Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску пачаўся суд над Марфай Рабковай і яшчэ 9 палітвязьнямі ў справе «Рэвалюцыйнага дзеяньня». Працэс зрабілі закрытым


Фігуранты справы «Рэвалюцыйнага дзеяньня»
Фігуранты справы «Рэвалюцыйнага дзеяньня»

Усіх дзесяцёх палітзьняволеных, залежна ад ролі кожнага, абвінавачваюць паводле 10 артыкулаў Крымінальнага кодэксу.

Праваабаронцу Марфу Рабкову, валянтэра ПЦ «Вясна» Андрэя Чапюка, анархістаў Акіхіра Гаеўскага-Ханаду, Аляксандра Францкевіча, Аляксандра Казьлянка, антырасіста Андрэя Марача, а таксама Паўла Шпетнага, Аляксея Галаўко, Даніла Чулю і Мікіту Дранца, судзяць за падзеі 2016–2020 гадоў.

Працэс пачаўся 25 красавіка ў Менскім гарадзкім судзе. Справу 10 палітвязьняў разглядае судзьдзя Сяргей Хрыпач.

Паводле хадайніцтва пракурора працэс будзе праходзіць у закрытым рэжыме, бо нібыта «ў матэрыялах крымінальнай справы ёсьць матэрыялы экстрэмісцкай накіраванасьці». Падсудныя і абарона выступілі супраць закрытага працэсу, аднак судзьдзя задаволіў хадайніцтва пракурора, паведаміў Reform.by.

Паводле прэс-службы СК, перададзеныя ў пракуратуру матэрыялы справы абвінавачаных склалі 160 тамоў.

У чым вінавацяць?

З інфармацыі ведамства вынікае, што абвінавачваюць зьняволеных у арганізацыі, кіраўніцтве або ўдзеле ў «шэрагу арганізаваных злачынных групаў»: «Рэвалюцыйнае дзеяньне», «Народная самаабарона» і «Революцiйна дiя». У СК адзначылі, што гэтыя аб’яднаньні нібыта, сярод іншага, мелі «аўтаномныя ячэйкі ў рэгіёнах з сваімі нефармальнымі лідэрамі» і ўвайшлі ў склад «міжнароднай злачыннай арганізацыі» як яе структурныя падразьдзяленьні.

Ведамства лічыць, што кіраўнікамі былі трое абвінавачаных і іншыя асобы, якія «хаваюцца ад сьледзтва і актыўна робяць спробы працягнуць злачынную дзейнасьць».

СК летась назваў такімі лідэрамі 31-гадовага мужчыну, якога асудзілі ў 2011 годзе за сумесны ўдзел у акцыях зь Ігарам Аліневічам, Мікалаем Дзядком, Дзьмітрыем Дубоўскім і іншымі анархістамі, і 26-гадовую жанчыну (можна выказаць здагадку, што гэта Марфа Рабкова і Аляксандар Францкевіч, бо яны падыходзяць пад апісаньне СК. — РС).

Паводле сьледзтва, гэтыя асобы сталі арганізатарамі падпалу падатковай інспэкцыі Гомельскага раёну ў сакавіку 2017 году з выкарыстаньнем «кактэйляў Молатава».

У СК таксама паведамілі, што яшчэ дваіх затрыманых падазраюць у тым, што яны ў 2016 годзе кінулі дымавую шашку ў будынак ГУБАЗіК у Берасьці. Акрамя таго, сьледчыя лічаць, што затрыманыя спрычыніліся да псаваньня банэраў з выявай супрацоўнікаў міліцыі ў 2016–2020 гадах і падпалу білборду ў Івацэвічах.

Увесну 2017 і 2018 гадоў затрыманыя нібыта бралі ўдзел у перакрыцьці праезнай часткі і блякаваньні транспарту ў Берасьці.

Паводле вэрсіі ведамства, абвінавачаныя праз адміністраваныя імі рэсурсы публічна заклікалі да «нанясеньня шкоды нацыянальнай бясьпецы Беларусі» ў дзень прэзыдэнцкіх выбараў 9 жніўня 2020 года і наступныя дні.

За што завялі справы?

Раней ініцыятыва дапамогі палітвязьням Dissident.by пералічыла, за якія акцыі завялі крымінальныя справы на 10 асобаў.

Сярод іх:

  • Лямпачкі з фарбай, кінутыя ў шчыт зь міліцэйскай інфармацыяй у 2016 годзе (ч. 2 арт. 339 КК).
  • Лямпачкі з фарбай, кінутыя ў будынак БТ у 2016 годзе (ч. 2 арт. 339 КК).
  • Дымавая шашка, кінутая ў будынак берасьцейскага ГУБАЗіК у 2016 годзе (ч. 2 арт. 339 КК).
  • Удзел у «Маршы недармаедаў» у 2017 годзе ў Берасьці (арт. 342 КК).
  • Падпал «кактэйлямі Молатава» Гомельскай падатковай інспэкцыі ў 2017 годзе (ч. 2 арт. 295-3, ч. 3 арт. 339, ч. 3 арт. 218 КК).
  • Падпал рэклямнага шчыта ў Івацэвічах у 2017 годзе (ч. 2 арт. 295-3, ч. 3 арт. 339, ч. 3 арт. 218 КК).Перакрыцьце трасы М1 на выезьдзе зь Берасьця ў 2018 годзе (арт. 342 КК РБ).
  • Графіці супраць Эўрапейскіх гульняў у 2019 годзе (арт. 341 КК).
  • Першамайскае графіці ў Берасьці ў 2020 годзе (арт. 341 КК)
  • Арганізацыя і фінансаваньне «масавых беспарадкаў» і ўдзел у іх (ч.1, 2 і 3 арт. 293 КК).
  • Дзеяньні, накіраваныя на прычыненьне пагрозы нацыянальнай бясьпецы (ч. 3 арт. 361 КК).
  • Распальваньне сацыяльнай варожасьці (ч. 3 арт. 130 КК).
  • Стварэньне экстрэмісцкага фармаваньня і кіраўніцтва ім (ч. 1 арт. 361-1 КК).
  • Стварэньне злачыннай арганізацыі і кіраўніцтва ёю (ч. 1 арт. 285 КК)

У Марфы Рабковай пагоршылася здароўе

Нядаўна муж Марфы Вадзім Жаромскі расказаў, што з жонкай яму дазволілі сустрэцца толькі адзін раз за паўтара года.

«Больш спатканьняў не было», — сказаў Жаромскі.

Зь ягоных словаў, здароўе Марфы ў зьняволеньні далей пагаршаецца.

«У яе крышацца зубы, піша ў лістах, што стараецца есьці максымальна асьцярожна, каб цалкам не разваліліся зубы, адпаведны і настрой. У яе павялічаныя лімфавузлы, у зьняволеньні некалькі разоў хварэла на COVID-19, відавочна ідуць запаленчыя працэсы, ад таго і лімфавузлы. Выявілі вадкасьць у малым тазе, гэта таксама сьведчыць пра запаленчыя працэсы. Са шчытавіцай праблемы. Шмат праблем у яе са здароўем, але вылечыць гэта ўсё можна будзе толькі на свабодзе», — падкрэсьліў Вадзім Жаромскі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG