод, на якім працуе прыкладна 600 чалавек, за апошнія 20 гадоў выпусьціў больш за 50 тысяч ракет Javelin.
«Адна з галоўных прычын, па якіх яны (украінцы) ў стане працягваць барацьбу і ператвараць гэтую вайну ў стратэгічную паразу Расеі, — сказаў Джо Байдэн, — гэта тое, што іх сьпіну прыкрываюць Злучаныя Штаты разам з іхнымі саюзьнікамі і партнэрамі. Толькі ЗША пераправілі Ўкраіне 5,5 тысячы „Джавэлінаў“... Гэта зрабілі вы. Папраўдзе, гэта зрабілі вы. Гэта вы мяняеце сытуацыю для гэтых небаракаў, якія знаходзяцца пад пераважным, абсалютна пераважным агнём. Вы зьмянілі жыцьцё гэтых людзей. Шмат гадоў таму, робячы зброю і тэхніку, мы дапамаглі абараніць свабоду і сувэрэнітэт Эўропы. Тое ж самае адбываецца і цяпер».
«Цяпер мы перажываем пераломны момант гісторыі, калі ўсё мяняецца так хутка, што неабходна імкнуцца кантраляваць сытуацыю, — сказаў Байдэн. — У сьвеце ідзе бітва паміж аўтакратыяй і дэмакратыяй.
Кітайскі лідэр Сі Цзіньпін выказаў гэта без хітрыкаў, сказаўшы: „У ХХІ стагодзьдзі дэмакратыю немагчыма падтрымліваць, таму што ўсё занадта хутка мяняецца: для дэмакратый патрабуецца кансэнсус [пры прыняцьці рашэньняў], і таму яны не пасьпяваюць [за ходам падзей], у той час як пры аўтакратыі кіруе адзін чалавек“. Я не жартую, гэта яго (Сі Цзіньпіна) словы.
Але справа ідзе зусім ня так: дзякуючы вам у гэтай першай, калі хочаце, бітве [паміж дэмакратыяй і аўтакратыяй] у народу Ўкраіны ёсьць магчымасьць абараняць сябе і пазбавіць сьвет ад рызыкі таго, што амэрыканскія салдаты пачнуць змагацца з расейскімі салдатамі і пачнецца трэцяя сусьветная вайна. І, калі казаць прама, часьцяком вайскоўцы Расеі выглядаюць дурнямі на фоне ўкраінцаў».
Байдэн на мінулым тыдні накіраваў Кангрэсу запыт максымальна хутка выдзеліць фінансаваньне ў памеры 33 мільярды даляраў, каб дапамагчы Ўкраіне і далей супрацьстаяць расейскай агрэсіі. Як растлумачыла раней прэс-сакратар Белага дома Джэн Псакі, 20 з 33 мільярдаў долараў павінны пайсьці на аказаньне ваеннай дапамогі Кіеву.
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
- 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
- З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
- Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.
Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.