Дзень расейскага ўварваньня ва Ўкраіну зьмяніў усё, таму Бэрлін мяняе палітыку ў сфэры бясьпекі, цытуе Бэрбак DW.
Вайна Расеі супраць Украіны зьяўляецца пераломным гістарычным момантам, упэўнена кіраўніца МЗС Нямеччыны Анналена Бэрбак. Прыняўшы рашэньне ўварвацца ва Ўкраіну, прэзыдэнт РФ Уладзімір Пуцін «разбурыў усё, што пабудавалі некалькі пакаленьняў у Эўропе і Расеі», — заявіла яна ў інтэрвію нямецкай газэце Rheinische Post, апублікаваным у аўторак, 3 траўня. Паводле слоў Бэрбак, яе пакаленьню «пашчасьціла вырасьці ў міры».
«Пасьля 24 лютага, дня, які зьмяніў усё, мы павінны перабудаваць нашу палітыку. Вось чаму мы ў Нямеччыне перафармулюем нашу нацыянальную стратэгію ў сфэры бясьпекі», — сказала Бэрбак. Яна падкрэсьліла неабходнасьць мець магчымасьць абараняць эўрапейскі лад і сьветапогляд.
«Мы павінны зноў павялічыць інвэстыцыі ва ўласную абарону — як палітык партыі „зялёных“ я не магла сабе ўявіць, што буду актыўна выкарыстоўваць гэты тэрмін», — дадала яна.
Бэрбак таксама адзначыла, што Нямеччына не выбірала такога сцэнару, але павінна быць гатова да новай рэальнасьці, «не выкідваючы пры гэтым за борт усё астатняе», паколькі ў паняцьце бясьпекі ўваходзяць ня толькі абарона і дыпляматыя. «Гуманітарная дапамога, стабілізацыя і прадухіленьне канфліктаў будуць заставацца ў цэнтры ўвагі», — дадала яна.
«Пуцін учыніў найцяжэйшыя ваенныя злачынствы»
Адначасова міністарка замежных спраў Нямеччыны выказала ўпэўненасьць, што прэзыдэнт РФ павінен быць адданы міжнароднаму суду, бо «самым жорсткім чынам парушыў міжнароднае заканадаўства і міжнароднае гуманітарнае права».
«Нельга бамбаваць маці, бацькоў, дзяцей, старых і хворых людзей. Той, хто гэта робіць, учыняе найцяжэйшыя ваенныя злачынствы. Гэтыя злачынствы павінны быць пакараныя. У гэтым мы ў даўгу перад ахвярамі», — сказала яна.
Акрамя таго, Бэрбак адзначыла, што Бэрлін сур’ёзна ставіцца да пагроз Масквы, якая дапускае нанясеньне ядзернага ўдару, паколькі падрыхтоўка да горшых сцэнараў уваходзіць у задачы ўраду.
«Бразганьне Расеяй ядзернай зброяй у цяперашняй сытуацыі безадказнае, нават калі ўлічыць, што мы і ў мінулым ужо чулі аналягічныя заявы прэзыдэнта Пуціна». Пры гэтым немагчыма прымяніць ядзерную зброю, не прыносячы пры гэтым шкоды самому сабе, «і пра гэта вядома расейскаму прэзыдэнту», дадала Бербок.
Уладзімір Пуцін і іншыя расейскія афіцыйныя асобы неаднаразова дапускалі магчымасьць нанясеньня ядзернага ўдару ў вайне супраць Украіны. Гэты крок Масквы не выключаюць і ў ЗША. У прыватнасьці, у красавіку дырэктар ЦРУ і экс-амбасадар ЗША ў РФ Уільям Бэрнс заявіў, што яго ведамства «вельмі ўважліва» ставіцца да гэтай магчымасьці, падкрэсьліўшы, аднак, што ЗША пакуль ня бачылі ніякіх прыкмет таго, што Расея рыхтуецца зрабіць такі крок.
«З улікам роспачы прэзыдэнта Пуціна і расейскага кіраўніцтва, з улікам няўдач, зь якімі яны сутыкнуліся ў ваенных адносінах, ніхто з нас ня можа легкадумна ставіцца да пагрозы, якую ўяўляе патэнцыяльнае прымяненьне тактычнай ядзернай зброі або ядзернай зброі малой магутнасьці», — адзначыў ён.
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
- 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
- З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
- Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.
Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.