Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хто такія Аліневіч, Раманаў, Дубоўскі і Разановіч. Партрэты сучасных анархістаў, якім прысудзілі ад 18 да 20 гадоў турмы


Зьлева направа: Дзьмітры Дубоўскі, Ігар Аліневіч, Дзьмітры Разановіч і Сяргей Раманаў
Зьлева направа: Дзьмітры Дубоўскі, Ігар Аліневіч, Дзьмітры Разановіч і Сяргей Раманаў

Свабода расказвае пра Ігара Аліневіча, Дзьмітрыя Дубоўскага, Дзьмітрыя Разановіча і Сяргея Раманава, якіх абвінавацілі ў падпале службовых аўтамабіляў, будынку ДАІ ў Мазыры, Дзяржаўнага камітэту экспэртыз у Гомельскай вобласьці. Больш за год іх трымалі ў СІЗА КДБ да прысуду, які агучылі 22 сьнежня.

Ігар Аліневіч (38 гадоў), асуджаны на 20 гадоў турмы

Былы палітзьняволены Ігар Аліневіч скончыў Унівэрсытэт інфарматыкі і радыёэлектронікі па спэцыяльнасьці інжынэр-электроншчык. Калісьці працаваў на вайскова-прамысловым аб’яднаньні «Пеленг». Удзельнічаў у працы над расейска-беларускім спадарожнікам.

Ігар Аліневіч
Ігар Аліневіч

Са школьных гадоў цікавіўся гісторыяй, асабліва анархісцкім рухам. За свае погляды зазнаў перасьлед.

У 2010 годзе расейскія сілавікі затрымалі Ігара ў Маскве і вывезьлі ў Беларусь.

Анархіста абвінавацілі ў тым, што ён кінуў «кактэйль Молатава» на тэрыторыю амбасады Расеі ў Беларусі. Да суду Аліневіча трымалі ў ізалятары КДБ «Амэрыканцы». Там ён пачаў пісаць кнігу-дзёньнік «Еду ў Магадан», якую здолеў перадаць на волю. У 2013 годзе, неўзабаве пасьля публікацыі, кніга (на сёньня перакладзеная на 10 моваў) атрымала прэмію імя Францішка Аляхновіча за найлепшы твор, напісаны за кратамі.

27 траўня 2011 году суд Заводзкага раёну Менска пакараў Аліневіча 8 гадамі калёніі ўзмоцненага рэжыму, аднак на волю ён выйшаў у 2015-м па ўказе Лукашэнкі аб памілаваньні.

Празь некаторы час пасьля вызваленьня Ігар зьехаў зь Беларусі. Апошнія 5 гадоў, перад чарговым затрыманьнем, жыў у Польшчы. Там, паводле ягоных сяброў, ладзіў побыт – вывучаў польскую мову, падарожнічаў, знаёміўся з польскімі анархісцкімі ініцыятывамі. Таксама Ігар шмат разьвіваўся ў IT-сфэры і дапаўняў сваю кнігу «Еду ў Магадан», аднак яе ня скончыў – вырашыў, што падзеі ў Беларусі важнейшыя.

Другі раз Ігара Аліневіча, ужо разам з таварышамі Дзьмітрыем Дубоўскім, Дзьмітрыем Разановічам і Сяргеем Раманавым, затрымалі ў ноч з 28 на 29 кастрычніка 2020 году непадалёк ад беларуска-ўкраінскай мяжы. Усіх «анархапартызанаў» зьмясьцілі ў СІЗА КДБ і празь нейкі час выставілі абвінавачаньні паводле шэрагу крымінальных артыкулаў – за падпал службовых аўтамабіляў, будынку ДАІ і Дзяржаўнага камітэту экспэртыз у Гомельскай вобласьці.

22 сьнежня 2021 году Ігара Аліневіча пакаралі 20 гадамі зьняволеньня.

Як апісваюць Ігара Аліневіча ягоныя сябры:

«Ігар чалавек, які ў буру, завею і сьнежныя заносы ідзе паперадзе ўсіх і пракладае сьцежку для тых, хто за ім».

«Падчас эміграцыі ягонае анархісцкае сэрца і душа рэвалюцыянэра засталіся ў БУРы, як мы гэта завём: Беларусь, Украіна, Расея — барак узмоцненага рэжыму. Ён заўсёды сачыў за навінамі гэтых краінаў, вельмі перажываў за тое, што там адбываецца».

«Ён дайшоў да такога стану фізычнага ўзвышэньня, што фізычнае жыцьцё для яго перастала мець такую вартасьць. Для яго заўсёды важна было ня здрадзіць самому сабе, і ў турме ён яшчэ больш у гэтым перакананьні ўзмацніўся і зь ягонага жалезнага характару выгартавалася сталь».

«Ігар — „інтэгральны анархіст“. Ён практык (заўсёды практыкаваў анархізм), ён тэарэтык — ягоная кніга, артыкулы, публіцыстыка пра гэта сьведчаць. У анархісцкім руху Ігара паважаюць, ён заўсёды жыў адпаведна маральнай этыцы рэвалюцыянэра».

Сяргей Раманаў (27 гадоў), асуджаны на 20 гадоў турмы

Сяргей Раманаў ураджэнец Гомля. У 2013 годзе яго асудзілі на 2 гады пазбаўленьня волі з адтэрміноўкай на 2 гады ў справе аб захоўваньні 14 грамаў пораху, які, па словах самога Раманава, праляжаў у лесе з часоў Другой сусьветнай вайны і быў ужо небаяздольны. Порах знайшлі падчас ператрусу, праведзенага з нагоды падпалу невядомымі шчытоў зь міліцэйскай прапагандай, да якога, на думку сілавікоў, Раманаў мог мець дачыненьне. Аднак доказаў, што пацьвярджалі б гэта, не знайшлі.

Сяргей Раманаў. Архіўнае фота
Сяргей Раманаў. Архіўнае фота

Некаторы час Раманаў працаваў на заводзе самаходных камбайнаў, быў наладчыкам станкоў.

У 2014 годзе яго асудзілі паводле артыкулу 295.3 КК («Незаконныя дзеяньні адносна прадметаў з гаручымі рэчывамі») на 5 гадоў калёніі. Сам анархіст сьцьвярджаў, што пакеты зь невядомым парашком знайшоў па дарозе з рыбалкі, падумаў, што там нешта забароненае, таму ўзяў іх з сабой, каб самому занесьці ў міліцыю – думаў, што тады яго амністуюць у першай справе.

Раманаў цалкам адбыў свой тэрмін і пасьля выхаду з-за кратаў у ліпені 2019 году знаходзіўся пад прэвэнтыўным наглядам. За невыкананьне яго патрабаваньняў, за 2 тыдні перад пачаткам разгляду справы «анархапартызанаў», Сяргея пакаралі 1 годам зьняволеньня. Паводле гомельскіх праваабаронцаў, хлопец расказаў, што раней міліцыянты падманам завабілі яго ў кавярню, дзе прадаваўся алькаголь (яму было забаронена наведваць такія месцы), каб потым абвінаваціць у парушэньні правілаў нагляду.

Падчас суду Раманаў змог паведаміць маці дэталі свайго леташняга затрыманьня ў памежным пасёлку. Паводле хлопца, сілавікі яго білі і залівалі сьлезацечным газам. Каб катаваньні спыніліся, Сяргей парэзаў сабе вены складаным нажом.

22 сьнежня 2021 году анархіста пакаралі 20 гадамі зьняволеньня.

Што гавораць сябры пра Сяргея Раманава:

«Барацьба за свабоду і чалавечую годнасьць для яго — справа жыцьця. Ён вельмі шчыры, умее сябраваць, цудоўны таварыш. А яшчэ ён выдатны мастак. Любіць прыроду і хадзіць у паходы».

Дзьмітры Дубоўскі (35 гадоў), асуджаны на 18 год турмы

Дзьмітры нарадзіўся ў Салігорску. Ён адзіны з групыанархістаў-партызанаў, каго раней не арыштоўвалі.

Дзьмітры Дубоўскі. Архіўнае фота
Дзьмітры Дубоўскі. Архіўнае фота

Пасьля масавых затрыманьняў анархістаў у 2010 годзе Дзьмітры разам зь Ігарам Аліневічам выехаў зь Беларусі. У адрозьненьне ад Ігара, якога схапілі ў Маскве, Дзьмітрыю ўдалося ўцячы. 10 гадоў ён жыў у падпольлі. Падчас эміграцыі езьдзіў, у тым ліку, па Расеі і Ўкраіне, пісаў нататкі з падарожжаў, расказваюць ягоныя сябры. Паводле іх, Дзьмітры калісьці скончыў кулінарны тэхнікум, смачна гатуе, захапляецца паходамі. Любіць горы і езьдзіць на лыжах, добра плавае.

22 сьнежня 2021 году Дубоўскага пакаралі 18 гадамі зьняволеньня.

Дзьмітры Разановіч (32 гады), асуджаны на 19 гадоў турмы

Гомельскі анархіст Дзьмітры Разановіч удзельнічаў у кіеўскім Майдане. Яго затрымалі ў сакавіку 2014 году, калі ён ехаў з Украіны ў Расею і прад’явіў расейскім памежнікам пашпарт брата.

Дзьмітры Разановіч. Архіўнае фота
Дзьмітры Разановіч. Архіўнае фота

Разановіч правёў чатыры месяцы ў дэпартацыйным лягеры пад Курскам, пасьля чаго суд Белгараду аштрафаваў яго на 15 тысяч расейскіх рублёў за парушэньне правілаў перасячэньня мяжы (пасьля затрыманьня хлопца вінавацілі таксама ў падрыхтоўцы тэракту на Курскай АЭС). Празь месяц Разановіча дэпартавалі ў Беларусь. Пасьля вяртаньня з расейскай турмы Дзьмітры заявіў, што супрацоўнікі ФСБ выбівалі зь яго паказаньні.

Анархіст сьцьвярджаў, што сілавікі ў расейскім цэнтры «Э» падштурхоўвалі яго да прызнаньняў у тым, што ён зьяўляўся актывістам «Правага сэктару», які прыехаў па заданьні рабіць дывэрсіі і тэракты ў РФ. Паколькі Дзьмітры адмаўляўся даваць такія паказаньні, супрацоўнікі аддзелу барацьбы з экстрэмізмам білі яго падчас допыту.

22 сьнежня 2021 году Разановіча пакаралі 19 гадамі зьняволеньня.

Сябры пра Дзьмітрыя Разановіча:

«Захапляецца гісторыяй, заўсёды наведваў гістарычныя і этнаграфічныя музэі ў сваіх падарожжах і любіў дзяліцца сваімі думкамі пра ўбачанае. Даволі часта ад яго можна пачуць беларускую мову, а яшчэ ён валодае ўкраінскай. У яго цудоўнае пачуцьцё гумару. Любіць дзяцей, але сам не семʼянін, паколькі ягоная стыхія – цяга да прыгодаў».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG