Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Сын гэта вытрымае», — маці зьняволенага анархіста Аляксандра Францкевіча пераказала апошнія навіны ад яго


Аляксандар Францкевіч дома пасьля дэпартацыі з Украіны, архіўнае фота
Аляксандар Францкевіч дома пасьля дэпартацыі з Украіны, архіўнае фота

Палітвязьня Аляксандра Францкевіча затрымалі летась 13 жніўня, ён адзін зь фігурантаў справы «Рэвалюцыйнага дзеяньня».

Маці Францкевіча Тацяна расказала Свабодзе, што з канца лістапада яе сын знаёміцца з матэрыяламі справы. З словаў жанчыны, судзіць Аляксандра будуць хутчэй за ўсё ў студзені.

На гэты момант Аляксандра абвінавачваюць паводле шэрагу артыкулаў Крымінальнага кодэксу.

«Было адразу тры [артыкулы], сьледчаму здалося мала», — кажа Тацяна Францкевіч.

Паводле праваабарончага цэнтру «Вясна», спачатку Аляксандру Францкевічу выставілі абвінавачаньне паводле ч. 1 арт. 293 Крымінальнага кодэксу — «Арганізацыя масавых беспарадкаў». А 28 студзеня 2021 году стала вядома, што супраць яго, а таксама супраць палітвязьняў Акіхіра Гаеўскага-Ханады, Андрэя Чапюка і яшчэ некалькіх чалавек распачатая справа паводле ч. 2 арт. 285 Крымінальнага кодэксу — «Удзел у злачыннай арганізацыі ў любой форме». Потым абвінавачаньне перакваліфікавалі на ч. 1 арт. 285 — «Стварэньне або кіраўніцтва злачыннай арганізацыяй».

Паштоўка, якую Аляксандар Францкевіч даслаў маці
Паштоўка, якую Аляксандар Францкевіч даслаў маці

Як вынікае з апошняй інфармацыі, Францкевіча вінавацяць

  • паводле ўсіх трох частак артыкула 293 Крымінальнага кодэксу («Арганізацыя масавых беспарадкаў, удзел у іх, навучаньне ці іншая падрыхтоўка да ўдзелу»),

а таксама паводле:

  • ч. 1 арт. 361 — «Стварэньне экстрэмісцкага фармаваньня»;
  • ч. 3 арт. 130 — «Распальваньне расавай, рэлігійнай або іншай сацыяльнай варожасьці ў складзе групы асобаў»;
  • ч. 3 арт. 361 — «Заклікі да дзеяньняў, скіраваных на прычыненьне шкоды нацыянальнай бясьпецы Рэспублікі Беларусі, з выкарыстаньнем СМІ ці інтэрнэту»;
  • ч. 2 арт. 293 — «Удзел у масавых беспарадках»;
  • ч. 2 арт. 339 — «Хуліганства, учыненае групай асобаў»;
  • ч. 1 арт. 342 — «Арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх».

Тацяна кажа, што сын, нягледзячы на няспынны перасьлед, не здаецца:

«Саша малайчына, трымаецца бадзёра і мяне стараецца падтрымаць празь лісты. У апошні час лісты пачалі затрымліваць, ужо тры тыдні няма. А так Саша не маркоціцца, нягледзячы на тое, што мае праблемы са здароўем: у яго адна нырка. Як і раней, Саша пісаў у лістах, каб я не хвалявалася, што гэта не назаўжды і што за чорнай ноччу заўсёды прыходзіць сьвітанак».

Аляксандар Францкевіч ля вадаспада ў Ісьляндыі, фота зь сямейнага архіву
Аляксандар Францкевіч ля вадаспада ў Ісьляндыі, фота зь сямейнага архіву

«Нават вільготныя сурвэткі і гематаген не прынялі»

З словаў жанчыны, сваякі Аляксандра рэгулярна перадаюць яму лекі і вітаміны, але прымаюць зь іх у СІЗА далёка ня ўсё.

«Цяпер перадалі абязбольвальныя і вітамін D. Для сну лекаў не ўдалося перадаць (у Аляксандра праблемы са сном і з зубамі. — РС), кетанол таксама, нават вільготныя сурвэткі і гематаген не прынялі».

У Тацяны спатканьне з сынам было 2 лістапада. Яна кажа, што пісала чарговую заяву на сустрэчу, аднак атрымала ад сьледчага адмову.

«Я хоць убачыла яго, пагутарылі, пасьмяяліся. І я зараз сапраўды ўпэўнена, што сын усё гэтае бясчынства вытрымае», — апавядае жанчына.

Аляксандр Францкевіч напісаў у адным зь лістоў да маці:

«Я таксама думаю, што тыя гіганцкія тэрміны, якія зараз даюць людзям, — для запалохваньня. Усіх нас разглядаюць як выгадны тавар, і нас яшчэ пасьпеюць прадаць. Калі сытуацыя ў эканоміцы стане горшая — думаю, акурат у наступным годзе. Магчыма, зноў пачнуць „таргі“ адразу пасьля канстытуцыйнага рэфэрэндуму, калі пераканаюцца, што „вуліца“ пад кантролем».

Аляксандар Францкевіч быў актывістам анархісцкага руху. У 2011 годзе асуджаны на 3 гады зьняволеньня ў «справе анархістаў». Яго абвінавацілі ў нападзе на шэраг дзяржаўных установаў, а таксама ва ўзломе сайту Наваполацкага гарвыканкаму. Тады ён не прызнаў віну, адмовіўся пісаць прашэньне аб памілаваньні і адбыў тэрмін цалкам у івацэвіцкай калёніі «Воўчыя норы». Пасьля вызваленьня ў 2015 годзе зьехаў ва Ўкраіну, у Беларусь не вяртаўся — жыў у Кіеве і працаваў кампутарнікам.

У чэрвені 2019-га Аляксандра дэпартавалі з Украіны ў Беларусь, пры гэтым па дарозе, як сам ён расказаў, сілавікі яго «білі і душылі».

А 13 жніўня 2020 году Францкевіча арыштавалі ў Менску. На гэты момант хлопец ужо больш за год знаходзіцца ў СІЗА-1 на вуліцы Валадарскага.

У канцы жніўня паведамлялася, што Францкевіча і Гаеўскага-Ханаду катавалі ў КДБ электрашокерам і змушалі даць паказаньні супраць сябе.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG