Кіеў: пункты пропуску на мяжы зь Беларусьсю не працуюць. Менск: з Украіны ў Беларусь едуць людзі

Ілюстрацыйнае фота.
Ілюстрацыйнае фота.

У Дзяржаўнай памежнай службе Ўкраіны заявілі, што памежнікі пасьля адыходу расейскіх войскаў пачынаюць аднаўляць кантроль над дзяржаўнай мяжой у Сумскай, Кіеўскай і Чарнігаўскай абласьцях, у тым ліку на мяжы зь Беларусьсю.

«Памежнікі паступова ажыцьцяўляюць разам з Узброенымі сіламі захады для аднаўленьня кантролю над мяжой. У Кіеўскай, Чарнігаўскай і Сумскай абласьцях нашы вайскоўцы ўжо выйшлі ў тыя месцы дысьлякацыі, дзе, уласна, знаходзяцца аддзелы або памежныя аддзяленьні. Паднялі дзяржаўныя сьцягі ва ўсіх месцах дысьлякацыі», — паведаміў сьпікер Дзяржаўнай памежнай службы Ўкраіны Андрэй Дземчанка 12 красавіка на брыфінгу ў Кіеве.

Паводле яго, цяпер памежная тэрыторыя пільна аглядаецца, бо ёсьць небясьпека мінаў, а таксама дзейнасьці дывэрсыйна-выведных групаў.

«Гэтая праца працягваецца для таго, каб мы выйшлі на ўсіх участках да лініі дзяржаўнай мяжы», — дадаў ён.

Андрэй Дземчанка адзначыў, што ва ўмовах рызыкі абстрэлаў з сумежных тэрыторый памежнікі будуць ахоўваць мяжу ў створаных адмысловых месцах, каб было і ўкрыцьцё для вайскоўцаў, і магчымасьць забесьпячэньня кантролю па ўсіх асноўных кірунках.

«Пункты пропуску на мяжы зь Беларусьсю і Расеяй закрытыя па рашэньні ўраду, і там прапускныя апэрацыі не ажыцьцяўляюцца», — падкрэсьліў сьпікер Дзяржаўнай памежнай службы Ўкраіны Андрэй Дземчанка.

Беларускія памежнікі заявілі, што прымаюць грамадзян з украінскай тэрыторыі

Памежны камітэт Беларусі паведаміў, што за апошнія суткі ў Беларусь заехалі 553 грамадзяніны Ўкраіны, у тым ліку 274 — транзытам праз краіны Эўразьвязу: з Польшчы, Літвы і Латвіі.

Яшчэ 279 грамадзян Украіны, паводле беларускіх памежнікаў, уехалі непасрэдна з тэрыторыі Ўкраіны, у тым ліку і праз памежны пераход «Новая Гута». На мяжы з гэтым пунктам пропуску на ўкраінскай частцы дзейнічае пункт пропуску «Новыя Ярылавічы», які, паводле ўкраінскіх памежнікаў, не ажыцьцяўляе прапускных апэрацый і не афармляе грамадзян на выезд і ўезд.

Паводле Памежнага камітэту Беларусі, Беларускае таварыства Чырвонага Крыжа ва ўзаемадзеяньні зь Міністэрствам надзвычайных сытуацый разгарнулі мабільныя пункты абагрэву паблізу яшчэ некалькіх памежных з Украінай беларускіх вёсак — Гдзень (паблізу пункту пропуску ў чарнобыльскай зоне ў Кіеўскай вобласьці), Паддабранка (паблізу ўкраінскага пункту пропуску «Дабранка», Рэпкінскі раён Чарнігаўскай вобласьці) і памежнага пераходу «Новая Гута» (паблізу ўкраінскага пункту пропуску «Новыя Ярылавічы».

​
XS
SM
MD
LG