Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка ў Сочы сустракаўся ня толькі з Пуціным, але і ягоным украінскім кумам


Віктар Медвядчук (справа) на сустрэчы з Уладзімірам Пуціным пад Масквой, 15 лістапада 2017 году
Віктар Медвядчук (справа) на сустрэчы з Уладзімірам Пуціным пад Масквой, 15 лістапада 2017 году

Старшыня палітрады ўкраінскай партыі «Апазыцыйная плятформа — За жыцьцё» Віктар Медвядчук заявіў, што на сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам у Сочы абмяркоўваў магчымасьць залучыць кіраўніка Беларусі як пасярэдніка для ўрэгуляваньня дачыненьняў паміж Расеяй і Ўкраінай.

«Безумоўна, я мяркую, што Беларусь, як суседняя дзяржава, як славянская дзяржава, я гэта падкрэсьліваю, змагла б адыграць станоўчую ролю ў мірным урэгуляваньні на Данбасе, — заявіў Віктар Медвядчук у эфіры тэлеканалу «112-Україна», уласьнікам якога ён і зьяўляецца. — Больш за тое, трэба адзначыць, што Аляксандар Рыгоравіч Лукашэнка, зь якім я сустракаўся ў Менску і зь якім я нядаўна сустракаўся ў Сочы, яшчэ раз пацьвердзіў сваю пазыцыю наконт таго, што ён гатовы выступіць у якасьці пасярэдніка ва ўрэгуляваньні сытуацыі між Расеяй і Ўкраінай, сытуацыі, якая склалася на Данбасе».

Медвядчук аргумэнтаваў сваю пазыцыю вынікамі сацыялягічных апытаньняў, згодна зь якімі Аляксандар Лукашэнка мае найбольшы сярод кіраўнікоў замежных дзяржаў аўтарытэт ва ўкраінцаў:

«Сацыялягічныя дасьледаваньні апошніх гадоў ставяць яго на першае месца па аўтарытэце і даверы. Ён лідэр па такой падтрымцы з боку ўкраінскіх грамадзян. Больш як 50 адсоткаў лічаць яго менавіта такім. Таму, зыходзячы з такога ўзроўню даверу да гэтага чалавека, зыходзячы з таго, што Беларусь — гэта сяброўская, суседняя, брацкая дзяржава, што гэта славянская дзяржава, то ён, як і цалкам Беларусь, беларуская ўлада, мог бы адыграць станоўчую ролю ў пытаньнях мірнага ўрэгуляваньня».

Віктар Медвядчук паўтарыў выказваньне кіраўніка Беларусі пра гатоўнасьць далучыцца да працэсу ў выпадку, калі будзе афіцыйны зварот ад украінскіх уладаў:

«Калі такі зварот будзе, то, безумоўна, ён будзе актыўна ў гэтым удзельнічаць. На жаль, пакуль такога звароту з боку кіеўскай улады не прагучала, а я мяркую, што гэта трэба было зрабіць. Мяркую, што ў будучым улада ў тым ліку выкарыстае і гэты рэсурс, і гэтую магчымасьць, каб уключыць у перамоўны працэс Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнку».

Адметна, што ўжо амаль два тыдні на гэтым тэлеканале ў якасьці перадвыбарчай рэклямы «Апазыцыйнай плятформы — За жыцьцё» (ад яе ў прэзыдэнцкай кампаніі кандыдатам Юры Бойка) трансьлюецца інфармацыйны сюжэт пра тое, што ў Віктара Медведчука і Аляксандра Лукашэнкі супадаюць погляды на шляхі ўрэгуляваньня сытуацыі на Данбасе.

Віктар Медвядчук выступае за правядзеньне перамоваў наўпрост паміж Масквой, Кіевам, Данецкам і Луганскам. Лукашэнка наведваў Сочы 13–15 лютага.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG