Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чым вядомы кум Пуціна Медзьвядчук, якога арыштавалі ва Ўкраіне, і як ён зьвязаны зь Беларусьсю


Арыштаваны Віктар Медзьвядчук, 12 красавіка
Арыштаваны Віктар Медзьвядчук, 12 красавіка

12 красавіка Служба бясьпекі Ўкраіны затрымала Віктара Медзьведчука, лідэра прарасейскай палітычнай партыі «Апазыцыйная плятформа „За жыцьцё“» і кума расейскага прэзыдэнта Ўладзіміра Пуціна, які пачаў 24 лютага поўнамаштабную вайну з Украінай.

У траўні 2021 году Віктару Медзьведчуку выставілі падазрэньне ў дзяржаўнай здрадзе і замаху на рабаваньне нацыянальных рэсурсаў. З таго часу ён знаходзіўся пад хатнім арыштам, але ўцёк з-пад яго праз тры дні пасьля пачатку расейскага ўварваньня ва Ўкраіну.

Што вядома пра гэтага палітыка, якія ён меў сувязі з Расеяй і Беларусьсю і чаму ягонае затрыманьне так важна для Ўкраіны?

Працаваў адвакатам, падтрымаў абвінавачаньні супраць Стуса

У канцы 70-х — пачатку 80-х гадоў мінулага стагодзьдзя Віктар Медзьвядчук быў прызначаным адвакатам у дзьвюх вельмі гучных справах супраць рэпрэсаваных украінскіх паэтаў Юрыя Літвіна і Васіля Стуса.

Першы ў сваім апошнім слове на судзе сказаў, што Медзьвядчук не прафан як адвакат, а проста выконваў распараджэньні зьверху.

Васіль Стус некалькі разоў адмаўляўся ад паслуг адваката Медзьведчука, але той усё роўна застаўся ў ягонай справе і на судовым разглядзе падтрымаў абвінавачаньні пракурораў.

Абодва паэты атрымалі абвінаваўчыя выракі і загінулі ў турэмным зьняволеньні.

Ад дарадцы да кіраўніка Адміністрацыі прэзыдэнта

Віктар Медзьвядчук — адзін з найбольш пасьлядоўных прарасейскіх палітыкаў ва Ўкраіне.

У палітыцы пачынаў з пасады пазаштатнага дарадцы прэзыдэнта Ўкраіны Леаніда Кучмы ў 1997 годзе. Быў стваральнікам Сацыял-дэмакратычнай партыі Ўкраіны, ад якой выбіраўся ў Вярхоўную Раду. У 1998–2001 гадах быў намесьнікам і першым намесьнікам кіраўніка парлямэнту.

З дэпутатаў у 2002-м узначаліў Адміністрацыю прэзыдэнта Леаніда Кучмы.

Быў ініцыятарам канстытуцыйнай рэформы, паводле якой Украіна перайшла на парлямэнцка-прэзыдэнцкую форму праўленьня. Гэта стала вынікам Аранжавай рэвалюцыі, якая паўстала ў 2005 годзе праз маштабныя фальсыфікацыі вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў на карысьць Віктара Януковіча. Гэтыя фальсыфікацыі непасрэдна зьвязваюць зь імем Медзьведчука.

Леанід Кучма і Віктар Медзьведчук, Кіеў, 2003
Леанід Кучма і Віктар Медзьведчук, Кіеў, 2003

Пасярэднік на перамовах з Расеяй

Пасьля Аранжавай рэвалюцыі зьнік з публічнага палітычнага поля. Аднавіў сваю дзейнасьць пасьля Рэвалюцыі годнасьці ў 2014 годзе, калі стаў пасярэднікам на ўкраінска-расейскіх перамовах аб разьвязаньні сытуацыі на ўсходзе Ўкраіны, дзе Расея пры падтрыманьні прарасейскіх сэпаратыстаў пачала баявыя дзеяньні пасьля незаконнай анэксіі Крыму.

Пасьля ўцёкаў Віктара Януковіча на парэштках ягонай Партыі рэгіёнаў стварыў «Апазыцыйную плятформу „За жыцьцё“» і ад яе быў выбраны ў Вярхоўную Раду Ўкраіны.

Заўсёды быў супраць вяртаньня Ўкраіны да нацыянальных каранёў

Віктар Медзьвядчук цягам усёй сваёй палітычнай дзейнасьці выступаў за пераход Украіны да фэдэральнага ладу. Такую пазыцыю цягам апошніх гадоў прасоўвала і палітычнае кіраўніцтва Расеі.

Як дэпутат ён ніколі не падтрымліваў у парлямэнце законы, якія прадугледжвалі павелічэньне выкарыстаньня ўкраінскай мовы на тэлевізіі, радыё, у друку, кіно і кнігавыданьні.

Больш за тое, такую дзяржаўную моўную палітыку ён называў «прымусовай украінізацыяй», заклікаў яе спыніць і абараніць расейскую мову і іншыя мовы нацыянальных меншасьцяў. Але ніколі не ўдакладняў, якія яшчэ нацыянальныя мовы патрабуюць абароны ва Ўкраіне.

Сувязі з Пуціным і Лукашэнкам

Як прызнаваўся сам Медзьвядчук, у пачатку 2000-х ён пазнаёміўся з Уладзімірам Пуціным. Яны настолькі моцна пасябравалі, што ў 2004 годзе расейскі прэзыдэнт стаў хросным дачкі Віктара Медзьведчука і ягонай трэцяй жонкі Аксаны Марчанкі (а хроснай — жонка Дзьмітрыя Мядзьведзева Святлана). Хрышчэньне адбывалася ў Санкт-Пецярбургу.

Статус пасярэдніка працэсу абмену палоннымі ў рамках менскіх трохбаковых перамоў дазваляў яму неаднаразова наведваць Расею і сустракацца са сваім кумам. Але паралельна ён вырашаў і бізнэс-задачы. З 2014 году падкантрольныя яму кампаніі ажыцьцяўлялі пастаўкі нафтапрадуктаў ва Ўкраіну.

Як перамоўнік ад Украіны Медзьвядчук тройчы сустракаўся з Аляксандрам Лукашэнкам — адзін раз у Сочы і два разы ў Менску. Увесь час ён настойваў на правядзеньні перамоваў наўпрост паміж Масквой, Кіевам, Данецкам і Луганскам.

Бізнэс-сувязі ў Беларусі

У Беларусі Медзьвядчук меў бізнэс-партнэра Мікалая Вараб’я, які спачатку набыў кантрольны пакет акцый украінскага прадпрыемства «Прикарпатзахідтранс» (яно займалася транспартаваньнем дызэльнага паліва ва Ўкраіну і Эўропу), а потым атрымаў адмысловы дазвол на пастаўку ва Ўкраіну антрацытавага вугалю. Беларускага бізнэсоўца наўпрост зьвязваюць з Аляксандрам Лукашэнкам.

У лютым 2021-га Ўкраіна нацыяналізавала гэтае прадпрыемства Медзьведчука — Вараб’я і перадала яго ў кіраваньне дзяржаўнай кампаніі.

Беларуская маёмасьць Медзьведчукоў

Разам са сваёй жонкай Аксанай Марчанкай, якая менавіта празь Беларусь выехала з Украіны пасьля пачатку вайны, Віктар Медзьвядчук трымае частку сваіх грошай у беларускім «Абсалютбанку», які належыць бізнэсоўцу Мікалаю Вараб’ю.

Аксана Марчанка
Аксана Марчанка

У 2020-м у гэтай фінансавай установе Медзьвядчук і Марчанка адкрылі два рахункі траставага фонду, з чаго вынікае, што за некалькі месяцаў да ўвядзеньня ўкраінскімі ўладамі санкцый супраць яго яны перадалі свае правы на кіраваньне шматлікім бізнэсам, раскінутым па большай частцы афшорных зонаў Эўропы і Расеі. У Беларусі сужэнцы бізнэсу ня маюць.

У 2019 годзе Віктар Медзьвядчук трымаў у гэтым банку 24 325 расейскіх рублёў і 850 033 эўра, а ягоная жонка — 4 012 487 эўра. У 2020-м гэтыя ашчаджэньні істотна скараціліся — да 23 866 расейскіх рублёў і 48 446 эўра ў Віктара Медзьведчука і да 108 931 эўра ў Аксаны Марчанкі. Грошы «пераехалі» на даверчыя траставыя рахункі — 143 эўра ўкраінскага палітыка, а таксама 784 128 544 расейскія рублі і 2 100 000 эўра — ягонай жонкі. У траставы фонд, створаны ў Беларусі ў кастрычніку 2020-га, сужэнцы інвэставалі 25 168 350 грыўняў.

Віктар Медзьвядчук і Аксана Марчанка маюць вялікую бібліятэку, у якой захоўваюцца тры выданьні, як мяркуецца, беларускага паходжаньня. «Віленскае Эвангельле» 1575 году, выдадзенае беларускім друкаром і перакладчыкам Пятром Мсьціслаўцам, «Эвангельле навучальнае» 1580 году віленскага друкара Васіля Гарабурды і яшчэ адно вельмі рэдкае выданьне, зьвязанае зь Беларусьсю — «Белавеская пушча». Апошняе было надрукавана ў 1903 годзе мінімальным накладам — 300 асобнікаў. Яно лічыцца ўнікальным сярод кніг аб імпэратарскіх паляваньнях, што выдаваліся для падарункаў высокапастаўленым асобам. Яе аўтар — Георгі Карцоў, вядомы дзяяч грамадзкага паляўнічага руху Расеі, мастак, літаратар і кіноляг.

У дэклярацыі не пазначаецца, калі Медзьвядчук і Марчанка сталі ўласьнікамі гэтых выданьняў. Не пазначана таксама і цана, за якую яны іх купілі.

Быў уласьнікам «залатога» вагона пад Кіевам

Калі стала вядома аб уцёках Медзьведчука з-пад хатняга арышту, журналісты знайшлі непадалёк ад Кіева ягоны «залаты» вагон зь вялікай колькасьцю каштоўных элемэнтаў. Гэта падарунак жонкі Аксаны яму на дзень нараджэньня.

Віктар Медзьвядчук і Ўладзімір Пуцін, 2021 год
Віктар Медзьвядчук і Ўладзімір Пуцін, 2021 год

Для гэтага вагона быў пабудаваны пэрон. У вагоне — рэстаран на 40 асобаў, а таксама некалькі асобных пакояў: кухня, віп-купэ і туалет. Каля ўваходу — барная стойка, а ў бары — некалькі шклянак з пазалочаным гербам Расейскай Фэдэрацыі.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG